Памятная капсула для нашчадкаў

Трэцяга студзеня на ўскрайку Камянюк распачалося будаўніцтва новага пажарна-аварыйнага паста. А 19 лютага ў фундамент была закладзена P2195518памятная капсула са зваротам да нашчадкаў.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч, начальнік цэнтра прапаганды і навучання абласнога ўпраўлення МНС Мікалай Кузьміцкі, начальнік Камянецкага райаддзела МНС Уладзімір Іванюковіч, старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Войцык, начальнік Камянецкай ПМК-14 Аляксандр Суслаў, настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы в.Камянюкі, іерэй Андрэй Мароз і другія.

Узвядзенне камянюцкага паста фінансуецца са сродкаў абласнога бюджэту. На гэтыя мэты ў 2013-м выдзелена 2 млрд. рублёў. Завяршыць будаўніцтва плануецца ў бягучым годзе.

У 2014-м у новым будынку паста з’явіцца новая тэхніка. Пажарны аўтамабіль за 270 тысяч еўра будзе набыты за кошт сродкаў Еўрасаюза ў межах рэалізацыі праекта “Абаронім Белавежскую пушчу разам”. Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС з’яўляецца партнёрам заяўніка з польскага боку ў гэтым праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Яшчэ два такія ж аўтамабілі “паедуць” у падраздзяленні МНС Каменца і Пружанскага раёна. Тэрмін рэалізацыі праекта – 2013-2014 гады.

Цікава, ці будуць пабудаваны на тэрыторыі нашага раёна яшчэ новыя пажарныя пасты і будынак райаддзела? З гэтым пытаннем звярнулася да Канстанціна Шаршуновіча. “Будаўніцтва новых пастоў на Камянеччыне пакуль не плануецца. А наконт райаддзела – у бягучым годзе будзе рыхтавацца праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю існуючага будынка па вуліцы Матросава” – такім быў адказ.

Вядома, будаўніцтва пажарна-аварыйнага паста ў Камянюках чакалі не адзін год. Гэта і не з’яўляецца таямніцай: побач жамчужына краіны – Белавежская пушча, таму ратаўнікі тут проста неабходны. Нагадаю, бліжэйшы пост у Дзмітровічах. Пасля завяршэння будаўніцтва ўвесь асабісты састаў адтуль пераедзе ў новы будынак.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий