Няма слова, больш не адпаведнага маладосці душы Ніны Астапаўны Нікіцюк, чым “70-годдзе”. Але менавіта такі юбілей камянчанка будзе святкаваць 6 кастрычніка. І амаль 50 гадоў са сваіх 70-і яна працуе з кнігай – можа, у гэтым і тоіцца сакрэт невычэрпных аптымізму ды пазітыву? Праверым…
Ніна Астапаўна прыехала на Камянеччыну з Дзівіна, што на Кобрыншчыне. Яна нарадзілася ў чытаючай сям’і, мела перад вачыма прыклад старэйшай на 8 гадоў сястры, што працавала бібліятэкарам, і ахвотна прадоўжыла дынастыю (а сёння тую ж прафесію абрала і яе пляменніца).
У 1973 годзе мая суразмоўца скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, марыла вярнуцца працаваць на радзіму, але лёс распарадзіўся іначай. У Брэсцкім упраўленні культуры выпускніцы прапанавалі 3 варыянты на выбар: Пінск, Маларыту і Каменец. Па карце яна замерала адлегласць ад гэтых гарадоў да Дзівіна і спынілася на нашым райцэнтры, што знаходзіўся бліжэй за іншыя.
Адразу адчула: дома!
Першага жніўня Ніна Астапаўна прыйшла ў Камянецкую раённую бібліятэку, дзе адразу адчула: дома! Пашанцавала з калектывам, старэйшым па ўзросце, вопытным, дружным і гатовым прыйсці на дапамогу. Асабліва падтрымлівала маладую спецыялістку Ала Максімаўна Брацянкова. З такім “тылам” не страшна было пераходзіць літаральна праз два з паловай месяцы на адказную пасаду загадчыцы бібліятэкі.
– Страшна стала ў 1977-м, калі пачалося аб’яднанне ўсіх бібліятэк раёна, іх было 65, у цэнтралізаваную сістэму, – прыгадвае Ніна Астапаўна. – Тады адбывалася поўная перабудова нашай дзейнасці. Даводзілася шмат ездзіць па раёне – дапамагаць, тлумачыць, весці семінары і практыкумы, пісаць падрабязныя інструктыўныя матэрыялы.
36 гадоў Ніна Нікіцюк кіравала цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай, і лепшай ацэнкай яе работы стануць цёплыя словы супрацоўнікаў бібліятэк, прыведзеныя ніжэй.
У 2009 годзе мая суразмоўца стала галоўным бібліятэкарам аддзела бібліятэчнага маркетынгу Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. У. Ігнатоўскага і сваю працоўную дзейнасць скончыла ў 2013-м.
Падарожжы і знаёмствы
Калі пытаюся пра самыя запамінальныя моманты з працоўных будняў, Ніна Астапаўна расказвае:
– Не забыць і сёння нашы паездкі на раён, у сельскія бібліятэкі. Колькі кур’ёзных выпадкаў здаралася са мной і маімі калегамі! Помню, як аднойчы за дзень прайшлі пешшу 6 кіламетраў і праехалі ажно на 12 спадарожных машынах; як з-за згубленых ключоў давялося лезці ў бібліятэку ў Мыкшыцкім клубе праз акно; як, накіроўваючыся ў Мачулішчанскую сельскую бібліятэку, заблукалі і ледзь не выйшлі да пагранзаставы. Ужо няма гэтых бібліятэк, а памяць захоўвае нашы падарожжы…
А аднойчы, я тады яшчэ толькі-толькі пачынала працаваць, да мяне ў чытальную залу прыйшоў наведвальнік, які заявіў, што будзе прыходзіць штодзень, бо мае пільную патрэбу адшукаць цытату Леніна. Ён збіраўся перагартаць паслядоўна ўсе 55 тамоў збора твораў! Вось тады мне асабліва спатрэбіліся атрыманыя раней веды. Узяла даведачны том са збора ўсяго напісанага Уладзімірам Ільічом, знайшла кнігу, у якой была тая самая цытата, і вынесла чытачу. Бачылі б вы, як ён здзівіўся! А мне радасна, што чалавеку дапамагла.
Прыгадваем таксама пра літаратурна-музычную гасцёўню, якая дзейнічала з 1984 года пры бібліятэцы пад кіраўніцтвам Ніны Нікіцюк і пісьменніцы Святланы Курылёвай. На вечарынах тады прысутнічала інтэлігенцыя горада, абмяркоўваліся новыя раманы Ю. Бондарава, Н. Думбадзэ, В. Быкава, В. Распуціна, М. Рыбакова… Падчас музычных вечарын знаёміліся з творчасцю П. Чайкоўскага, Г. Свірыдава, М. Цвятаевай.
– Тады бібліятэка была адзіным месцам для такіх зносін, – успамінае Ніна Астапаўна. – Гэтая гады былі самымі лепшымі, цікавымі і запамінальнымі! Але жыццё ўнесла свае карэктывы. З надыходам перабудовы, галоснасці літаратурная гасцёўня страціла сваю актуальнасць.
Сёння Ніна Нікіцюк ходзіць у камянецкую бібліятэку ўжо як чытач, але і ад удзелу ў мерапрыемствах не адмаўляецца, і параіць ці дапамагчы заўсёды гатова. Без кнігі мая суразмоўца не ўяўляе свайго жыцця, бо яна – лепшы адпачынак, і сярод любімых аўтараў выдзяляе Чынгіза Абдулаева, які піша палітычныя дэтэктывы, Уладзіміра Колычава. Апошняя прачытаная на сёння кніга – “Итальянская любовь Максима Горького” Кацярыны Барсавай.
Сваё захапленне чытаннем Ніна Астапаўна перадала дачцэ з сынам і старэйшай унучцы Машы, якая ўжо замужам, а цяпер асцярожна прывівае любоў да кнігі 8-гадоваму ўнуку Андрэю:
– Прапаноўваю чытаць па старонцы па чарзе. Так паступова знаёмімся з апавяданнямі Драгунскага.
На заслужанам адпачынаку
У 2013-м, адразу пасля выхаду на заслужаны адпачынак, Ніна Астапаўна атрымала прапанову ад настаяцеля Сімяонаўскага храма ў Каменцы, протаіерэя Сергія Буркоўскага ўзяць пад апеку царкоўную бібліятэку і з радасцю згадзілася. Давялося добра папрацаваць, каб класіфікаваць увесь фонд, зрабіць каталог і ўсё ў цэлым давесці да ладу. Гэта атрымалася! Праз тры гады Ніна Нікіцюк стала яшчэ і памочнікам благачыннага па місіянерскай рабоце.
А яшчэ Ніна Астапаўна завяршыла працу над матэрыяламі для другога тома кнігі “30 гадоў Брэсцкай епархіі”, у які ўвойдуць (сярод іншых) сабраныя ёю за 1,5 года звесткі пра цэрквы Камянецкага благачыння.
– Пачыналі збіраць з высакаўчанінам Юрыем Сахарчуком, якога сёння, на жаль, ужо няма з намі, – зазначае яна, бо справядлівасць – перш за ўсё.
Увогуле, яшчэ працуючы ў раённай бібліятэцы, Ніна Нікіцюк з ахвотай займалася краязнаўчай работай.
Сярод любімых праваслаўных аўтараў Ніна Астапаўна называе Наталію Сухініну, асабліва раіць кнігі “Прощание славянки”, “Белая ворона” і “Везучая Зинаида”.
Летась за сваю плённую працу Ніна Нікіцюк была ўзнагароджана медалём Рускай Праваслаўнай Царквы. Ёсць і іншыя ўзнагароды…
Калі пытаюся пра заняткі ў вольны час, мая суразмоўца называе (апрача кніг) інтэлектуальныя тэлеперадачы, сяброўства з інтэрнэтам, вязанне тапачак пруткамі, агарод і дэкламаванне вершаў. Апошняе мяне ніколькі не здзіўляе, бо сама неаднаразова была сведкам надзвычай артыстычных выступленняў Ніны Астапаўны. А яна расказвае, як пасля школы, не паступіўшы з першага разу ў інстытут, пайшла працаваць маркіроўшчыцай швейнай фабрыкі ў Кобрыне і там іграла радыстку ў самадзейным тэатры, створаным пры ёй. Гэта многае тлумачыць!
