“Ніве” пакуль саступаюць…

P110065820 студзеня прайшоў апошні – пяты – тур першынства раёна па міні-футболе.

Сітуацыя пасля чацвёртага тура склалася такая, што на першае-другое месцы прэтэндавалі толькі “Высокае” і “Ніва”, якія паміж сабой і павінны былі выявіць лепшага. А вось за апошняе прызавое месца тэарэтычна вялі барацьбу тры дружыны (“Савушкін прадукт”, Белавежскі” і “Без праблем”). Прычым, апошнім без усякіх умоў была патрэбна толькі перамога, а там – як пашанцуе. Сапернікамі ж для “беспраблемаўцаў” у апошнім туры былі “малочнікі”, якія трэцяга месца аддаваць ну ніяк не планавалі. Так і выйшла. Хоць “Савушкін прадукт” і прапусціў першым (гол на рахунку Вадзіма Іванюка), але хутка адыграўся з пенальці, які рэалізаваў Аляксандр Давідзіч, і дабіўся ўпэўненай перамогі 9:1. Яшчэ тройчы “беспраблемаўцы” не стрымалі ўсё таго ж Аляксандра Давідзіча. Па разу вызначыліся Дзмітрый Антоненка і Мікалай Шахно. Мікалай Брэсцкі аформіў хет-трык.

У другой гульні перасякліся шляхі “Гатча-Осаўскага” і “Белавежскага”. Апошнія, дагэтуль прэтэндаваўшыя на “бронзу”, пасля перамогі “Савушкінага прадукта” страцілі шанцы (усё ж забіць больш за дваццаць мячоў і не прапусціць самім – задача непад’ёмная). Ды і жабінкаўцы вырашылі на развітанне даць сапраўдны бой. Пры адсутнасці матывацыі ў белавежцаў (ніжэй чацвёртага месца яны не апускаліся жалезабетонна) гэта нядрэнна атрымалася. Яшчэ трошкі і змаглі б адваяваць нічыю. А так – засталіся без набраных ачкоў. Перамога “Белавежскага” – 4:3. У белавежцаў пасля аўтаголу вызначыліся Васілій Лесік і Юрый Шпакоўскі (двойчы). У “Гатча-Осаўскага” – Аляксандр Галадзюк, Мікалай Лугаўскі і Пётр Галдобін.

І ў трэцяй гульні, якую найбольш чакалі і на кану ў якой стаяла чэмпіёнства, нарэшце сышліся “Высокае” і мінулагодні пераможца турніру “Ніва” з Доўбізна. З першых хвілін барацьба праходзіла на сустрэчных курсах, “гараджане” зусім не тушаваліся перад больш вопытным і тытулаваным сапернікам. Такі заліхвацкі футбол, безумоўна, прыемна глядзець, але на пляцоўцы трэба думаць больш рацыянальна (усё ж перад пачаткам сустрэчы “Высокае” апераджала “Ніву” па дадатковых паказчыках). Што і даказалі “ніваўцы”, двойчы пакараўшы высакаўчан за бесшабашнасць. У абодвух выпадках завяршальнікам атак выступіў Сяргей Васілюк. Але і пасля такога “халоднага душа” рысунак гульні не змяніўся. Толькі ў выніковых наступальных акцыях перавага “ніваўцаў” станавілася больш важкай. Што і вылілася ў выніковыя лічбы – 8:3 на карысць “Нівы”. У даўбізнянцаў пасля дэбютнага спурту Васілюка тройчы забівалі Сяргей Селіванаў і Андрэй Замулка. У высакаўчан па голу ў актыў занеслі Дзмітрый Фёдараў, Сяргей Ярома і Станіслаў Ляўко. Апошні ў спрэчцы бамбардзіраў дагнаў Сяргея Васілюка. З адзінаццаццю мячамі яны і ўзначалілі снайперскі пелетон. А на чэмпіёнскі алімп узабралася даўбізнянская “Ніва”, “Высокае” – на другім месцы. Варта адзначыць, што высакаўчане праводзілі свой дэбютны сезон, і яго вынік, відавочна, можна лічыць паспяховым – пакуль жа “Ніве” саступаюць усе.

Усе прызёры адзначаны граматамі і кубкамі аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама.

 

* * *

У другой гульні 1/8 фіналу “Эліт-лігі” “Усход” зноў буйна саступіў “ДЖОФРЭ” – 1:9 (першы матч – 1:6) і вылецеў з далейшага розыгрышу.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Фота аўтара.

2 thoughts on ““Ніве” пакуль саступаюць…

  1. Когда уже выиграют у этих «пенсионеров», им уже за 3,,,,,,, но они молодцы, подтверждают своё мастерство. А какие «банки» ложит Вася (как в студентчесткие годы), красавец.
    Высокое молодцы, но в опыте надо рости. Построят у нас «поляну» (но не в баре), там и покажете свое мастерство. Нива молодцы! Так держать! Сегодня у Васи День рожденье( но не 4….)! Спасибо за турнир! Все молодцы, спасибо!

Добавить комментарий