Нечаканы “бліцкрыг” у Высокім

1346463305_069 чэрвеня стартаваў чэмпіянат раёна па футболе. У першы дзень спаборніцтваў адбыліся адразу тры сустрэчы.

У Каменцы “Агра-Зарэчча” прымаў дэбютанта турніру “Доўбізна” і фактычна яшчэ ў першым тайме зняў усе пытанні аб пераможцы: Сяргей Супрун (покер), Андрэй Іванюковіч з пенальці і Дзмітрый Перагуд палажылі апанентаў на лапаткі. На такі галявы феерверк госці адказалі адзіным трапным ударам. Сяргей Васілюк скарыстаўся “вальяжностью” ў абарончых рэдутах гаспадароў. Адметна, што пасля перапынку даўбізнянцы выйшлі больш заражанымі на барацьбу і змаглі перайграць войскую каманду… па галах у другім тайме (дубль Андрэя Ярашука перавесіў гол Уладзіслава Міхнюка).

Першае ўражанне ад “Доўбізна”. Каманда хоць і без вопыту, але будзе біцца да апошняй хвіліны. І, калі б у першым тайме не “начудзіў” галкіпер (два галы на яго сумленні – гэта факт!), і плюс пенальці, які зарабілі на роўным месцы, хто ведае, як бы ўсё атрымалася. Але ж, калі глядзець у разрэзе ўсяго чэмпіянату, то хутчэй за ўсё ў шасцёрку мацнейшых, у адрозненне ад “Агра-Зарэчча”, “Доўбізна” не трапіць.

У другім матчы “Белавежскі” з тым жа лікам (7:3) перайграў “Без праблем”. Гэтая перамога наўрад ці каго-небудзь здзівіла, тым больш, што белавежцы гулялі дома. Так, у першым тайме вызначыліся Віктар Герасімік (хет-трык) і Валерый Закржэўскі, у другім – Юрый Шпакоўскі (дубль) і Антон Горбач. У “безпраблемаўцаў” па разу загналі “сферу” ў рамку Сяргей Шчасюк (у першым тайме), Аляксандр Алексяюк і Віталій Беларусаў (у другім). Прагноз – “Без праблем” складзе кампанію “Доўбізна”.

Да гульні ў Высокім да тройкі няўдачнікаў з верагоднасцю 99,9 працента адносіў і “Ставы”. Але перамога на старце над “Высокім” (сенсацыйная, трэба вам сказаць!) падняла іх каціроўку ў чэмпіянаце. І цяпер трэба толькі спадзявацца, што гэты лакальны “бліцкрыг” будзе не адзіным. А падзеі на полі на пачатку гульні разгортваліся ўсё ж больш прыемна для высакаўчан. Дзмітрый Фёдараў ударам са штрафнога вывеў “Высокае” наперад. Але яшчэ да перапынку “Ставы” змянілі сітуацыю на сваю карысць: пастараліся Станіслаў Ляўко (зраўняў лік) і Аляксандр Кінчак. Працягнуў засмучаць апанентаў Станіслаў і пасля перапынку: яшчэ двойчы пасля яго ўдараў галкіперу даводзілася вымаць мяч з сеткі. Гол у стане “Ставаў” таксама на рахунку Кірыла Жыгалы. Трапны стрэл Аляксандра Панасюка толькі падправіў статыстыку, але не выратаваў “Высокае” ад паражэння.

Апошняя гульня тура прайшла ў сераду, 12 чэрвеня. Матч, у якім “Аграпрадукт” прымаў “Камянецкую Пушчу” (Дзмітровічы), прайшоў у Каменцы (перанесены з Высокага з-за дажджоў). Барацьба чакалася напружаная: гэтыя каманды ў кубку сустракаліся на стадыі адной чацвёртай, і зыход паядынку вырашылі толькі пасляматчавыя пенальці. Але атрымалася ўсё якраз наадварот. Прычым, вынік паядынку проста збянтэжыў. “Пушчанцы” літаральна растапталі “алейнікаў”. (На маёй памяці “Аграпрадукт” увогуле так буйна яшчэ не саступаў.) Пагром ужо на першай хвіліне пачаў Дзмітрый Асташэня. І панеслася. 3-я, 19-я, 27-я, 39-я, 42-я, 62-я… Праўда, на 56-й хвіліне са штрафнога агрызнуўся Аляксандр Ланец. Але гэты выпад аказаўся адзінай яркай плямай у цёмным царстве “алейнікаў”. Ну, не бегалася ім і не гулялася ў гэты вечар! Затое “адрываліся” напоўніцу “пушчанцы”, якія да фінальнага свістка давялі лік проста да зусім непрыстойных лічбаў 11:1. Дзмітрый Асташэня выдаў серыю з сямі галоў, а Васілій Пашкевіч і Мікалай Шахно аформілі дублі. Добры пачатак… для “Камянецкай Пушчы”. А “Аграпрадукту” патрэбна задумацца: роля хлопчыкаў для біцця не пасуе нікому.

ВЫНІКІ: “Агра-Зарэчча” – “Доўбізна” – 7:3, “Белавежскі” – “Без праблем” – 7:3, “Высокае” – “Ставы” – 2:5, “Аграпрадукт” – “Камянецкая Пушча” – 1:11.

 

* * *

На мінулым тыдні прайшлі чарговыя матчы чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе.

Найбольш напружаны графік атрымаўся ў “Аграпрадукта”. Спачатку, 6 чэрвеня, дома “алейнікі” ў матчы другога тура саступілі ФК “Заходні” (Матыкалы) з лікам 2:3. Найбольш відовішчным атрымаўся першы тайм, у якім і былі забіты ўсе галы. У “Аграпрадукта” вызначыліся

Дзмітрый Сідлярэвіч і Дзмітрый Пятроў.

Праз тры дні зноў дома. І зноў паражэнне. І зноў з тым жа лікам. У гэты раз “алейнікі” не змаглі перайграць “Брэстжылбуд” (Брэст). У нашай камандзе галы на рахунку Дзмітрыя Сідлярэвіча і Аляксандра Пашкевіча.

Правялі свае гульні і яшчэ два прадстаўнікі Камянеччыны. Так, “Усход” (Навасёлкі) 8 чэрвеня ў гасцях нічога не змог супрацьпаставіць брэсцкаму “Лакаматыву”. Як вынік – пройгрыш 0:3. 9 чэрвеня ў Пружанах аднайменнай камандзе саступіла і “Ніва” (Доўбізна). Лік 0:2 на карысць гаспадароў.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Добавить комментарий