Кулібіны побач з намі

Майстравітых людзей у вёсках усё яшчэ нямала. Тых, хто мае прыроджаную звычку заўважыць пад плотам нікому не патрэбную жалязяку, не палянуецца падняць з-пад ног болт ці шасцярню. А раптам прыдасца? Аднак, цяпер такіх нічыйных знаходак усё менш – металалом жа ў цане. Затое нямала бытавой тэхнікі, якая, на жаль, адрозніваецца ад колішняй меншай жыццястойкасцю і той ці іншы вузел якой можна скарыстаць і пасля выхаду яе са строю. Такая “механіка” больш прыцягвае людзей старэйшага ўзросту, і зусім без інжынернай адукацыі, – аднак, кожная дэталь сагрэта іх умелымі рукамі і дапытлівым розумам. Малодшыя ж, захопленыя электронікай, цяпер рэдка звяртаюць увагу на падобныя кулібінскія канструкцыі, іншы раз хіба што каб вымавіць звыклае: ”Крута!”

“Падстрахоўка” на сельскім падвор’і

падстраховка - речицаА вось малодшы сын Віталія Балюка ў Рэчыцы з задавальненнем дапамагаў бацьку канструяваць трактар на аснове купленага новага рухавіка ў 16 конскіх сіл. Два гады таму разам пачыналі тую творчую працу, а праз паўгода акуратны самаробны агрэгат ужо мог выконваць самую неабходную работу на сядзібе. Тым не менш, да гэтай пары доўжыцца ўдасканальванне механізмаў дамашняга бензінавага памочніка, які мае добрыя праходнасць і цягавыя якасці. Аўтамабільныя колы і сядзенні, магутная рама, бак для паліва, генератар, масляная помпа, педалі кіравання тармазамі, паветранае ахалоджванне… Прычапныя навясныя прылады, купленыя і сабраныя сваімі рукамі.

Віталій – індывідуальны прадпрымальнік, будаўнік. Яго жонка – Жанна – працуе памочнікам выхавальніка ў тутэйшым дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Але ў гаспадарцы і карова, і іншая жыўнасць: цяперашнія абставіны вымушаюць мець “падстрахоўку” дзеля ўласнай харчовай бяспекі. І вельмі заманлівай для гаспадара застаецца самастойнасць, незалежнасць ад выпадковай акалічнасці ў апрацоўцы нават невялікага кавалка зямлі. Абрабляць яго ўсё ж лацвей з дапамогай жалезнага каня, які ў любы час пад рукой, ды аўса не патрабуе, а сена на зіму дапаможа нарыхтаваць. Мабыць, такога памочніка сям”я магла б і купіць – выбар сёння багаты, тым больш, што толькі рухавік на час набыцця каштаваў амаль 500 у. е. Але, па ўсім бачна, сам працэс стварэння трактара ўласнымі рукамі, ды яшчэ разам з сынам, – даражэй за грошы, адмысловы ўрок і працоўнага, і творчага, і маральнага выхавання. Віталій Балюк нешматслоўны, замест слоў – справа…

Дызайн далёкі ад заводскага

дизайн - никалаевоНямала майстравітых людзей у Мікалаеве. Адзін з іх – Юрый Дацкевіч. У маладосці атрымаў прафесію токара, але шмат гадоў працуе вадзіцелем, цяпер заняты ў “Аграпрадукце”. Вольны час, якога ў вёсцы нямнога, не любіць марнаваць ля тэлевізара ці з бутэлькай піва. Плён яго працавітых рук – парадак у двары, самаробны гаспадарскі рыштунак з “налётам” індывідуальнасці, дагледжаная бацькоўская сядзіба, што побач з яго домам.

У невялікім драўляным гаражы знайшоў зімовую схованку кампактны трактарок, дызайн якога далёкі ад заводскага. Змайстраваў яго чатыры гады назад, скарыстаўшы таксама і запчасткі да ўжо знятай з вытворчасці тэхнікі. Юрый таксама не мае інжынернай адукацыі, аднак да гэтага часу не перастае пашыраць магчымасці свайго памочніка. Шырыня між коламі агрэгата разлічана на працу і ў агародзе, з аднарадковымі прыстасаваннямі. А іх у Юрыя ўжо нямала. Дзевяці конскіх сіл старога савецкага рухавіка дастаткова, каб працаваць са змайстраванымі таксама сваімі рукамі плугам, акучнікам, культыватарам, бульбакапалкай… Да бульбянога сезона будзе гатовы і апырсквальнік з дзвюх алюмініевых бітонаў, з шырынёй захопу да 5-і метраў. Ля плоту ў двары прыпаркаваны адмысловы прычэп, пакуль што без бартоў, але на якім увосень без праблем перавёз з поля ўсю бульбу. Зноў жа – самастойнасць, незалежнасць ад чужых абставін, адчуванне сябе гаспадаром сітуацыі. А гэта так шмат значыць у вёсцы, калі ў гарачы сезон неабходна скарыстаць пагодлівы ці выхадны дзень.

