Кубок вернулся в Долбизно

Мінулы ўікенд быў багаты на футбольныя падзеі. У суботу, 19 мая, стаў вядомы пераможца Лігі чэмпіёнаў. Лонданскі “Чэлсі” ўпершыню выйграў самы прэстыжны клубны турнір Еўропы. А на наступны дзень наваполацкі “Нафтан” другі раз у гісторыі перамог у фінале Кубка Беларусі. І ў той самы час, калі на мінскім “Дынама” разыгрываўся рэспубліканскі трафей, у Каменцы на стадыёне “Колас” ішоў свой спектакль, фінал кубка раёна, які разыгрывалі “АграНіва” (Доўбізна) і “Аграпрадукт” (Высокае).
Каманды падышлі да гэтай сустрэчы з розным настроем. Напярэдадні “ніваўцы” атрымалі важную перамогу ў чэмпіянаце Брэсцкай вобласці над “Пружанамі”. “Алейнікі” ж, наадварот, пацярпелі паражэнне ад “Кобрына”. Суцяшала толькі перамога над тымі ж “ніваўцамі” тыдзень таму. Але гэта падзеі мінулыя, і 20 мая каманды пачалі ўсё з чыстага ліста.
Не паспеў пачацца матч, ішла пятая хвіліна, як ў вароты “Аграпрадукта” быў прызначаны пенальці (за гульню рукой у межах штрафной пляцоўкі). Вадзім Кучынскі з “кропкі” не прамахнуўся. “Алейнікі” паляцелі наперад. Атакі накатваліся на вароты “Нівы” адна за другой, але да ўдару справа так і не даходзіла. І толькі на 15-й хвіліне колькасць перарасла ў якасць. Сольны праход на левым флангу атрымаўся ў Васілія Пашкевіча. Спачатку ён накруціў двух абаронцаў “АграНівы”, а затым моцна прастрэліў уздоўж варот. Варатар “ніваўцаў” кінуўся на перахват, але не справіўся з ударам і мяч затрапятаўся ў сетцы. “Аграпрадукт” пасля забітага голу не спыніўся і па-ранейшаму больш часу кантраляваў мяч. Але вось незадача. Чамусьці больш небяспечных момантаў узнікала менавіта ля іх варот. На 28-й хвіліне Сяргей Васілюк галавою прыцэльна біў з падачы з вуглавога. Міма. Ён жа праз пяць хвілін змясціўся з флангу ў цэнтр і моцна прабіў у левы вугал. Варатар на месцы. Праз яшчэ тры хвіліны Сяргей зноў аказаўся на вастрыі атакі: удар з развароту прыйшоўся ў варатара. Пасля перапынку карціна на полі не змянілася. Заставалася толькі адно пытанне: што прывядзе да чарговага гола – час валодання мячом або колькасць небяспечных момантаў? Пераважыла другое. На 13-й хвіліне Дзяніс Піліпчак атрымаў перадачу на вуглу штрафной, прасунуўся наперад і небяруча прабіў у дальні ад варатара ніз. 2:1, “Ніва” зноў павяла ў ліку. Прайшло яшчэ 13 хвілін другога тайма і добрая камбінацыя – у “Аграпрадукта”. Сяргей Асійчук атрымаў перадачу і прастреліў уздоўж “рамкі”, дзе на дальняй штанзе перадачу замкнуў Раман Астапаў. 2:2. З такім лікам і скончыўся асноўны час. Назначаны дадатковы (два таймы па 15 хвілін). Першы тайм. 2:2. Другі тайм. 5-я хвіліна. 2:2. 10-я хвіліна. Балельшчыкам (а іх сабралася даволі многа; асабліва парадавала фан-група прыхільнікаў “Аграпрадукта”, якія з флагамі і вувузеламі прыехалі “пахварэць” за родную каманду) ўжо бачылася паўтарэнне фіналаў у Мюнхене і Мінску, дзе пераможца быў выяўлены ў серыі пасляматчавых пенальці. І тут Іван Назарук рашаецца на дальні стрэл з-за межаў штрафной. Удар атрымліваецца нечаканым для варатара “алейнікаў”. 3:2. “Аграпрадукт” кідаецца на штурм і зноў прапускае. На 14-й хвіліне Дзяніс Піліпчак афармляе дубль і здымае ўсе пытанні аб пераможцы.
Адзначу, што гэта ўжо чацвёрты выйграны “АграНівай” кубак за пяць апошніх гадоў. У мінулым сезоне пераможную поступ “ніваўцаў” спыніла “Агра-Зарэчча”. Прычым, у фінале, у серыі пасляматчавых адзінаццаціметровых, яны таксама перайгралі “Аграпрадукт”.
Пасля матчу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Васілій Канаховіч адзначыў граматамі адпаведных ступеняў фіналістаў турніру, а таксама ўручыў капітану каманды “АграНіва” Сяргею Цупе памятны кубак і грашовую прэмію.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ
Фота аўтара

Добавить комментарий