Не имеешь прав — не садись за руль

Пачасціліся выпадкі кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць правоў на кіраванне або пазбаўлены іх. Так недалёка і да бяды – ДТЗ з гібеллю і раненнем людзей.
Ужо з пачатку 2012 года ў вобласці зарэгістравана 12 дарожна-транспартных здарэнняў, якія ўчынілі вадзіцелі без правоў на ваджэнне або пазбаўленыя іх. У выніку тры чалавекі загінулі, 13 атрымалі раненні, а 4 здарэнні адбыліся па той прычыне, што вадзіцелі не толькі не мелі правоў на кіраванне, а і знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Так, 12 лютага каля 22.00 жыхар Каменца, 1992 г. н., пад хмяльком, без правоў на ваджэнне, кіраваў Форд-Мандэа на дарозе Пясчатка-Каменец-Шарашова-Свіслач. Пры закругленні дарогі не выбраў бяспечную хуткасць руху, у выніку з’ехаў у кювет і перакуліўся. Атрымаў раненні, апынуўся на бальнічным ложку.
Каб папярэдзіць правапарушэнні асобамі названай катэгорыі і паспрыяць бяспецы дарожнага руху, з 15 па 25 сакавіка ў раёне праводзяцца мерапрыемствы па прыпыненні выпадкаў кіравання транспартам асобамі, якія не маюць або пазбаўлены правоў на кіраванне. Супрацоўнікі ДАІ пры спыненні аўто найперш звяртаюць увагу на наяўнасць у кіроўцы вадзіцельскага пасведчання.
Варта ведаць і помніць:
– кожны супрацоўнік ДАІ мае пастаянна абнаўляемыя спісы асоб, якія пазбаўлены пасведчання вадзіцеля. У любы час, як таго патрабуюць абставіны, работнік міліцыі можа даведацца, ці ёсць у таго ці іншага кіроўцы пасведчанне;
– да асоб, якія не маюць пасведчання на права кіравання і затрыманы за рулём транспартнага сродку, будуць прымацца самыя жорсткія меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. А гэта, згодна з:
арт. 18.19 ч. 1 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях: кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права на кіраванне ім, як і перадача кіравання асобе, якая не мае на гэта права, цягне штраф ад 5 да 20 базавых велічынь, цяпер гэта ад 175 тыс. руб. да 700 тыс. руб. (з 1 красавіка базавая велічыня складзе 100 тыс. руб.);
арт. 18.19 ч. 2 Кодэкса РБ: “тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля адміністрацыйнага спагнання, караюцца штрафам ад 20 да 50 базавых велічынь, гэта значыць, ад 700 тыс. руб. да 1750 тыс. руб.”
Так што, паважаныя вадзіцелі і ўладальнікі транспартных сродкаў, не забывайце, што любыя парушэнні Правілаў, грубае іх ігнараванне, недысцыплінаванасць могуць каштаваць вам здароўя або жыцця, згубленых грошай, многіх гадоў перажыванняў і слёз блізкіх людзей. Заклікаем вас быць законапаслухмянымі.

Яўгеній Пісарчук,
начальнік аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі

Добавить комментарий