Новостройки в Верховичах

Наша газета пісала аб тым, што ў Вярховічах распачалося будаўніцтва ўрачэбнай амбулаторыі і 16-кватэрнага жылога дома па вуліцы Савецкай для працаўнікоў аховы здароўя. І вось ужо сярэдзіна будаўніцтва засталася за спінай.
У дома амаль узведзены другі паверх, а ў амбулаторыі на першым пастаўлены новенькія еўравокны. І ўсё гэта зроблена за кароткія тэрміны: абодва аб’екты пачалі будаваць у снежні мінулага года, з розніцай у два тыдні.
Кошт іх на пачатак будаўніцтва быў ацэнены ў 2 млрд. 708 млн. рублёў (амбулаторыя) і 4 млрд. 22 млн. (16-кватэрны дом). На 1 красавіка ўжо асвоена 818 млн. і 953 млн. адпаведна.
Падрадчыкам на будаўніцтве з’яўляецца “Камянецкая ПМК-14”. Усяго на двух аб’ектах заняты каля 35-і чалавек, якія вельмі адказна адносяцца да сваёй працы. Да таго ж, датэрміновае заканчэнне будоўлі прынясе нялішнюю капейку ў агульную «кішэню». А прыкладныя тэрміны здачы аб’ектаў у эксплуатацыю – чэрвень-ліпень бягучага года.
Як паведаміў прараб Міхаіл Насевіч, які працуе на амбулаторыі (дарэчы, і дом таксама быў пад яго пільным вокам, але некалькі тыдняў таму туды прыйшоў другі прараб – Аляксандр Макарук), будаўніцтва скончыцца ў адведзеныя тэрміны.
І верыцца, што ў хуткім часе ў новым жылым доме пачуюцца дзіцячы смех і гоман, а амбулаторыя гасцінна адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў.

Наталля ГРЫЦУК

Фота Міколы ШУМА


Добавить комментарий