На старце – “Белавежскі тракт”

P8199343У рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца праграмай развіцця ААН пад эгідай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, на конкурснай аснове ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях былі адабраны 17 дыстынацый (аб’яднанняў) для развіцця экатурызму. На Брэстчыне іх 7, у тым ліку “Белавежскі тракт”, які аб’ядноўвае ўладальнікаў аграсядзіб, фермерскія гаспадаркі, турфірмы, ад мясцовай улады – Камянецкі, Пружанскі райвыканкамы і Відамлянскі сельсавет; некалькі грамадскіх арганізацый.

У “Белавежскім тракце” першая рабочая сустрэча прайшла 13 жніўня ў Камянюках, а другая – 19 жніўня, у чытальнай зале Камянецкай раённай бібліятэкі. Вось што расказала кіраўнік праекта “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, кандыдат эканамічных навук Марына Бароўка:

– Гэта другая рабочая сустрэча па распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця экатурызму дыстынацыі “Белавежскі тракт”; на першай абмеркавалі агульнае бачанне, мэты, цяпер жа – пытанні фінансавання і кіравання дыстынацыяй. Галоўная мэта адна: распрацаваць такі турыстычны прадукт, каб забяспечыць прыём турыстаў і павысіць эканамічную эфектыўнасць ад занятку турызмам на падыходах да Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Справа ў тым, што пушча – толькі адзін з прывабных аб’ектаў турызму, але побач існуе шэраг іншых, якія недастаткова “ўключаны” ў турызм. У межах праекта былі праведзены навучальныя трэнінгі ў Брэсце і Пінску па асновах стратэгічнага планавання, а яго ўдзельнікі пабывалі ў Польшчы і Літве, дзе азнаёміліся з практыкай рэалізацыі турыстычнай дзейнасці.

Ініцыятыўныя групы дыстынацый, у т.л. «Белавежскага тракта», прыступілі да распрацоўкі стратэгіі і развіцця экатурызму. Планы “Белавежскага тракта” нацэлены на перспектыву: на апошняй сустрэчы ў Каменцы абмеркавалі першачарговыя дзеянні да 2015 года.

Георгій ПАРАФЯНЮК.

Добавить комментарий