Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць над чым працаваць

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERAДобры дзень, паважаныя жыхары Камянеччыны! Сёння, напярэдадні 75-годдзя ўтварэння Камянецкага раёна, звяртаюся да вас з найлепшымі пажаданнямі і словамі шчырай падзякі за вашу працу, за паважлівае стаўленне да роднай зямлі, за любоў да яе!

Да юбілею раён прыйшоў з пэўнымі поспехамі практычна ва ўсіх галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Нам ёсць чым ганарыцца. Калі яшчэ шэсць гадоў таму па аб’ёму выручкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг раён быў недзе на 10-12 месцы сярод раёнаў вобласці, то летась мы сталі пятымі. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што Камянеччына трывала “стаіць на нагах” і развіваецца, паступова рухаючыся наперад.

Прамысловыя прадпрыемствы раёна працуюць устойліва і стабільна: “Аграпрадукт”, “Белавежскія сыры”, “Риона.by”… Гэты пералік можна дапаўняць і дапаўняць. Адметна, што развіваецца не толькі буйная вытворчасць, але і малы і сярэдні бізнес. За апошнія 5 гадоў у раёне створана каля 200 новых прадпрыемстваў, 1100 рабочых месцаў. Уражвае. І лішні раз даказвае, што ў Камянеччыны ёсць вялікі патэнцыял для далейшага развіцця, трэба толькі граматна яго выкарыстоўваць, задзейнічаць усе скрытыя магчымасці.

Яскравы прыклад граматнага гаспадарання – мінулагодняя работа нашых аграрыяў, якія зрабілі па-сапраўднаму шыкоўны падарунак раёну, – рэкордны ўраджай у 135,5 тысяч тон зерня (з кукурузай). Дзякуй вам і хвала вашым руплівым рукам, якія ствараюць дабрабыт Камянеччыны. Спадзяюся, што сёлета, у юбілейны год, сельская гаспадарка будзе, як кажуць, на ўзроўні!

Таксама важная галіна ў эканамічнай трываласці раёна – турызм і агратурызм. Наш раён займае лідзіруючыя пазіцыі па колькасці аграсядзіб не толькі на Брэстчыне, але і ў краіне ўвогуле. А чаго вартая жамчужына прыроднай прыгажосці – Белавежская пушча? Гэта наш брэнд, і прыемна, што інфраструктура вакол Нацыянальнага парка ўдасканальваецца год ад года. Добрым штуршком для развіцця турыстычнай галіны стане ўвядзенне ў хуткім часе ў дзеянне пагранічнага перахода “Пясчатка”. І нам трэба задумацца аб развіцці прыдарожнага сэрвісу на аўтамабільным абходзе вакол Белавежскай пушчы – гэта якраз тыя скрытыя магчымасці, пра якія я гаварыў раней.

Многа зроблена і ў сацыяльнай сферы. Вельмі добра, што ў 2014 годзе распачалі маштабныя работы па добраўпарадкаванні Высокага, – гэта рэканструкцыя цэнтральнага сквера, рамонт школы і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця ў малым горадзе. Гэтыя работы будуць працягвацца і сёлета. У Каменцы нарэшце “знімецца” пытанне з ачышчальнымі збудаваннямі: сёлета яны павінны быць уведзены ў эксплуатацыю. Так, зроблена многа. Але многае і не зроблена. Ёсць яшчэ ў нас шэраг праблем. Аднак, улада імкнецца як мага хутчэй вырашаць іх. Не заўсёды гэта атрымліваецца – на тое ёсць як аб’ектыўныя, так суб’ектыўныя прычыны. І тут мы вельмі спадзяёмся на дапамогу жыхароў Камянеччыны. Падказвайце нам, райце, звяртайцеся са сваімі праблемамі. Вашы звароты, як своеасаблівыя маякі для ўлады, арыенціры, што ўказваюць, дзе ў першую чаргу трэба прыкладаць намаганні. Менавіта вы ацэньваеце нашу работу, і тое, наколькі камфортна жыць у раёне, і ёсць галоўны паказчык якасці работы ўлады. Яе дзеяння або бяздзеяння.

Асобным радком, асаблівымі словамі пашаны і павагі, звяртаюся да нашых ветэранаў. Шаноўныя нашы, нізкі паклон вам за вашы подзвігі: ратныя і працоўныя! Мы памятаем усё, што зроблена вамі, усведамляем, што без падмурка, створанага вамі, сённяшняе дынамічнае развіццё Камянеччыны было б немагчымым. Дзякуй вам! І паверце, вам не будзе сорамна за нас, цяперашняе пакаленне, якое жыве і працуе на такой прыгожай зямлі – Камянецкай!

Яшчэ раз з юбілеем! З Новым годам, з Калядамі! Хай будуць ва ўсіх здароўе, дабрабыт, узаемапаразуменне і ўзаемапавага! Дапамагай вам Бог!

Андрэй ПІСАРЫК,

старшыня Камянецкага раённага выканаўчага

камітэта.

Добавить комментарий