Лес – не толькі прафесія, але і жыццё…

лес, МатюшикПраца ў лясной гаспадарцы хоць і цяжкая, але вельмі цікавая. Выпадковых людзей у такой прафесіі няма. Калі паглядзець спіс тых, хто ў ёй шчыруе, то можна заўважыць, што ў большасці выпадкаў назіраецца дынастыйны (ад слова “дынастыя”) выбар працы.

Таццяна Рыгораўна Мацюшык працуе ў лясной гаспадарцы ўжо 22 гады. Лес стаў другім домам для жанчыны. Нядаўна памочнік ляснічага Камянецкага лясніцтва ДЛГУ “Брэсцкі лясгаз” Таццяна Мацюшык удастоена ўзнагароды Прэзідэнта Беларусі – медаля “За працоўныя заслугі”.

Любоў да лесу ў Таццяны Рыгораўны цягнецца з самага дзяцінства. Бацька працаваў шафёрам у Белавежскай пушчы, і дзяўчынка вельмі часта ездзіла з ім, шмат часу праводзіла сярод дрэў. У 10 класе Таццяна ясна ведала, што працаваць пойдзе выключна ў лясную гаспадарку. Нягледзячы на тое, што бацькі былі не ў захапленні ад гэтай ідэі дачкі.

– У газеце ўбачыла аб’яўку пра набор на курсы пры Беларускім тэхналагічным інстытуце ім. С.М. Кірава, – расказвае Таццяна. – Я разумела, што у мяне, дзяўчынкі з вёскі, шанцаў не так шмат, ад гэтай думкі я яшчэ болей імкнулася да сваёй мэты і рыхтавалася да паступлення. А калі ў паштовую скрыньку прыйшоў выклік з БТІ – радасці не было мяжы.

За час навучання Таццяна Мацюшык аніразу не пашкадавала пра свой выбар будучай працы. А добрыя выкладчыкі толькі падмацоўвалі ўпэўненасць.

Менавіта ў студэнцкі час Таццяна сустрэла свайго будучага мужа. Маладыя людзі вучыліся ў адной групе. А пасля размеркавання Таццяна трапіла ў Велікарыцкае лясніцтва, дзе, дарэчы, працаваў бацька будучага мужа, які вельмі дапамагаў маладому спецыялісту асвойвацца ў прафесіі. Час тады быў нялёгкі: размеркаванне маладога спецыяліста супала з гарачай, засушлівай парой, калі пажаранебяспечнае становішча ў лесе было вельмі напружанае.

– Тады ж не было мабільнай сувязі і на дапамогу прыходзілі толькі рацыі, – успамінае Таццяна. – Так Міхаіл Лукіч (бацька мужа – «НК») паставіў у сваім двары вышку і цэлыя суткі па рацыі адсочваў сітуацыю.

Сыну Таццяны Рыгораўны зараз 21 год, ён заканчвае пяты курс лесагаспадарчага факультэта БДТУ і, як распавядае маці, не шкадуе, што выбраў менавіта такую прафесію.

– Калі нарадзіўся сын, было цяжка: будавалі дом, хапала і іншых клопатаў, – успамінае Таццяна. – Таму ў дэкрэце я была толькі некалькі месяцаў, а потым выйшла на працу. Зараз, канешне ж, крыху шкадую, што ў такі час, калі малому патрэбны мацярынскія цяпло і клопат, я была не побач з ім.

– Галоўнае – слухаць сябе і сваё сэрца, ясна ісці па запланаваным шляху. Нават калі і на­б’еш шышак, то будзеш ведаць, што вінаваціць няма каго, так як рашэнне прымалася самастойна, – разважае Таццяна, і з ёй цяжка не згадзіцца.

І захапленні Таццяны, як і праца, звязаны з лесам: яна збірае драўляныя вырабы, статуэткі, ужо доўгі час займаецца фатаграфіяй. Калі я прапанаваў зрабіць яе фотаздымак для газеты, сказала, што пазіраваць не вельмі любіць, больш упэўнена адчувае сябе з іншага боку фотаапарата. І не вельмі цяжка здагадацца, што любіць фатаграфаваць жанчына, канешне ж, лес (як яна сама расказала). Можна сказаць, што лес – гэта не толькі яе прафесія, але і жыццё.

Дзяніс ТРАЦЮК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий