Кветкі для горада

Каменец рыхтуецца да «Дажынак». У чацвер, 16 жніўня, Брэсцкім абласным унітарным прадпрыемствам «Упраўленне ЖКГ» быў праведзены конкурс на  лепшае афармленне кветніка. Удзельнікамі яго сталі 22 каманды гарадскіх і раённых ЖКГ вобласці. Ацэньвала і падводзіла вынікі журы: вядучы спецыяліст вытворча-тэхнічнага аддзела абласной ЖКГ Уладзімір Леванюк, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Дзмітрый Асташэня, архітэктар раёна Кацярына Семянюк і іншыя прадстаўнікі раёна. Узначаліў журы  Уладзімір Ануфрыюк, старшыня абласнога камітэта прафсаюза працаўнікоў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

Выдатна аформленыя кампазіцыі не толькі зрабілі горад больш яркім, але і перадалі гістарычны і сучасны каларыт Камянеччыны. Удзельнікі конкурсу быццам бы на кветкавай мове, вядомай толькі ім, стварылі сапраўдныя шэдэўры. Самай папулярнай тэмай была пушчанская. Тут вам і «У гасцях у пушчанскай казкі», і «Герб Белавежскай пушчы», і «Старажылы пушчы», і «Вясёлая сямейка»… Кампазіцыя «Легенда Каменца», акрамя яркіх колераў, упрыгожана мініяцюрнай вежай і ветраным млынам. Многія кветнікі вылучаюцца маляўнічасцю і багаццем расліннага напаўнення: «Кветкавы ручай», «Восеньскі кірмаш», «Пышны букет»… Да самага аптымістычнага можна аднесці кветнік «Жыццё добрае!», які прадстаўлены ў выглядзе шчаслівага сабакі. Год кнігі таксама знайшоў сваё адлюстраванне – «Раскрытая кніга».

Гэта шчодры падарунак да свята: усе кветнікі, прывезеныя камандамі, маюць непаўторны дызайн, спецыяльна распрацаваны для гэтага конкурсу. Праца зроблена, але самае складанае засталося за журы. Узнагароды заслугоўваюць усе. Таму старшыня журы Уладзімір Ануфрыюк агучыў асноўныя крытэрыі, паводле якіх і былі вызначаны пераможцы:

– Усе кветнікі, і кожны ў прыватнасці, нясуць святочны настрой. Без увагі не застанецца ні адзін калектыў. Але найвышэй ацэнены афармленне,  падбор асартыменту расады і якасць работы.

У выніку названы пераможцы дзвюх груп удзельнікаў (I – гарадскія ЖКГ, II – раённыя). Першае месца ў I-й групе атрымала каманда «Зеленбуда» з Брэста за кампазіцыю «У гасцях у пушчанскай казкі», 2-е – «Купальская ноч» (Бяроза) , 3-е – «Стомлены воз» (Баранавічы). Пераможцы II-й групы: 1-е месца ў Кобрынскай раённай ЖКГ за кампазіцыю «Кветкавы ручай», 2-е – у Лунінецкай ЖКГ за «Лунінецкі каравай», 3-е – у Белаазёрскай ЖКГ за «Легенду Каменца».

За лепшае выкананне нацыянальнага каларыту перамогу атрымала каманда з Пружан («Герб Белавежскай пушчы»), за яркасць і адвагу прынятых рашэнняў – з Ляхавіч («Крыштальны туфлік» і «Казачны парасонік»), за ўдалы асартымент расады – з Івацэвіч («Раскрытая кніга»), за лепшую кветкавую кампазіцыю – з Драгічына («Восеньскі кірмаш»), за ўжыванне новых тэхналогій – са Століна («Пышны букет»), за якасць выкананых работ – з Каменца («Гарэза»).

Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і прэміямі.

Пры правільным доглядзе і беражлівых адносінах, у тым ліку і гараджан,  кветнікі доўга будуць радаваць нас, тым больш, што многія кветкі – шматгадовыя.

Анастасія ЯНКІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий