Молебен на месте разрушенной церкви

Мінуў той час, калі веру праследавалі, зачынялі цэрквы, апаганьвалі і ламалі іх. Цяпер адраджаюцца храмы Божыя, будуюцца новыя, але не ўсе яны адноўленыя. Ад многіх цэркваў засталіся толькі памятныя месцы. Намоленыя. Адно з іх – тое, дзе некалі стаяла Крынецкая Свята-Мікалаеўская царква.
Гістарычная даведка
Архіўныя дакументы не даюць дакладнага адказу, калі ўзнікла сяло Крынкі. Так, “Пшычынкі до дзеюв повяту Бжэскіего” (ксавэры Зданьскі, Варшава, 1936) прыводзяць ускосны год нараджэння сяла – 1775-ы. Кліравыя ведамасці ўпамінаюць Крынкі пад 1668 годам. Аднак гэтае сяло ўсё ж больш старое, бо недалёкія Паніква і Навасёлкі ўпершыню згадваюцца адпаведна ў 1533 і 1561 гадах. Першай у крынках была збудавана (у 1668 годзе) драўляная Свята-Мікалаеўская царква. У прыход уваходзілі Навасёлкі і Паніква, у міжваенны перыяд дабавіліся Кастары і Вялічкавічы. Хоць мы ведаем сапраўдную дату збудавання Крынецкай царквы, але з дастатковай доляй упэўненасці можна сказаць, што ёй папярэднічала больш ранняя.
Крынецкі прыход імкнуў да Воўчына як цэнтра Воўчынскага графства (адміністрацыйная адзінка – аўт.), якім валодалі Солтаны (XV-XVI ст.ст.), Гасеўскія, Слушкі, Сапегі, Флемінгі, Панятоўскія, Чартарыскія (XVII-XVIII ст.ст.).
Міхал Чартарыскі валодаў Кры­нкамі ў 1755 годзе, а з 1862 го­да гаспадыняй тут была Эльжбета Красінская. Крынецкі храм, збудаваны ў 1668 годзе, пастарэў, і на яго месцы князем Адамам Чартарыскім у 1767 годзе быў збудаваны новы, драўляны. Да Крынецкага прыхода адносілася і сяло Паніква. (Цяпер вымаўляюць і пішуць: Паніквы.На самой справе назва – ад рэчкі Паніква. На Камянеччыне захаваліся тры тапонімы-рэлікты: Шышова, Пульва, Паніква, дзе часцінка “ва” ў старажытных угра-фінскіх мовах азначала “вада”).
Некалі Крынкі былі вялікім сялом, Паніква – меншым. З часам усё змянілася. У Панікве ў 1791-м збудавана Свята-Успенская драўляная царква, яна стала прапісной да Крынецкай прыходскай. Кліравыя ведамасці сведчаць, што Панікоўская царква намнога старэй за Крынецкую. Адно са сведчанняў – ікона Успення Божай маці, якая напісана ў 1648 го­дзе і якая знаходзілася ў храме(сталічныя атэісты змясцілі яе ў Дзяржаўны мастацкі музей, што ў Мінску).
Паводле звестак на 1803 год, у Свята-Мікалаеўскай Крынецкай царкве служыў свяшчэннік айцец Сімяон (Абрамовіч). Тут было 757 прыхаджан. Каллятар (папячыцелька) – княгіня Браніцкая. У Свята-Успенскай царкве служылі айцы Мар’ян (Навакевіч) і Павел (Мацьковіч). Было 356 прыхаджан. Папячыцель Панікоўскай царквы – Адам Чартарыскі. У 18 ст. фундатарамі – ахвяравальнікамі матэрыяльных сродкаў – Крынецкай царквы былі Сангушкі, Панікоўскай – Чартарыскія. Абедзве царквы з пачатку ўніяцтва і да 1839 года – уніяцкія.
На канец 19 ст. Крынецкаму прыходу належалі 160 дзесяцін зямлі, з іх ворнай – 72, пясчанай – 30, сенажаці – 41, дрывянага лесу – 15, пашы – 2. Зямлю здавалі ў арэнду “на трацяк”, г.зн. арандатары бралі 2/3 ураджаю, царкве аддавалі трэць яго. На той жа час Панікоўскай царкве належалі 18 дзесяцін зямлі, з іх 13 – ворнай, 5 – пясчанай.
У 1905 годзе ў Крынках было 188 жыхароў. У 1910-м Крынецкая царква адрамантавана. З 1865 да 1915 года ў Крынках было народнае вучылішча. У 1900-м Крынецкі прыход наведаў Яго Праасвяшчэнства епіскап Брэсцкі Іаакім (Лявіцкі), ка­му ў 1995 годзе на цвінтары Свята-Сімяонаўскага храма ў Каменцы пастаўлены памятны крыж як свяшчэннапакутніку.
Міжваенны перыяд
Пасля вяртання сялян з бежанства аднавіліся службы Божыя ў Свята-Мікалаеўскім і Свята-Успенскім храмах. Аднак рэха вайны адгукалася: былі знішчаны царкоўныя летапіс, бібліятэка і метрыкі. Не хапала богаслужэбных кніг. І не ўсе тутэйшыя людзі вярнуліся – памерлі ад хвароб, засталіся там, дзе жылі ў бежанстве. З той прычыны ў 1924-м у Крынках было толькі 18 хат і 110 жыхароў. Аднак людзі паступова ўладкоўваліся, расло насельніцтва: у 1929-м у Крынках было ўжо 29 хат і 190 жыхароў, у Панікве – 97 і 572 адпаведна. У 1925-м у Панікве была адкрыта школа – з выкладаннем на польскай мове. У 1931-м у школах Паніквы, Навасёлкаў, Вялічкавічаў было ўжо 172 вучні…
Дакладна вядома, што ў 1924 годзе старастам Крынецкай царквы быў Пётр Грэбень. Гэтае прозвішча вымушае яшчэ раз азірнуцца назад і расказаць пра дваіх вядомых ураджэнцаў Крынак і Навасёлак…
У Крынках у 1888-м нарадзіўся Леанід Грэбень. Пасля бежанства застаўся ва Украіне, дзе атрымаў вышэйшую адукацыю. Вучоны-жывёлавод, ён працаваў у Асканіі-Нова. З 1948 года – акадэмік АН УССР, член Усесаюзнай Акадэміі сельскай гаспадаркі. Ён – аўтар многіх работ па заатэхніі, селекцыі. Як ён даводзіцца Пятру Грэбеню – цёзка па прозвішчу ці сваяк?
Навасёлкі – радзіма Міхаіла Песенкі, які нарадзіўся ў 1939-м. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Данецку. Украінскі пісьменнік (але піша па-руску) – аўтар кніг “Эхо моих вёсен” (1976), “Багряные солнца” (1979).
Час атэізму
Пасля вызвалення ў 1944-м Камянецкага і Высокаўскага раёнаў цэрквы, царкоўны рыштунак і збудаванні савецкая ўлада экспрапрыіравала. Упаўнаважаны па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры Саўміне СССР па Брэсцкай вобласці Аўласенка быў галоўным наглядчыкам. Ён патрабаваў, каб паміж царкоўнай абшчынай і адпаведным райвыканкамам існавала дамова аб перадачы царкве ў бясплатнае карыстанне зямельнага ўчастка, ікон, царкоўнай маёмасці. У кожнай царкве павінны былі быць анкеты свяшчэнніка і псаломшчыка, членаў царкоўнага савета, а таксама – пасведчанне аб рэгістрацыі царкоўнай абшчыны, вопіс царкоўнай маёмасці.
