Музыка без границ

Яшчэ ў гады дзяцінства, памятаю, я глыбока паважала тых сваіх равеснікаў, якія, акрамя звычайнай школы, наведвалі яшчэ і музычную. Пасля ўрокаў матэматыкі, мовы і геаграфіі яны спяшаліся дадому, мянялі партфель на футляр са скрыпкай ці флейтай і беглі на наступныя заняткі. “Ты куды?” – пыталася я. – “У музыкалку,” – адказвалі яны. І як зайздросціла я тады тым сваім аднагодкам, у жыцці якіх была музыка!
У чарговы раз адчуць тую самую невыказную павагу да таленту мне давялося падчас наведвання ў Расне музычнай школы, што размяшчаецца ў мясцовым сельскім Доме культуры. Дзейнічае яна з 1967 года і налічвае 6 класаў, у якіх навучаюцца 59 дзяўчынак і хлопчыкаў. Цудоўныя гукі музыкі з’яўляюцца на свет Божы кожны раз, калі іх рукі дакранаюцца да любімага інструмента: цымбалаў, баяна, акардэона ці фартэпіяна. 7 асноўных педагогаў і 4, што працуюць па сумяшчальніцтве, дапамагаюць вучням далучацца да прыгажосці. Сярод іх дырэктар Раснянскай музычнай школы Леанід Пажарны выдзяляе Алену Грынёву (цымбалы) і Аляксандра Будзько (акардэон), а на маё пытанне наконт маладых спецыялістаў адказвае без роздумаў, прыводзячы канкрэтны прыклад – Алісу Супрунюк, якая для таго, каб вучыць дзяцей ігры на фартэпіяна, ужо год ездзіць на работу з Высокага.
Раснянскую музычную школу наведваюць юныя музыканты не толькі з аграгарадка, у якім яна знаходзіцца, але і іншых вёсак, што побач. З Абяроўшчыны іх прывозіць на заняткі аўтобус, а вось у Вярховічах, у зімовы час, калі дабірацца не заўсёды зручна, адкрыты асобны клас. Двойчы на тыдзень (у аўторак і пятніцу) туды выязджаюць двое настаўнікаў. “Магчыма, калі-небудзь зробім там філіял,” – дзеліцца планамі Леанід Сямёнавіч.
Сапраўды адораных, таленавітых вучняў у Раснянскай музычнай школе нямала. З цеплынёй узгадвае дырэктар 13-гадовую Соню Дзегцярэнка, якая ў 2009 годзе іграла на фартэпіяна на конкурсе “Залатая траянда” ў Львове і заняла ганаровае другое месца. А вось з іншай маленькай “зорачкай”, 10-гадовай Лерай Піцук, мне пашчасціла пазнаёміцца асабіста. Пазалетась дзяўчынка заваявала 2-е месца ў Міжнародным конкурсе піяністаў імя Зарэбскага ў Польшчы і ахвотна сыграла для гасцей з раённай газеты неўміручага Баха.
Ганарыцца музычная школа таксама і сваімі выпускнікамі (вучацца тут, дарэчы 5 і 7 гадоў у залежнасці ад таго, калі пачаць). Адзін з іх, Юрый Аўсіевіч, напрыклад, скончыў Мінскую і Маскоўскую кансерваторыі.
Са сваімі канцэртамі да розных святаў юныя музыканты часта выступаюць у Расне. Сваю актавую залу для рэпетыцый такіх значных мерапрыемстваў ахвотна прадастаўляе сярэдняя школа. Магчыма, у хуткім часе будзе зроблены рамонт і ў самой музычнай школе… Дарэчы, варта згадаць і той факт, што вучыліся тут у свой час начальнік аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Мікалай Громік і дырэктар Высокаўскай музычнай школы Уладзімір Грыцук.
Цікава, што на падрыхтоўчым аддзяленні ёсць тут адзін незвычайны вучань, якому… 67 гадоў. Іван Уладзіміравіч Марчук з Пагранічнай атрымаў аднойчы акардэон у падарунак ад сына і вырашыў асвоіць гэты інструмент. Улетку аматар музыкі прыязджае на заняткі на скутары, ахвотна і паспяхова асвойвае выкананне народных песень. Зімой Іван Уладзіміравіч браў сабе, так бы мовіць, “канікулы”, але ў хуткім часе зноў накіруецца ў Расну. Няхай жа імкненне да прыгажосці не ведае ніякіх межаў! Асабліва – узроставых.

Настасся НАРЭЙКА
Фота Наталлі ГРЫЦУК

Добавить комментарий