Хоць спецыялісты машынабудавання адшукалі б у тых самаробных “монстрах” з простай канструктарскай схемай мноства заганаў, нестыковак, а то і неадпаведнасці законам механікі, але ж сталёвы памочнік, створаны ўласнымі рукамі, мабыць, асаблівае мужчынскае задавальненне. І не толькі візуальнае.

Прыроджаная кемлівасць

кемливость - ВойскаяА ўжо колькі спраў за спінай 80-гадовага Іосіфа Андрэевіча Бараноўскага, – не пераказаць. Яго сядзібу з прыгожым прасторным домам, шарэнгай акуратных хлявоў і павецяў пад адным дахам, мноствам не зусім зразумелых механізмаў пазнаеш беспамылкова. Але мала хто ведае, што будавацца яму давялося ажно чатыры разы. Апошні раз – у Войскай. Пятнаццаць гадоў таму пераехалі сюды са Століншчыны, тую хату купілі ў Агародніках і, не разбіраючы яе, прывезлі з дапамогай бярвёнаў у “чыстае поле”, як кажа гаспадыня, маючы на ўвазе луг на ўскраіне Войскай. Тут побач з нанова ўладкаванай хатай і пачалі неўзабаве падрастаць дыхтоўныя гаспадарчыя збудаванні, бо не ўяўляюць Бараноўскія сваёй сялібы без каровы, свіней, курэй ды гусей.

Іосіф Андрэевіч – патомны будаўнік. І зноў жа яго незаменным памочнікам у Войскай стаў самаробны трактар, а калі больш дакладна, – колавая самаходная машына, якой ужо гадоў сорак і якую перавёз сюды са Столінскага раёна, бо ведаў, што без яе на навіне, як без рук. А пачынаўся той трактар з рухавіка, які купіў ажно ў Расіі, у Цюменскай вобласці, куды не раз ездзіў на заробкі ў складзе будаўнічай брыгады. Хоць трактар удвая маладзейшы за дзядзьку Іосіфа, але разумеюцца яны адмыслова. З веданнем справы змайстраваў прычапныя прылады, сярод якіх асабліва вылучаецца бульбакапалка. Яна нагадвае міні-камбайн, бо хтосьці з сямейнікаў можа нават прысесці збоку і адбіраць дробную ці буйную бульбу. Прыроджаная паляшуцкая кемлівасць – ад прадзедаў і дзядоў, адзін з якіх быў удзельнікам руска-турэцкай вайны, другі – дзед Яўхім – кавалерам трох Георгіеўскіх крыжоў у Першую сусветную. А сам Іосіф Бараноўскі з чатырох гадоў рос без бацькі, які загінуў у 1939-м, вучыўся спадзявацца толькі на сябе, таму і навучыўся многаму. Акрамя іншага, ён і шавец адмысловы, якому падуладны і паліто, і шапка, і абутак. Да пары яму і жонка – заўсёды імкнулася палову мужавай працы на сябе забраць, а найлепшым адпачынкам сярод клопату па гаспадарцы для яе і сёння, у 78 гадоў, застаецца вышыўка: іголка напагатове ў бялюткай канве – яшчэ не ўсе вясельныя ручнікі для ўнукаў вышыты. Вельмі рада, што недалёка да царквы, дзе яна стараецца не прапусціць ніводнай службы, хоць і ходзіць ужо з двума кійкамі.

Сын Іосіфа Андрэевіча і Кацярыны Фёдараўны – Андрэй – таксама ў Войскай, асталяваўся з сям”ёй на суседняй вуліцы. Дапамагае бацькам, з павагай, вартай пераймання, клапоціцца аб іх. А разам з імі жыве сястра Андрэя – Галіна, якая працуе настаўніцай у Бучамлі. Дарэчы, усе трое ўнукаў Бараноўскіх маюць вышэйшую тэхнічную адукацыю, на іх рахунку тры патэнты на вынаходніцтвы, два – на карысныя мадэлі, чым асабліва задаволены дзед Іосіф. Хоць яго 7 класаў выдатна дапаўняюць прыроджаныя канструктарскія здольнасці, але заўсёды марыў аб вышэйшай адукацыі для сваіх нашчадкаў.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий