Купила бабуля «золотую» тачку

Пенсіянерка з Вярховічаў звярнулася ў рэдакцыю наконт такой праблемы: набыла ў мясцовым магазіне садовую тачку за 1 мільён 160 тысяч рублёў, а праз некаторы час убачыла такую ж тачку ў прыватным магазіне за…460 тысяч рублёў. Атрымалася, выкінула “на вецер” столькі грошай, якіх і так не густа. Хацела вярнуць тую дарагую тачку ў магазін, але прыняць адмовіліся. Няўжо нельга вырашыць гэтае пытанне?
На запыт рэдакцыі ў тым вярховіцкім магазіне патлумачылі, што пазней і ім завезлі тачкі больш танныя – па 666 тысяч рублёў. Мабыць, нейкае адрозненне ёсць: матэрыял, дыяметр кола… Але прыняць набытую тачку ў той жанчыны і вярнуць грошы немагчыма: прайшло шмат часу, да таго ж на куплю той тачкі быў аформлены крэдыт на дачку пенсіянеркі.
Зварот жыхаркі Вярховічаў рэдакцыя адрасавала ў раённае спажывецкае таварыства. Там уважліва вывучылі сітуацыю. На жаль, дапамагчы пенсіянерцы не змаглі. Ёй накіравалі пісьмовы адказ за подпісам дырэктара філіяла “Розніцагандаль” Наталлі МАЦЮХЕВІЧ, з якога прыводзім вытрымку, якую, мяркуем, варта ўзяць на заметку іншым пакупнікам, каб дзейнічаць абачліва, у вызначаныя тэрміны, і згодна з правамі пакупніка: “ …Паколькі тачка садовая была завезена ў магазін па Вашай заяўцы і аб яе цане Вам паведамілі загадзя, Вы не заявілі аб адмове, гэты тавар з’яўляецца якасным і не мае недахопаў, згодна з Законам аб абароне правоў спажыўцоў, арт.26 (“Права спажыўца на абмен тавара належнай якасці”), згодна з пунктам 1 спажывец мае права на працягу 14 дзён з моманту перадачы яму непрадуктовага тавара, калі больш працяглы тэрмін не аб’яўлены прадаўцом, абмяняць куплены тавар… на аналагічны тавар другога памеру, формы, габарыту, фасону, афарбоўкі ці камплектацыі, правёўшы ў выпадку розніцы ў цане неабходны пераразлік з прадаўцом. У пункце 4 сказана: у выпадку, калі аналагічны тавар адсутнічае ў продажы на дзень звароту пакупніка да прадаўца, спажывец мае права вярнуць набыты тавар прадаўцу і атрымаць уплачаную за яго грашовую суму. Паколькі тавар Вам быў прададзены 24 лютага г.г., прыняць яго і ўплачаныя Вам грашовыя сродкі магазін не мае магчымасці”.

Добавить комментарий