Наука производства «Агропродукта»

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Аграпрадукт” распачало сваю дзейнасць у ліпені 2004 года. За амаль што 8 гадоў існавання прадпрыемства стала адным з найбуйнейшых перапрацоўшчыкаў алейных культур у Рэспубліцы Беларусь.
У студзені 2010 года у ТАА “Аграпрадукт” з’явіўся новы ўчастак №3 “Зарэчча”, які знаходзіцца на месцы былога камбікормавага завода, каля перакрыжавання дарог непадалёку ад Каменца. Намеснікам дырэктара таварыства тут з’яўляецца Анатолій Пашкевіч.
За два гады ў “Зарэччы” перапрацавалі каля 18 тысяч тон масланасення. Раней тут, як і ў галоўным тэрмінале ў Абяроўшчыне, займаліся толькі вырабам рапсавага алею і макухі. А з лістапада мінулага года на ўчастку №3 распачалі выпуск кармавой дабаўкі “Аграпрадукт” на аснове расліннай бялковай сыравіны. Атрымліваецца такая дабаўка шляхам змешвання макухі і дабавак у строгіх прапорцыях. Атрымліваецца аднародная сумесь здробленых да вызначанай буйнасці бялковых, мінеральных кармавых сродкаў і біялагічна актыўных рэчываў. Яна вырабляецца па навукова-абгрунтаваных рэцэптах “Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі” і прызначана для ўводу ў камбікармы і балансаванне рацыёнаў у якасці крыніцы пратэіну, амінакіслот, тлушчу, макра- і мікракампанентаў. Дадзеная дабаўка мае вельмі добрыя якасці як па карыснасці, так і па захоўванні. Яна не залёжваецца, не завісае ў бункерах, пры гэтым утварае ўстойлівыя, аднародныя сумесі ў спалучэнні з іншымі кампанентамі пры іх перамешванні.
Кармавая дабаўка больш, чым на 80% складаецца з рапсавай макухі. Масавая доля сырога тлушчу ў рапсавай макусе не павінна быць вышэй за 12%. Алей рапсавай макухі ў працэсе яго захоўвання разбураецца за кошт акіслення кіслародам паветра пад уздзеяннем аднаго з ферментаў, які пастаянна знаходзіцца ў макусе. Пры акісленні рапсавага алею, які ўваходзіць у склад макухі, а таксама ўведзенага ў склад камбікармоў, яны набываюць непрыемны пах і смак. Пасля гэтага павышаецца таксічнасць корму, зніжаецца ўтрыманневітамінаў Е, А, D, К. Таму для прадухілення такіх вось непрыемных момантаў пры захоўванні камбікормаў з рапсавай макухі іх неабходна апрацоўваць амінакіслотамі. Такая апрацоўка абавязковая пры мяркуемых тэрмінах захоўвання даўжэй, чым 15 дзён у цёплы час года і 30 дзён – у халодны. Чым раней будзе спынены працэс акіслення шляхам выкарыстання антыаксідантаў, тым больш эфектыўным будзе іх прымяненне. Самае важнае, што спажыванне жывёламі і птушкамі сапсаванага камбікорму выклікае парушэнне працэсаў стрававання і засваення пажыўных рэчываў, зніжэнне прадуктыўнасці жывёлы.
Навуковымі даследаваннямі і на практыцы ўстаноўлена, што выкарыстанне ў якасці дабаўкі да кармоў, якія ўтрымліваюць тлушч, азёрнага сапрапелю паказаны яго высокія антыаксідантныя якасці. Таму, пры дабаўленні сапрапелю да рапсавай макухі выключаецца акісляльнае сапсаванне макухі. І тут прымяняюць менавіта такі спосаб прыгатавання кармавой дабаўкі.