Крынецка-Панікоўскі прыход зарэгістраваны 23 сакавіка 1945 года, нумар рэгістрацыі – 10, заснавальнікаў – 169. У час 2-й сусветнай вайны паўночна-усходні вугал Свята-Мікалаеўскай царквы (драўлянай, крытай бляхай) пашкоджаны снарадам, пазней – адрамантаваны. Званіца – асобна, званоў не было, ды і цагляны плот вакол царквы разбураны. Царква стала прыпісной, змяшчала 300 прыхаджан. У 1946-м тут праведзена каля 20-і службаў. А прыходскай царквою стала Панікоў­ская Свята-Успенская, разлічаная на 240 прыхаджан. Штомесяц у 1946-м тут было 4-6 службаў…
У 60-я гады мінулага стагоддзя пачалося хрушчоўскае багаборства. Пачалі зачыняць і разбураць цэрквы. На вялікі жаль, выконваць гэтую брудную “работу” пасылалі і навучэнцаў Высокаўскага прафтэхвучылішча. Згодна з пратаколам №1 ад 6 лютага 1963г. і пісьмом аблвыканкама ад 28 снежня 1962-га, на пасяджэнні Савета па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пры Саўміне СССР было прынята рашэнне: “Закрыть церкви в Крынках и Паникве. Здание первой разобрать, второй – переоборудовать под сельский клуб (подпись: член Совета А.Шиков).
Так, Крынецкая царква была разбурана. А Панікоўская, хоць і была закрыта, але прыхаджа­не збераглі і храм, і царкоўны рыштунак. Юрыдычна царква была зачынена, а дэ-факта дзейнічала. Прыхаджане маліліся тут без свяшчэнніка і падтрымлівалі храм у прыстойным стане…
Пакаянне
Напярэдадні Успення Божай Маці 27 жніўня 1988 года храм урачыста асвяціў, па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, благачынны Брэсцкай благачыннай акругі протаіерэй Яўгеній Парфянюк у саслужэнні духавенства благачыння. Царква аднавілася.
За бязбожныя дзеянні маладых людзей цяперашнія навучэнцы Высокаўскага каледжа як правапераемніка тагачаснага прафтэхвучылішча прынеслі пакаянне. Яны бралі ўдзел у стварэнні фотаальбома “Церкви Каменецкого района».
памяць стукае ў сэрцы людзей. Толькі ў апошнія гады памятныя крыжы ўстаноўлены ў Крынках і ў Белай – у памяць аб спаленай царкве (стараннямі Наталлі Шахалевіч і жыхароў адроджанага сяла); у Каменцы, на горцы Кладуча, на месцы першай царквы Благавешчання Прасвятой Багародзіцы (стараннямі айца Сергія); на цвінтары Свята-Сімяонаўскай царквы ў памяць аб свяшчэнна­пакутніках, архіепіскапах Андроніку Нікольскім і Іаакіму Лявіцкім. Пакуль не ўсюды, дзе стаялі цэрквы, пастаўлены крыжы, але неабходна захоўваць памяць аб гістарычных мясцінах і збудаваннях. Пакуль яна не адышла ў Лету. Да Дня пісьменнасці аўтар тых радкоў (Г.Мусевіч — рэд.) прапанаваў шэраг канкрэтных спраў па захаванні памяці. Амаль нічога, на жаль, не зроблена. А час сплывае, нібы свечка. Мы не павінны згубіць памяць пра былое.
P.S. Пры падрыхтоўцы матэрыяла скарыстаны наступныя фактычныя крыніцы: «Клировые ведомости 3-го благочинного округа» (Ф.-2059; ОП.-4; Д.-10-16); «Наезд на дом Ф.Вагановского»; «Сёла Подляшья»; Марьян Радван – “Косцюл греко-католицки в забожэ росыйским”, ок. 1803; Н. Милашевский – Из быта белаго униатского духовенства. Вильна, 1873; Указатель населённых пунктов Гродненской губернии. Гродно. 1905; Владимир Леонюк – «Словник Берестейшчины» і другія.

Георгій Мусевіч,
краязнаўца;
Галіна Качаноўская,
стваральніца музея Воўчына

Добавить комментарий