Недзіцячыя праблемы

100_1960“Куда уходит детство, в какие города, и где найти нам средство, чтоб вновь попасть туда?..” – такія словы прыйшлі на думку, калі аднойчы задумалася над тым, якое дзяцінства было ў мяне, а якое яно зараз у сучаснай малечы.

Здавалася б, прайшло не так многа часу, а адрозненні значныя. Ведаеце, мне і маім аднагодкам жылося весела, бо былі жывыя зносіны. Без камп’ютараў, кабельнага тэлебачання, мабільнікаў (праўда, «тэтрыс» быў, з-за якога пастаянна сварылася з сястрой). У нас былі іншыя інтарэсы, намнога цікавейшыя, чым у малодшага пакалення. А зараз што? Перапіска ў інтэрнэце: “Як справы?” – “: (”. Вось і ўсё. Успомніце: пясочніца, хованкі, ці проста сустрэча на дзіцячай пляцоўцы… Вось аб апошняй і хацелася б пагаварыць у сённяшнім “прыватным інтарэсе”.

Наша прафесійная дзейнасць заключаецца, у асноўным, у зносінах з людзьмі, прычым часцей за ўсё яны з розных мясцовасцей. Але ў размовах амаль з усімі не-не ды і ўзнікае пытанне суразмоўцы “а чаму вы не напішаце аб тым, у якіх умовах прыходзіцца гуляць нашым дзецям?” Гэта яны не пра паветра, хоць не пашкодзіла б напісаць і пра яго загазаванасць, але ж не ў нашай кампетэнцыі вырашаць такія пытанні. Гаворка пра тое, што зараз адбываецца на дзіцячых пляцоўках. Для прыкладу я ўзяла пляцоўкі ў райцэнтры, хоць і ведаю, што ў некаторых далёка не маленькіх вёсках такая праблема таксама існуе…

Мабыць, у двары кожнага шматпавярховага дома ў Каменцы ёсць дзіцячая пляцоўка для гульняў, іншая справа, у якім яна стане і што ўключае ў сябе? Дзесьці стаяць арэлі, 100_1962 100_1972 якія ўсталявалі яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя (а то і раней), а недзе, наадварот, новы і яркі дзіцячы гарадок. Але ці задумваліся вы калі, наколькі бяспечна вашым дзецям гуляць там і хто адказвае за гэту бяспеку?

Усё часцей можна пачуць аб тым, што многія бацькі хацелі б бачыць сваю малечу на вуліцы, а не перад камп’ютарам ці тэлевізарам (асабліва, калі ў школах канікулы). На жаль, бабуля і вясковы домік ёсць далёка не ў кожнай сям’і, а адпачынак у заморскіх краінах могуць дазволіць сабе далёка не ўсе. Таму дзіцячыя пляцоўкі для гульняў павінны стаць выдатным адказам на пытанне “як правесці вольны час майму дзіцяці?”. Аднак у нашым райцэнтры яны хутчэй стануць падставай для невясёлых разважанняў (прабачце за паўтарэнне ўжо напісанага, гэта тычыцца не ўсіх пляцовак, але факт застаецца фактам).

Плачэўны стан значнай часткі дзіцячых пляцовак горада сёння зразумелы. Іржавыя арэлі, якія выдаюць незвычайныя, часам нават страшныя, гукі, траўманебяспечныя горкі, у якіх, каб падняцца наверх, проста не хапае прыступак, касыя турнікі, а ў некаторых месцах – проста жалезныя трубы. Апошнія сведчаць аб тым, што ўсё ж такі некалі тут нешта было. Рэгулярна “адпачываць” на такіх пляцоўках (калі можна так іх назваць) адважваюцца толькі дарослыя кампаніі (вядома, для чаго). Ды і функцыянальнасць большасці існуючых пляцовак пакуль таксама жадае быць лепшай – у асноўным яны зроблены па прынцыпе “каб былі” ў постсавецкія часы. Вось і атрымліваецца, што мясцовай дзятве часта няма дзе гуляць, мамам з маленькімі чадамі не выйсці ў двор, а старэнькім бабулькам не пасядзець на лаўках, не пагутарыць аб жыцці-быцці.

Здавалася б, што там нейкія лаўкі, горкі, арэлі ды пясочніцы? А між тым яны – малыя архітэктурныя формы і з’яўляюцца важным сацыяльным звяном у добраўпарадкаванні горада ў цэлым, а таксама арганізацыі культурна-масавага адпачынку дзяцей. Гэтая сумная карціна, безумоўна, не можа радаваць вока. Але так стала не за адзін дзень, і нават не за год. У дзевяностых, калі цяклі дахі некаторых дамоў, а электрасеткі патрабавалі капітальнага рамонту (аб гэтым паведаміла жыхарка аднаго з дамоў), было вырашана, што дзіцячыя пляцоўкі – праблема неактуальная. Цяпер жа, калі метал у цане, то вядома, куды накіраваліся рэшткі таго, што было некалі.

Таму можна падвесці вынік маіх невясёлых назіранняў: большасць дзіцячых пляцовак пераўтварыліся ў палі для выгулу сабак (прычым, ніхто за сваёй жывёлінай не прыбірае); дзіцячыя пляцоўкі – месца адпачынку моладзі, а пасля яе часта застаецца шмат смецця; старыя горкі, адсутнасць фарбы, зламаныя арэлі, касыя турнікі – вось невялікі пералік таго, што адверне вас ад наведвання такога месца. І, ведаеце, можна працягваць і працягваць…

Наталля ГРЫЦУК.100_1959

Фота Анастасіі ЯНКІНАЙ.

Добавить комментарий