Обмен удостоверений чернобыльцам

У лютым у нашай раённай газеце была змешчана інфармацыя ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аб абмене з 1 студзеня да 31 снежня 2012 года пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый.
Напомнім, што абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), якія праводзілі перарэгістрацыю пасведчанняў гэтым удзельнікам, альбо правапераемнікамі такіх дзяржаўных органаў. У выпадку, калі яны не маюць права на ўстанаўленне грамадзянам статуса ўдзельніка ліквідацыі вынікаў катастрофы, іншых радыяцыйных аварый, абмен праводзіцца аблвыканкамамі, мясцовымі адміністрацыямі раёнаў г. Мінск па месцы жыхарства грамадзян.
Абмен пасведчанняў пацярпелых ажыццяўляецца:
гаррайвыканкамамі – грамадзянам, якім устаноўлены статус пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый і якія маюць права на атрыманне льгот у адпаведнасці з артыкуламі 21-24 Закона РБ ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый” (далей Закон);
аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам – грамадзянам (уключаючы дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 год), якім устаноўлены статус пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый і якія маюць права на атрыманне льгот у адпаведнасці з артыкулам 18 Закона.
Для жыхароў, якія зарэгістраваны ў нашым раёне, абмен пасведчанняў ажыццяўляецца па адрасе: г. Каменец, вул. Брэсцкая, 9. Кансультацыі па тэл. 2-28-89.
Варта ведаць, што грамадзянін, чыё пасведчанне з 1 студзеня 2012 года лічыцца несапраўдным, па праву можа звярнуцца ў выканаўчы камітэт па месцы жыхарства за ўстанаўленнем яму статуса пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый і выдачай новага пасведчання.
У абмене пасведчанняў можа быць адмоўлена ў выпадку, калі дакументы, прадстаўленыя грамадзянінам, не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку з’яўляюцца падробленымі або несапраўднымі. Рашэнне аб адмове ў абмене прымаецца камісіяй па ўстанаўленні статуса пацярпелага адпаведнага дзяржаўнага органа. У выпадку нязгоды грамадзяніна з прынятым рашэннем камісія, па заяве грамадзяніна, накіроўвае дакументы для разгляду ў міжведамасную камісію, створаную пры Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Добавить комментарий