Нашу ўвагу Анатолій Пашкевіч засяродзіў на якасцях сапрапелю. Справа ў тым, што ў ім захоўваецца вялікая колькасць карысных рэчываў: мінеральныя і арганічныя злучэнні, біялагічна актыўныя рэчывы, мікраэлементы  і вітаміны. Таму і дабаўка сама па сабе становіцца каштоўнай, насычанай патрэбнымі рэчывамі.
Для вырабу кармавой дабаўкі “Аграпрадукт” у будучым плануецца выкарыстанне іншай мясцовай сыравіны. Напрыклад, фасфатавай – для абагачэння кармоў серай.
Кармавая дабаўка пры скормліванні жывёле і птушкам актывізуе абменныя працэсы, а гэта паляпшае іх  здароўе, становяцца большымі прывагі, зніжаецца спажыванне кармоў. Дабаўка па такім няпростымрэцэпце прайшла эксперыментальнае даследаванне, пасля чаго было ўстаноўлена, што дадатковы выхад жывёлагадоўчай прадукцыі павялічыўся з 6% да 20% і больш. Вось такую незвычайную і, самае галоўнае, карысную кармавую дабаўку “Аграпрадукт” пачалі выпускаць зусім нядаўна і на Камянеччыне. За 5 месяцаў існавання лініі па вырабу дабаўкі ўжо атрымана 960 тон гатовай прадукцыі. Асноўныя закупшчыкі – тыя гаспадаркі, якія самі займаюцца вырабам камбікармоў. На жаль, кліентаў сярод камянецкіх гаспадарак няма, але дабаўка карыстаецца папулярнасцю ў Астрамечаве і Чарнаўчыцах. Хочацца верыць, што і ў сваім раёне яна знойдзе прымяненне.
Але на ўчастку №3 займаюцца не толькі выпускам кармавой дабаўкі. Тут перапрацоўваюць рапс на макуху і алей. У сярэднім за дзень перапрацоўваецца 40-50 тон насення рапсу, з якога атрымліваецца каля 16 тон алею. З алейнага насення атрымліваюць прыблізна 35% алею. У мінулым годзе такі алей бралі рэспубліканскія камбікормавыя заводы. Зараз жа асноўная маса адпраўляецца на тэрмінал у Абяроўшчыну, а адтуль размяркоўваецца па назначэнні. У большасці – за мяжу, дзе такі алей выкарыстоўваюць для біяпаліва.
Адначасова ў “Зарэччы” можа захоўвацца 100 тон гатовага алею.
У рапсавы сезон гэтую культуру “Аграпрадукт” закупляе з усёй Брэсцкай вобласці. Чатыры прэсы расійскай вытворчасці працуюць бесперапынна, круглы год. Людзі тут заняты ў чатыры змены (больш за 50 чалавек, 10 з якіх – будаўнікі, якія рамантуюць, рэканструююць, узводзяць…)
За мінулы год на тэрыторыі былога камбікормавага завода збудавалі зернесушыльны комплекс ЗСК-30, комплекс для захоўвання зерня (сіласу) на 4 тысячы тон і 4 арачныя склады. Ужо зараз на ўчастку можна захоўваць каля 25 тон насення рапсу.
Як зазначыў намеснік дырэктара, асноўная ідэя ТАА “Аграпрадукт” на ўчастку №3 “Зарэчча” – аднавіць камбікормавую вытворчасць. І ўсё ідзе да гэтага. Зараз прадпрыемства рыхтуецца да выпуску камбікармоў. Рыхтуюцца лабараторыя, месцы для захоўвання, асноўны цэх…
Дзякуючы высокай якасці прадукцыя ТАА “Аграпрадукт” карыстаецца вялікім попытам як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Партнёрамі таварыства з’яўляюцца фірмы Латвіі, Эстоніі, Даніі, Велікабрытаніі. Прапановы аб супрацоўніцтве паступаюць з Польшчы, Германіі.
Усё гэта дазваляе прадпрыемству жыць і развівацца сёння і ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень.

Наталля ГРЫЦУК

Фота Міколы ШУМА


Добавить комментарий