Когда поют корни…

“Белавежскае ўзорнае фальклорнае аб’яднанне “Белавежская цявінка”. Створана ў 1997 у пас.Белавежскі Камянецкага раёна пры сярэдняй школе. У 2003 прысвоена званне “ўзорны аматарскі калектыў”. Кіраўнік А.П.Карпава, акампаніятар С.В.Карпаў.” Адкуль такія звесткі? – спытаеце вы, і я ахвотна адкажу: з першага тома шасцітомнай энцыклапедыі “Культура Беларусі”, што выйшаў у свет у Мінску пазалетась. Заняць сваё месца ў такім сур’ёзным даведніку па гісторыі культуры – чым не гонар? Давайце ж пазнаёмімся з “Белавежскай цявінкай” бліжэй…
Ала і Сяргей Карпавы прыехалі ў Белавежскі ў 1988 годзе з Украіны. Яна – настаўніца музыкі ў мясцовай школе і кіраўнік “Белавежскай цявінкі”, ён – музыкант у сельскім Доме культуры, акрамя таго, акампаніятар і аранжыроўшчык узорнага фальклорнага аб’яднання (да таго ж, пад крылом Сяргея Карпава падрастаюць юныя дараванні з аднайменнай узорнай эстраднай студыі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя).
“Мая мама заўсёды спявала, – успамінае Ала Пятроўна, – і мяне навучыла любіць песню. Як прыехала на Беларусь, адразу закахалася ў гэтую цудоўную краіну, а асабліва ў зямлю камянецкую. Беларуская мова таксама адразу спадабалася мне, вучыла старанна, дапамагала тое, што ў яе і ўкраінскай шмат ёсць агульнага. На ўроках музыкі ў школе з задавальненнем спявала з дзецьмі беларускія народныя песні. А потым адкрыла для сябе дыялект, на якім да гэтай пары гавораць і спяваюць у вёсках Камянеччыны. Пачалі разам з мужам збіраць аўтэнтычны фальклор. Ехалі ў Вярховічы, Расну, Баршчэва, Мікалаева, ішлі ў госці да бабулек і слухалі, як спяваюць яны. Песні запісвалі слова ў слова, бераглі, бо разумелі, што дакранаемся да каштоўнасці, якая ў любы момант магла знікнуць. Я заўсёды гаварыла і буду гаварыць дзецям: хочаце спяваць, як даўней спявалі, едзьце ў вёску, слухайце. Вывучалі таксама і побытавыя танцы, але ў рабоце з імі была свая спецыфіка: у вёсцы Мікалаева, памятаю, здымалі на камеру бабулек, якія ахвотна паказвалі нам, маладым, як танцавалі раней. Пасля гэтыя запісы ўважліва глядзелі, аналізавалі кожны рух, спрабавалі паўтарыць.”
З асаблівай цеплынёй узгадвае Ала Пятроўна пра Софію Аляксандраўну Панасюк з Мінкавічаў, памяць якой – сапраўдная скарбніца народнай мудрасці. Ад яе настаўніца атрымала аднойчы… воўну, якую памыла дома і прынесла на заняткі сваім дзецям. З якім захапленнем распушвалі яе хлопчыкі і дзяўчынкі! Стараліся, бо ведалі ўжо, што пасля такой “працэдуры” воўну можна будзе прасці. Вось яно – далучэнне да сваіх вытокаў…
Невядома, як бы склаўся лёс “Белавежскай цявінкі”, калі б не адна сустрэча, што адбылася некалі на дзіцячым фальклорным свяце “Спадчына” (цяпер яно называецца фестывалем). Выступалі на ім з песнямі на беларускай мове, а пасля мерапрыемства да Алы Пятроўны падышла метадыст па фальклоры абласнога цэнтра дзіцячай творчасці Вера Волкава і сказала: “Ваш калектыў гатовы атрымаць званне. Трэба толькі падабраць касцюмы і перайсці на свой дыялект. Вы павінны гэта зрабіць.” Як было не згадзіцца, калі дасведчаны чалавек верыць у твае сілы?
Касцюмы першы час бралі ў Доме культуры ці шылі самастойна з таго, што пад рукой, а пасля пачалі вывучаць гэтае пытанне глыбей. Ала Пятроўна з цікавасцю разглядала ўзоры вышыўкі на адзенні, што захоўваецца ў музеі Белавежскай школы, каб пасля паўтарыць. Акрамя таго, не абышлося і без вопыту матуль і бабуль вучняў, якія не толькі дзяліліся ведамі, але і самі прымалі актыўны ўдзел у вышыванні кашуль. На спадніцы дзяўчат усе разам шукалі асаблівую тканіну…
Сёння “Цявінка” складаецца з трох узроставых груп: старэйшай (8 чалавек), сярэдняй (12) і малодшай (12). Займаюцца юныя аматары фальклору па 2 гадзіны 3 разы на тыдзень, вось толькі ў старэйшых крыху іншы графік. Ёсць у аб’яднанні сфарміраваная аснова – пэўная колькасць вучняў, якія наведваюць заняткі пастаянна, а астатнія ўсё вагаюцца, то сыходзяць, то вяртаюцца. “Вяртаюцца часцей, – усміхаецца Ала Карпава. – З маіх выхаванцаў аднагодкі часта кпяць, называюць “дзярэўняй”, а я тлумачу, што гэта проста зайздрасць, і раю не крыўдзіцца.”