– Неаднаразова выступала ў ролі канферансье. Удзельнічала ў конкурсах чытальнікаў. Асабліва люблю дэкламаваць вершы Юліі Друнінай, у першую чаргу – “Зінку”. А ўвогуле аднойчы прачытала пра гэту паэтэсу цікавы факт. Яна напісала 12 слупкоў верша, прысвечанага вайне, а потым, перачытаўшы, скараціла да… аднаго. Вось гэтага, шырока вядомага: “Я столько раз видала рукопашный, // Раз наяву. И тысячу – во сне. // Кто говорит, что на войне не страшно, // Тот ничего не знает о войне”. Вось якая патрабавальнасць да сябе і які талент!
На пытанне “Што азначае для вас узрост?” Ніна Астапаўна адказвае:
– Гэта стан душы! Адчуваю сябе, як кажуць, на чарговыя 35. (Смяецца.) А іншым людзям “залатога” ўзросту раю не звяртаць увагі на балячкі, быць аптымістам і, прачнуўшыся, гаварыць сабе: “У мяне ўсё будзе добра!”
Возьмем парады на ўзбраенне?
Настасся НАРЭЙКА.
Гавораць калегі
Таццяна МАРЫНЧУК, Высокаўская бібліятэка:
– Ніна Астапаўна заслугоўвае толькі самых добрых слоў у свой адрас! Гэта вельмі добры, спагадлівы, незлапамятны чалавек, справядлівы і патрабавальны кіраўнік, да меркавання якога прыслухоўваліся. Заўвагі ўспрымалі без крыўды – як кіраўніцтва да дзеяння. 45 гадоў таму я прыйшла на працу ў бібліятэку ў Высокім адразу пасля школы, і без падтрымкі калег мне было б безумоўна няпроста. Не збіралася заставацца бібліятэкарам, але Ніна Астапаўна ўбачыла ўва мне патэнцыял, сама напісала заяву на паступленне ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, адправіла мае дакументы і потым… проста паставіла перад фактам, што мушу ехаць! Сёння шчыра дзякую ёй за такі давер, за падтрымку і веру ў мае сілы! Думаю, я і працую сёння ў бібліятэцы з той прычыны, што былі перад маімі вачамі такія людзі, як Ніна Нікіцюк, яе намесніца Яўгенія Семянюк і загадчыца аддзела камплектавання Надзея Постнікава. Яны “гарэлі” сваёй работай і “запальвалі” іншых.
Акрамя таго, з цеплынёй узгадваю турыстычныя паездкі, якія арганізоўвалі для нас Ніна Астапаўна і Надзея Васільеўна, – суцэльны пазітыў!
Любоў КАЗАЧУК, Амелянецкая бібліятэка:
– Такога добрага, сумленнага чалавека, як Ніна Нікіцюк, яшчэ трэба пашукаць! Яна заўсёды выслухае, дапаможа, падтрымае. Помню, калі толькі прыйшла на работу ў 1984-м, вельмі хвалявалася і толькі дзякуючы цёплым адносінам і дапамозе Ніны Астапаўны змагла асвоіцца. Не прыгадаю ніводнага выпадку, каб яна не паспагадала чалавеку, пакінула сам-насам з цяжкасцямі. Такіх кіраўнікоў мала – іх варта берагчы і цаніць! І сёння Ніна Нікіцюк не забывае сяброў, заўсёды павіншуе з днём нараджэння і прафесійным святам, пры сустрэчы ніколі не абміне, спыніцца, распытае пра здароўе.
Раіса РАМАШКА, Камянюцкая бібліятэка:
– Ніна Астапаўна – цудоўны чалавек. Сустракаючыся выпадкова, заўсёды абнімаемся, як родныя людзі. Мы зладжана працавалі і сябравалі. Як сябруем і сёння. Такога кіраўніка рэдка сустрэнеш! Прысвячаю Ніне Астапаўне верш:
Говорят, что в мире
люди злые,
Не умеют сострадать, любить,
Но ведь есть пока еще иные,
Дружбой что умеют дорожить.
В Каменце есть женщина
такая,
С искоркой задора и добра.
При случайной встрече,
не скрывая,
Нас с душой обнимет,
как сестра.
Много лет работая
в культуре,
Понимала с полуслова нас.
Да, Нина Остаповна
«в натуре» –
Настоящий гений,
просто класс!