Не толькі прыгажуні

Кажуць, што прыгажосць выратуе свет. Але, на мой погляд, для сучаснага свету гэтага мала. Тут патрэбны яшчэ і розум, крэатыўнасць. Менавіта такімі якасцямі валодаюць дзяўчаты, якія прынялі ўдзел у раённым конкурсе прыгажосці «Міс БРСМ – 2012», што адбыўся у гарадскім Доме культуры ў мінулую пятніцу.

Знаёмлю чытачоў з прыгожымі і смелымі юнымі німфамі, кожная з якіх заслугоўвае гэтае званне: Наталля Сцепанюк (СШ № 2 г.Каменец), Крысціна Казлоўская (Баршчэўская СШ), Паліна Крамар (Раснянская СШ), Ксенія Катлярэнка (Пелішчанская СШ), Крысціна Бойка (Навіцкавіцкая СШ), Марта Уласюк (СШ № 1 г.Каменец), Марына Лешчык (Пагранічная СШ). Ацэньвала канкурсантак кампетэнтнае і незалежнае журы: першы сакратар РК ГА БРСМ Ірына Гендзель, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Людміла Жураўлёва, дырэктар ЦБП № 115 філіяла №100 ААБ «ААТ Беларусбанк» Аляксандр Кашперка, галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу гэтага ж цэнтра банкаўскіх паслуг Руслана Смірнова, намеснік начальніка Камянецкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Парафянюк.

Першым конкурсам была, вядома, візітка – «Дазвольце прадставіцца». Дзяўчаты павінны былі за пяць хвілін расказаць пра сябе прысутным. Кожнае выступленне суправаджалася відэапрэзентацыяй. Многіх канкурсантак выходзілі падтрымаць сябры, якія за такі кароткі час разыгрывалі на сцэне сапраўдныя спектаклі.

Куды ж без праверкі эрудыцыі? Інтэлектуальны конкурс «Я ведаю ўсё аб БРСМ» паказаў, наколькі дасведчаны ўдзельніцы ў гісторыі і дзейнасці гэтага аб’яднання. Пытанні былі не з лёгкіх, аднак дзяўчаты не марудзілі з адказамі, выдавалі іх за лічаныя секунды.

Наступны конкурс – «Я – творчая асоба». Тут удзельніцы дэманстравалі свае таленты: спявалі, танцавалі, выконвалі ролі, як сапраўдныя артысты, даводзячы публіку то да шчырых слёз, то да смеху. Трэба сказаць, што гэты конкурс увёў у замяшанне членаў журы: як жа ацэньваць, калі талент кожнай дзяўчыны індывідуальны?

Дарагія дамы, не бойцеся эксперыментаваць на кухні! Галоўнае, каб вашы «фокусы» не выходзілі за межы дазволенага. Дадайце сваю разыначку ў нацыянальную страву, і вось яна ўжо становіцца традыцыйнай, сямейнай. Такі сакрэт раскрылі прысутным нашы канкурсанткі, якія прыгатавалі на конкурс «Гаспадынька», здавалася б, звыклыя, але па-новаму смачныя беларускія стравы. Падавалі пад смешныя прыпеўкі Крысціны Казлоўскай, ад чаго было нямала жадаючых паспытаць іх.

Ідэя апошняга конкурсу – стыль, мода, прыгажосць. Пры дапамозе адпаведнага ўбору дзяўчаты павінны былі паказаць, кім сябе бачаць: беларусачкай, медыа-ледзі, удзельніцай балю, Како Шанэль – усе яны выбралі ўборы, якія яшчэ больш падкрэслілі іх прыгажосць і характар.

І вось надышоў час падвесці вынікі. Хто ж тая шчасліўка, якая ўдастоена звання «Міс БРСМ – 2012»? Заробленыя балы агучвалі пасля кожнага конкурсу, і ўсё ж журы вытрымала інтрыгу да апошняга, ды такую, што самы празорлівы не змог бы напэўна адгадаць імя пераможцы. Ёю стала Наталля Сцепанюк, якая заваявала гледачоў сваімі талентамі і шчырай усмешкай.

З падарункамі і віншаваннямі на сцэну падняўся Аляксандр Кашперка, які, акрамя іншага, уручыў Наталлі падарункавую пластыкавую картку з першапачатковым капіталам. Іншыя ўдзельніцы атрымалі не меней высокія званні, адпаведна сваім адметнасцям: «Міс Грацыя» – Марта Уласюк, «Міс Патрыятызм» – Крысціна Казлоўская, «Міс Творчасць» – Крысціна Бойка, а «Віцэ-Міс» была Ксенія Катлярэнка. Усім дзяўчатам уручылі падарункі і кветкі.

Дзякуючы вясёлым вядучым, канцэртным нумарам, якія праходзілі пасля кожнага конкурсу, вечар быў як адно цікавае прадстаўленне. Падобныя, з удзелам райкама БРСМ, чакайце яшчэ ў бліжэйшы час!

Анастасія ЯНКІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий