«Невырашальных праблем няма…»

сацюкБезумоўна, стараста – першая асоба на сяле. Гэта чалавек, у якога і сваіх дамашніх, сямейных спраў безліч. Але ўсё ж знаходзіцца час для грамадскіх турбот. Пра жанчыну, якая не шкадуе свайго часу і сіл для аднавяскоўцаў, пойдзе размова ў гэтым матэрыяле.

На пасадзе старасты вёскі Кавалікі Валянціна Сацюк амаль 17 гадоў, з 1996-га. У гэты ж час (1997-2011 гады) працавала тут, у Каваліках, і ў Высокім сацыяльным работнікам. Жыхары вёскі выбралі Валянціну Уладзіміраўну на гэтую пасаду не выпадкова, – яна заўсёды прымае блізка да сэрца чужую бяду, з усёй адказнасцю займаецца вырашэннем праблем, з якімі да яе звяртаюцца.

Нездарма гавораць, што толькі той чалавек, які перажывае ўласнае няшчасце, можа зразумець і падтрымаць іншых, не адвернецца, а падставіць сваё плячо тым, хто гэтага патрабуе. Жыццё Валянціны Уладзіміраўны назваць лёгкім нельга. Сын – інвалід II групы з дзяцінства, патрабуе пастаяннага догляду і ўвагі. А зараз на руках жанчыны і яе мужа яшчэ і двое пенсіянераў: цётка і свёкар. Але яна ніколі не скардзіцца, прывыкла да цяжкасцяў і заўсёды паўтарае, што няма невырашальных праблем, было б жаданне іх пераадолець.

Жыхары Кавалікаў звяртаюцца з просьбамі ў першую чаргу да Валянціны Уладзіміраўны. Ці то непаладкі радыё, бытавой тэхнікі або выклік лекара, замовіць дровы і торф – усё праходзіць праз яе ўвагу. Дзякуючы садзеянню дзяржслужбаў стараста многае зрабіла для вёскі, якая ўжо газіфікаваная. Узімку чысцяць дарогі, асвятленне вуліц наладжана, пусцілі аўтобус. Справіцца з усімі просьбамі дапамагае сельскі Савет пад кіраўніцтвам старшыні Барыса Данілюка. Адзінае, чаго не змаглі дабіцца, – цэнтральнага водазабеспячэння. Але, як кажа Валянціна Уладзіміраўна, гэта не самае неабходнае – вёска невялікая, многія збудавалі ўласныя свідравіны.

Добрасумленныя адносіны Валянціны Сацюк да сваіх абавязкаў заслужылі павагу аднавяскоўцаў. А яна, у сваю чаргу,

гаворыць, што толькі зладжанасць і ўзаемная прыязнасць людзей спрыяюць дабрабыту і парадку ў вёсцы.

Анастасія ЯНКІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий