К 80-летию Г. С. Мусевича

491 просмотров, 2 комментария

“След на зямлі” – назва вечарыны-ўшанавання да 80-годдзя Г.С.Мусевіча, праведзенай у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Усевалада Ігнатоўскага.
Творчы след Георгія Сцяпанавіча значны. Важкі ўклад ён унёс у развіццё фізкультуры і спорту, за што прысвоена пачэснае званне заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь. Аб унёску ў краязнаўства сведчыць адкрытая ў чытальнай зале бібліятэкі кніжная выстава пад красамоўнай назвай “Мои года – моё богатство”. За апошнія 20 год выдадзены тры кнігі Георгія Мусевіча: “Мой горад” (да 720-годдзя Каменца), “Жыццё і смерць апошняга караля Польшчы” (выдадзена на польскай мове, дарэчы, на пяць гадоў раней, чым кніга Леаніда Несцерчука пра С.А.Панятоўскага), “Народ, які жыў сярод нас (2009 г.) А яшчэ – 9 кніг у сааўтарстве, 12 брашур, 630 гісторыка-краязнаўчых артыкулаў. А колькі цікавых работ яшчэ не надрукавана! Толькі летась створаны рукапіс кнігі “Слоўнік Камянеччыны” і 16 краязнаўчых работ. За ўвесь перыяд дзейнасці наш зямляк апублікаваў у розных выданнях некалькі тысяч допісаў як на спартыўную тэматыку, так і па гісторыі нашага краю. Аб жыцці і творчасці Г.С.Мусевіча расказана ў кнізе “Кто есть Кто в Республике Беларусь”, выдадзенай у Мінску да 60-годдзя Вялікай Перамогі.
Вядучыя вечарыны Галіна Аляшчэня і Людміла Парафянюк коратка расказалі пра асноўныя этапы жыцця і творчасці юбіляра. Цёплыя словы віншаванняў ад раённай улады адрасавала яму начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ірына Нігерыш. Цікава было паслухаць незабыўныя ўспаміны пра леты маладыя равесніц Георгія Сцяпанавіча камянчанак Марыі Мікалаеўны Корневай, Тамары Фамінічны Алекс, Веры Іванаўны Заброўскай… Мне таксама далі магчымасць выказаць ад сябе і калектыву рэдакцыі “Навін” віншаванні і словы ўдзячнасці нашаму няштатнаму аўтару за шматгадовае плённае супрацоўніцтва з раёнкай, а таксама за ўклад у падрыхтоўку шэрага матэрыялаў для раённай кнігі “Памяць”. сваю ўдзячнасць краязнаўцу выказала загадчыца філіяла “Камянецкая вежа” Брэсцкага краязнаўчага музея Таццяна Казулька, ад раённай бібліятэкі віншавала Ніна Астапаўна Нікіцюк. Па­віншаваць блізкага чалавека прыйшлі яго сын Міхаіл, жонка Ганна Міхайлаўна Будзько…
Бадай, найлепш пра сябе сказаў сам юбіляр. Найперш ён выказаў сардэчную падзяку жонцы і сваім былым вучням, цяпер – выдатным медыкам, якія дапамаглі ў цяжкі момант і правялі выратавальную аперацыю на сэрцы… А найлепш пра ўклад нашага земляка ў краязнаўства гавораць шматлікія водгукі знакамітых і не надта вядомых людзей з розных куткоў свету: пісьменнікаў, вучоных, журналістаў, святароў.
Віншаванні, сувеніры, пажаданні пражыць “сто лят” і не хварэць… А самыя каштоўныя падарункі – рэдкія выданні і свае рукапісы – перадаў юбіляр раённай бібліятэцы. Напісанае застанецца для нашчадкаў, і Георгій Сцяпанавіч думае штодня пра ўвекавечванне памяці землякоў. Бо дастойны гэтага многія. “Па Вашых работах можна вывучаць гісторыю нашага краю”, – запісана ў юбілейным віншаванні ад раённай ветэранскай арганізацыі. “Памяць плача аб былым”… – такі стан душы краязнаўцы кліча да нястомнай творчай працы. Улюбёны ў родны край, заўжды актыўны ў сваёй жыццёвай пазіцыі, гэты самаадданы творца няспынна абуджае памяць, не дае згінуць у забыцці светлым успамінам аб адметных падзеях і дастойных людзях нашага краю.

Георгій ПАРАФЯНЮК
Фота Міколы ШУМА

2 комментария

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *