Лёс, перададзены ў спадчыну

Перадавога механізатара Андрэя Новіка атрымалася «злавіць» толькі ў полі. На зямельных угоддзях ля Прускі Валгіновай, якія належаць ААТ «Відамлянскае», ён з калегамі займаецца падрыхтоўкай глебы да веснавой сяўбы – унясеннем арганічных угнаенняў. Неахвотна адарваўшыся ад працы, сціпла згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

Працоўная біяграфія механізатара Андрэя пачалася ў 1994 годзе. Пасля сярэдняй школы вучыўся на курсах механізатараў і прыняў рашэнне ісці працаваць у родную гаспадарку. Гэта нядзіўна, бо ў яго сям’і і дзед, і бацька, і маці працавалі тут. Так што з будучай прафесіяй ён знаёміўся яшчэ ў раннім дзяцінстве.

Андрэй гаворыць, што праца яго загартоўвае, дапамагае развівацца, не стаяць на месцы, імкнуцца да высокіх вынікаў. З васямнаццацігадовым стажам ён ужо вопытны спецыяліст, які “разумее” сучасную тэхніку і дасканала ёю валодае. Працуе ў асноўным на зерневым і буракаўборачным камбайнах, якія не падводзяць здольнага хлопца ні на веснавой сяўбе, ні ў восеньскай уборцы ўраджаю. Ён адзін з перадавых, умелых і, галоўнае, добрасумленных механізатараў гаспадаркі. Неаднаразова яго ўзнагароджвалі. На рэспубліканскіх Дажынках быў чатыры разы: займаў двойчы трэцяе месца, а таксама – другое і першае.

Пакуль не быў жанаты, хацеў памяняць месца работы і жыхарства, але, сустрэўшы будучую жонку, зразумеў, што тут яго лёс. Зараз Галіна працуе галоўным ветэрынарным урачом у ААТ «Відамлянскае». Разам выхоўваюць сына Паўла. Жывуць у доме, які атрымалі ад таварыства ў 2002 годзе, маюць асабістую гаспадарку.

Нягледзячы на тое, што вольнага часу для таго, каб з сям’ёй паехаць куды-небудзь адпачыць, амаль няма, працу сваю Андрэй любіць. Гонар за “Відамлянскае”, што заўсёды сярод першых, выклікае жаданне працаваць яшчэ лепш. Так, і заработная плата задавальняе, і добрыя адносіны ў калектыве таксама спрыяюць гэтаму.

Добавить комментарий