“Падомша” па-новаму

IMG_9115_новый размерУ адкрытым акцыянерным таварыстве “Камянецкая Пушча” статак буйной рагатай жывёлы налічвае 1985 галоў, з іх 758 – дойныя каровы. На малочнатаварнай ферме “Падомша” – каля 480 рагуль. Нядаўна тут увялі ў эксплуатацыю другі кароўнік пасля рэканструкцыі.

Рамонт двух кароўнікаў на ферме пачалі ў маі мінулага года. Першы ўвялі ў эксплуатацыю яшчэ ў верасні 2012-га, а вось чарга другога падышла сёлета.

На ферме рэканструкцыя праведзена часткова. Адзін з кароўнікаў перайшоў на боксавую сістэму ўтрымання, і там – 122 стойлавыя месцы. Другі будынак пераабсталяваны на глыбокі подсціл. Тут зараз 180 галоў буйной рагатай жывёлы. Раней на двух кароўніках статак даіўся на перасоўнай УДС. Зараз жа паміж імі, рэканструяванымі, з нуля узвялі малочны блок, дзе ўстанавілі “елачку” “Поліэфір” беларускай вытворчасці 2х10. Такім чынам, адначасова тут могуць даіцца 20 кароў. Усяго на такім абсталяванні з двух кароўнікаў дояцца 280 рагуль. Надоі пакуль невялікія – 11 літраў ад каровы, але ўсё яшчэ наперадзе…

Між тым, малочнатаварная ферма “Падомша” – гэта чатыры кароўнікі. У двух не пачыналі работы па рэканструкцыі, бо там ёсць такі будынак, які немагчыма IMG_9118_новый размерпераабсталяваць, ды і пачалася зіма. А пакуль жывёла знаходзіцца ў сценах фермы (100 рагуль стаяць тут на прывязі, чакаюць вясны), работы не могуць весціся. У будучым плануецца таксама перавесці статак на бяспрывязную форму ўтрымання, бо сухастойная карова павінна стаяць менавіта ў такіх умовах. Усяго на ферме 441 галава буйной рагатай жывёлы дойнага статка.

На бягучым тыдні на малочнатаварнай ферме ўстанавілі камп’ютарную тэхніку, з дапамогай якой цяпер будзе зручней працаваць. Перад з’яўленнем ноу-хау рагуль “прывучалі” да таго, як прыйдзецца сябе паводзіць у новых умовах. Пасля падключэння на кожную карову павесілі датчыкі і чыпы, якія дазваляюць сачыць за ёю пры дапамозе камп’ютара. У гаспадарцы сваімі сіламі вучылі і аператараў машыннага даення, і слесараў карыстацца новай сістэмай даення, а аднаго з работнікаў адправілі па веды ў Пелішча. У бліжэйшым будучым на больш дэталёвую вучобу паедуць і даяркі.

Усяго на рэканструкцыю малочнатаварнай фермы “Падомша” затрачана ўжо 4 млрд. 707 млн. рублёў. З уласных сродкаў зрасходавана 3 млрд. 206 млн., астатняе – банкаўскія крэдыты.

З увядзеннем на ферме новых тэхналогій зменшылася і колькасць аператараў машыннага даення. Раней працавалі 5 даярак: 4 асноўныя і адна – падменная. Зараз у штаце 2 асноўныя, адна – падменная. Усяго ж “Падомшу” абслугоўваюць 10 чалавек.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий