Настаўнік і пагранічнік: шлях да прызвання

Гэтыя маладыя людзі вельмі розныя па сваіх перакананнях. Але кожны з іх ішоў да запаветнай мэты – зрабіць свой выбар у жыцці. І, як сказаў адзін з герояў гэтага матэрыялу Павел Кендысь, каб “апынуцца ў патрэбным месцы, у патрэбны час і добра падрыхтаваным”.

5fMC3a-pzzMПАВЕЛ КЕНДЫСЬ у сваіх аўтабіяграфічных разважаннях напісаў: “Нарадзіўся ў 1984 годзе ва Усходняй Сібіры, непадалёку ад Краснаярска… Але ў 1990-м сям’я вярнулася на Беларусь, на радзіму продкаў. Амаль усё маё свядомае жыццё прайшло ў Амелянцы. Вучыўся ў мясцовай школе добра. Шмат чытаў, кнігі былі лепшымі сябрамі… Дзяцінства аказалася вельмі хваравітым: слабы імунітэт, праблемы з сэрцам і інш. Хвароба моцна паўплывала на мой светапогляд. Зразумеў, што здароўе чалавека з’яўляецца яго асноўным багаццем, якім трэба даражыць і якое нішто не заменіць…”

У пошуках ісціны хлопец звярнуўся да Бога, імкнецца шукаць яго сярод людзей і ў веры ў самога сябе. А тым часам пры паступленні ва ўніверсітэт пацярпеў фіяска, яму не хапіла паўбала, каб прайсці на бясплатнае навучанне. На гэтым фоне ўзнік канфлікт з бацькамі. “У знак пратэсту, а часткова з-за таго, што не хацеў быць падобным на астатніх, вырашыў не паўтараць больш спроб паступлення ні ў якія навучальныя ўстановы…”, – гаворыць Павел Кендысь. Так пачаліся яго працоўныя ўніверсітэты. Заняткі пчалярствам не прынеслі чаканага выніку. Давялося шукаць работу. А куды можна ўладкавацца ў вёсцы без адукацыі? Працаваў у калгасе, на пілараме ў прыватніка, у лясніцтве лесніком і па сумяшчальніцтве лесарубам. Юнак паспытаў смак рабоча-сялянскага хлеба. І задумаўся.

Як зазначае далей, вырашыў, што хоча атрымаць адукацыю, прычым, не проста адукацыю, а вышэйшую… Паступіць дапамагла ўзмоцненая падрыхтоўка… Факультэт ён выбраў геаграфічны. Менавіта геафак стаў для яго домам і сэнсам жыцця на пяць гадоў (вучыўся на стацыянары). І працягвае: ”А далей трэба было настаўнічаць. Хацеў даказаць, што працаваць у школе можна і патрэбна, і… вярнуўся ў родны Амелянец.”

Павел дадае: ”З таго часу шмат было зроблена, стала зразумелым, даказаным… У прынцыпе, работай цалкам задаволены… У апошні навучальны год не толькі выкладаў прадмет, але і стаў педагогам-арганізатарам… У маёй школе дзейнасць БРСМ, дзякуй Богу, не характарызуецца якой-небудзь прымусовасцю. Але многія не зусім усведамляюць сэнс свайго членства ў маладзёжнай грамадскай арганізацыі. Хачу пажадаць БРСМ рабіць упор на маладых людзей, у якіх ёсць ідэі па нацыянальна-культурным адраджэнні нашай краіны і жаданне ўвасобіць іх у жыццё. Галоўнае, у нас ёсць будучыня як у самабытнага народа, які жыве ў невялікай, але незалежнай краіне, у якога ёсць свая культура, мова, вера і свой шлях…”

Павел Кендысь па натуры – індывідуаліст. І зрабіў для сябе яшчэ адно адкрыццё: індывідуалізм у чыстым выглядзе не такі ўжо і добры, таксама як і калектывізм. Таму ідэальна, каб паміж імі быў кампраміс. Нельга, каб калектыў прыгнятаў асобу і, у той жа час, некаторым асобам трэба стрымліваць свой эгаізм. І – каб моладзь была дружнай і актыўнай…

ДЗЯНІС ГАЙДУКЕВІЧ родам з Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Яго дзядуля быў авіятарам, таму з дзяцінства хлопцу акрэслілі яго будучае

8-dorUwKWcI

прызванне – стаць ваенным. Падтрымлівалі гэтую ідэю і бацька – прапаршчык МНС, і маці – касір на чыгунцы. А Дзяніс марыў аб тэнісе. У школе быў заўзятым футбалістам. Аднак рэалізаваць сябе ў спорце юнак не змог з той прычыны, што ўзмоцнена трэніравацца патрэбна ў горадзе, а да Бабруйска на той час нечым было дабрацца.

Тэрміновая ваенная служба Дзяніса прайшла ў войсках супрацьпаветранай абароны: у зенітна-ракетнай брыгадзе Бабруйска – аператарам пускавой устаноўкі. А далей, як і марылі родныя, Дзяніс паступіў у ваенную акадэмію РБ на факультэт пагранічных войскаў. У навучальнай установе юнак актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці (яшчэ ў школе стаў членам БРСМ), змагаўся за гонар факультэта ў спартыўных баталіях: удзельнічаў у рукапашных адзінаборствах, спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, шашках… Выступаў у канцэртах мастацкай самадзейнасці і дагэтуль захаваў любоў да спеваў. Гэта, магчыма, яму спатрэбілася цяпер, калі неабходна закалыхаць маленькага Архіпа. Сям’я Гайдукевічаў жыве тут жа, на заставе №3 “Камянюкі”. А Дзяніс – яе начальнік. І дапамагаюць яму ў выкананні паказчыкаў па баявой падрыхтоўцы члены пярвічнай арганізацыі БРСМ, якую ўзначальвае яго памочнік па рабоце з насельніцтвам Міхаіл Шабуня. Маладыя пагранічнікі валодаюць высокімі маральна-псіхалагічнымі якасцямі, па іх ініцыятыве праходзяць усе ўнутрывайсковыя мерапрыемствы. “Пагранвойскі – гэта маё прызванне. Задаволены, што ёсць мой унёсак у ахову дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”, – шчыра прызнаецца Дзяніс Гайдукевіч.

Задаволены актывістам-пагранічнікам і ў райкаме ГА “БРСМ”. Як адзначыла першы сакратар Аксана Высагроцкая, з Дзянісам Гайдукевічам заўсёды можна знайсці кантакт: дамовіцца аб правядзенні экскурсіі для школьнікаў-членаў БРСМ, ён сам сустракаецца з дзецьмі, расказвае пра службу і быт пагранічнікаў. І трэба бачыць, як загараюцца вочы будучых салдат, калі ў іх з’яўляецца магчымасць патрымаць у руках зброю, паназіраць за затрыманнем умоўнага парушальніка граніцы, пабываць ля вальераў, дзе ўтрымліваюцца службовыя сабакі. Значыць, малады камандзір натхняе. А ўзрост чалавека, як вядома, вызначае стан яго душы.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий