Патрыярх лірычнага пейзажа

Вечарыну, прысвечаную 80-годдзю нашага земляка, ураджэнца в.Ліпна, мастака Васілія Сабалеўскага, правялі ў Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя У.Ігнатоўскага.

Пасля заканчэння школы Васілій Мікалаевіч паступіў у Ленінградскае мастацка-педагагічнае вучылішча. Пераехаў у Брэст, дзе працаваў мастаком у афіцэрскім клубе, кінатэ­атры “Беларусь”, мастацка-вытворчых майстэрнях. Узначальваў абласную арганізацыю Саюза мастакоў БССР.

У карцінах творцы ўсё жыве, радуецца свабодзе і святлу. Вярба, што цвіце, лебедзі, заснежанае наваколле, пахкі язмін, высакародныя ружы ў букеце… Сюжэт можна знайсці дзе заўгодна, галоўнае – умець бачыць. А бачыць мастак умеў. З-пад яго пэндзля выходзілі цудоўныя партрэты (бацькі, маці), нацюрморты (на іх – рачулкі, пералескі роднага краю) і нават іконы. Працаваў Васілій Сабалеўскі і ў цікавай тэхніцы маркетры (інкрустацыя па дрэве).

Сёння мастака няма з намі, фарбы яго карцін пацямнеюць з часам, але глыбокі сэнс, закладзены Майстрам, застаецца…

Супрацоўнікі бібліятэкі не толькі расказалі пра творчасць нашага таленавітага мастака, але і дэманстравалі яго работы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеях Брэста і прыватных калекцыях…

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Ірыны ЛОСЬ.

Добавить комментарий