Мір у простым алоўку

IMG_6147Менавіта такім, графічным і дасканалым, бачыць яго пяцікласніца Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў Яўгенія Садоўская, чыя выстава малюнкаў, выкананых простым алоўкам, размясцілася ў актавай зале ўстановы адукацыі. На адкрыццё вернісажу прыйшлі гімназісты 5 і 7 класаў, якіх з радасцю віталі і сама мастачка, і яе педагог Алена Казарэз.

Работы Жэні ў большасці сваёй – партрэты. І галоўнае на іх, безумоўна, – вочы, у якіх люструюцца характар чалавека, якога малююць, яго мары і памкненні, думкі і сны…

– Праз вочы можна паказаць пачуцці, – тлумачыць юная мастачка.

Большасць твараў на малюнках Жэні пазнавальныя тым, хто любіць сучасныя серыялы. А мне асабіста больш запомніўся партрэт задуменнага хлопчыка.

Таксама ўражваюць работы дзяўчыны, на якіх кожны камянчанін лёгка пазнае звыклыя краявіды роднага горада: у прыватнасці, Камянецкую гімназію, у якой, дарэчы, юная мастачка вучыцца ў 11 класе. Звязваць сваю будучую прафесію з маляваннем яна не збіраецца.

– Маё захапленне застанецца толькі хобі. Галоўнае, каб яно прыносіла радасць людзям.

І прыносіць, паверце мне! Сведчаннем таму нядаўні факт з творчай біяграфіі Жэні – яна падрыхтавала сваім знаёмым жаніху і нявесце выдатны падарунак на вяселле – сямейны партрэт. Ці можа хто пахваліцца сёння, што мае такі ў сваёй хатняй калекцыі?

У недалёкай будучыні юная мастачка плануе заняцца маляваннем акварэллю і рознакаляровымі алоўкамі. Пажадаем ёй плёну!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий