От сказки до реальности — один шаг

Уявіце сабе: вечар, за акном вые завіруха, а на печы цёпла, вісяць пад столлю сухія травы, вуркоча на каленях кот, мільгаюць бабуліны пруткі, і добры голас яе віецца, як нітачка, расказвае казку… І слухаеш яе, і так хочацца верыць, што існуюць на свеце чароўная палачка, якая выконвае ўсе жаданні, жывая вада, здольная вярнуць чалавека да жыцця. «Ат, брыдота! – скажа нехта. – Не той цяпер час, каб верыць у цуды! Ад казачак якая карысць? Яны для дзетак.» Не магу пагадзіцца. Асабліва пасля таго, як пазнаёмілася з навуковай работай «Ад казкі да рэальнасці», якую напісаў трэццякласнік Высокаўскай СШ Максім Васілюк.
Са сваім даследаваннем хлопчык выступаў у роднай школе падчас Тыдня казак, у Высокаўскай дзіцячай бібліятэцы (для больш лёгкага ўспрымання ён выкарыстоўваў слайды, а таксама спецыяльна выдадзеную «Сучасную энцыклапедыю казачнай тэхнікі»). Акрамя таго, з гэтай работай Максім перамог на раённай канферэнцыі малодшых школьнікаў. Асноўная мэта праведзенай ім работы – даказаць, што казкі (народныя і літаратурныя) сталі рэальнасцю, што многае, аб чым нашы продкі маглі толькі марыць, мы ўжо маем. Большасць іх запаветных жаданняў ужо спраўдзілася (не без працы, безумоўна). Паглядзіце…
Слуга, які выконваў у казках усе пажаданні, і чалавечкі з табакеркі, якія зробяць усё, што захочаш, трансфармаваліся ў робатаў. Дубінка, якая сама б’е, і рог, з якога выскокваюць 12 малайцоў і пачынаюць караць крыўдзіцеля, пераўтварыліся ў электрашокер. Замест казачнай сякеры, якая сама сячэ дровы, мы маем сёння бензапілу; замест вёдраў Ямелі, якія з вадой ішлі ў хату самі, – водаправод. Сані, што едуць без каня, – гэта сучасны снегаход; печ, на якой герой казкі «По щучьем веленью» ехаў да цара, – цягнік; ступа Бабы Ягі – верталёт; лятучы карабель – самалёт; люстэрка, якое паказвае, што робіцца ў свеце, – тэлевізар; чароўны клубочак, што вядзе за сабой, – навігатар… У казцы «Аленький цветочек” С.Аксакава, напрыклад, узгадваецца чароўны пярсцёнак: павярні яго на пальцы, і апынешся там, дзе захочаш. “Няўжо і гэта магчыма?” – спытаеце вы. “Магчыма!” – адкажа Максім і нагадае вам пра тэлепартацыю, якая пакуль магчымая толькі для маленькіх часцінак. «Але заўважым, што некаторыя мары ўсё ж так і не спраўдзілся, – паведамляе маленькі даследчык у заключэнні да сваёй работы. – Пакуль няма эліксіра маладосці, чароўнай палачкі, абруса-самабранкі, які вельмі спатрэбіўся б галодным. Няма жывой і мёртвай вады, хаця ўжо вядома, што вада ўвогуле можа назапашваць інфармацыю, мяняць свае ўласцівасці ад дрэнных ці добрых слоў.»  Усё наперадзе… Спяшайцеся марыць, бо мары спраўджваюцца. І чытайце казкі. У любым узросце.

Настасся НАРЭЙКА

Фота Наталлі КЛІМЧУК

Добавить комментарий