Малодшай групе “Белавежскай цявінкі” яшчэ цяжка спяваць на дыялекце, таму яны часцей танцуюць і гуляюць у розныя гульні, а вось сярэдняя пачынае ўжо брацца за песню. Кожную запісваюць на слых, па літарках, потым вучаць. Вось толькі некаторыя назвы: “Цвітэ тэрэн”, “Як вэчур звычурэіе”, “Тычэ вуда каламутна”…
“Спяваюць у нас не ўсе, бо для гэтага патрэбны здольнасці, – расказвае Ала Пятроўна, – а вось танцуе кожны. Спярша на сцэне мае выхаванцы выглядалі не надта каб добра, а цяпер толькі зірніце – сапраўдныя лебедзі! Плывуць, плывуць…” З гэтым цяжка не пагадзіцца. “Кракавяк”, “Падыспан”, “Полька-бабачка”, “Субота”, “Лысы” (ці “Карапет”), “Реченька”… Для таго, каб навучыцца побытавым народным танцам, трэба засвоіць крокі вальса і полькі – гэта аснова. Танцуюць іх звычайна па крузе, пастаянна мяняючы пару.
“Белавежская цявінка” – лаўрэат і дыпламант абласных фестываляў: фальклорнага мастацтва “Радавод” (праходзіць раз у два гады ў Брэсце), аркестравых калектываў і фальклорных груп, удзельнік раённага фальклорнага свята “Спадчына”. Юныя артысты – частыя і жаданыя госці ў Польшчы, куды выязджалі не раз, напрыклад, на Купалле. Бывалі і на Украіне, дзе праходзіць фестываль “Джэрэла”. Штогод “Цявінка” сустракае і праводзіць Снягурку ў рэзідэнцыі Дзядулі Мароза ў Белавежскай пушчы, удзельнічала ў сустрэчы нашага чараўніка з калегам з Расіі. Сам Дзядуля Мароз з задавальненнем танцуе разам з юнымі артыстамі з Белавежскага, ведае на памяць іх песні і заўсёды прыемным голасам падпявае.
“Фестываляў увогуле вельмі шмат, цэлае мора, але не заўсёды ёсць сродкі паехаць на іх,” – са шкадаваннем зазначае Ала Пятроўна. Па бясцэнны вопыт ездзіць яна на майстар-класы, уважліва назірае за тым, што робяць на сцэне іншыя.
Дарэчы, пасля заканчэння школы дзеці, што сябравалі з “Цявінкай”, працягваюць цікавіцца фальклорам і ў сваіх ВНУ, наведваюць адпаведныя заняткі, калі такія там ёсць. Часта тэлефануюць яны сваёй любімай настаўніцы, запрашаюць: “Прыедзьце да нас, дайце майстар-клас.” Не дзіўна, што калі ў БрДУ імя А.С.Пушкіна гаворка заходзіць пра фальклорнае аб’яднанне з Белавежскага, то заўсёды чуецца “О, я ведаю!”
Цікава, а што раскажуць пра “Цявінку” і сваё захапленне фальклорам самі юныя артысты? Паслухаем самых старэйшых…
Андрэй ЯГОВІЧ:
– З першага класа я хаджу на заняткі да Алы Пятроўны. У мяне, увогуле, шмат захапленняў, але “Цявінка” – асаблівае. Вельмі падабаецца наш педагог, без роздумаў пайшоў бы ў любы гурток, які яна вядзе! Зараз мы працуем у стылі фольк-мадэрн, і гэта вельмі цікава! Спяваць я пачаў даўно. Чаму? Відаць, карані спяваюць…
Каця ПЯТРОВА,
Яна САВОШЧАНКА:
– Нам не шкада часу, патрачанага на спевы. Шмат задавальнення атрымліваем ад гэтага, а кожнае выступленне – сапраўднае свята. Прыемна, калі людзі бяруць у нас аўтографы. Так-так, сапраўдныя аўтографы! Было аднойчы ў Польшчы. Гэта шчасце, калі тое, што ты нясеш іншым, цэніцца імі.
Што тут дадаць?

Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий