“Нежаночая” прафесія Ніны Шэптур

45454рГэтая жанчына жыве ў пасёлку Белавежскі ўжо больш за 25 гадоў. Яе, як і многіх іншых у той час, “занесла” сюды, калі тут вялося вялікае будаўніцтва беларускага “БАМа”. Знаёмцеся, Ніна Шэптур.

Родам Ніна Васільеўна з Украіне, з Валынскай вобласці. У 80-х гадах мінулага стагоддзя шмат размоў было пра згаданае будаўніцтва. Тады многія, у асноўным маладыя людзі, ехалі сюды на рознапланавыя работы. Вось і сям’я Ніны Шэптур перабралася ў Белавежскі на пастаяннае месца жыхарства з двума малымі сынамі. Як сама прызнаецца, хацелася самастойнасці. Праз год пасля пераезду сям’і далі кватэру з усімі выгодамі.

Спачатку жанчына працавала маляром на будаўнічым участку, потым – прадаўцом у магазіне (калі жыла ва Украіне, то атрымала прафесію таваразнаўцы). А калі ў 1997 годзе ўтварыўся ўчастак ЖКГ у Белавежскім, перайшла працаваць кладаўшчыцай. Вось ужо восьмы ацяпляльны сезон Ніна Васільеўна шчыруе на газавай кацельні, дзе з’яўляецца аператарам. Работа па словах жанчыны, ёй падабаецца. На маё пытанне, як яна спраўляецца з мужчынскай працай (як я думала), яна адказала, што не лічыць сваю справу не жаночай. “Там няма нічога складанага. Я ж не слесар…”

Так атрымалася, што на новым месцы жыхарства сустрэла свайго другога мужа, з якім нарадзілі дачушку. Зараз яна ўжо вялікая, студэнтка трэцяга курса аднаго з Брэсцкіх універсітэтаў. Ды і сыны ўжо даўно выраслі. У старэйшага – свая сям’я, дачушка. Ён звіў сваё “гняздзечка”, але сцежку да матулінага дома ніколі не забывае. У святочныя дні ў сям’і Шэптур – весела, бо за сталом збіраюцца ўсе. Гэта стала своеасаблівай традыцыяй.

У вольны час жанчына разводзіць кветкі, займаецца вязаннем. Не адмаўляецца і ад дробнага рамонту адзення. Але, як для любой сапраўднай жанчыны, асноўны занятак – кулінарыя. “Ведаеце, мая сям’я вялікая і, самае галоўнае, дружная. І гатаваць для іх – у радасць. Каб зрабіць стол больш разнастайным, збіраю рэцэпты,» – вось так Ніна Васільеўна адказала на маё пытанне аб вольным часе. Некалі трымала свіней, а зараз у хляве толькі куры, але і за імі патрэбна сачыць.

Галоўнае для Ніны Шэптур – каб родныя і блізкія ёй людзі заўсёды былі здаровымі, каб у іх дамах панаваў дабрабыт.

8 сакавіка Ніна Васільеўна пойдзе на працу ў кацельню ў начную змену. Але яна абавязкова адзначыць Міжнародны дзень усіх жанчын за святочна накрытым сталом, за якім збярэцца ўся сям’я. Няважна, калі гэта адбудзецца, галоўнае, каб родныя цанілі гэту мілую жанчыну за тое, што яна ёсць у іх.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий