Камянеччына на турыстычнай карце

На базе Відамлянскага сельсавета (паводле вынікаў конкурсу) працуе інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці ў межах праекта “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі”. Адзін з аспектаў такога развіцця – аграэкатурызм, што, як упэўнена старшыня сельскага Савета дэпутатаў Марына Каралюк, садзейнічае адраджэнню так званых неперспектыўных вёсак.

Гісторыка-культурная складаемая сельскага турызму, яго адметнасці і тэндэнцыі, рэалізацыя ўласных інтарэсаў – з абмеркавання гэтых пытанняў 8 лістапада пачаў работу семінар “Відамлянскай зямлі – устойлівае развіццё”, на які былі запрошаны гаспадары аграсядзіб Камянеччыны і суседняй Пружаншчыны (нас яднае Белавежская пушча), прадстаўнікі адпаведных службаў, выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Дацэнт універсітэта Ларыса Медзічэнка пераканаўча даводзіла як вучоны-культуролаг і як гараджанка, што апошнім часам змяняюцца прыярытэты: на змену імкненню набыць як мага больш тавараў прыходзіць жаданне мець “жывыя” ўражанні, напрыклад, паказаць сваім дзе­цям з гарадскіх “джунгляў”, адкуль у пакеты трапляе малако, ці развеяць іх упэўненасць у тым, што булкі растуць на дрэве… Туры пазнавальныя, этнаграфічныя, настальгічныя і іншыя маюць на ўвазе раскрыццё асаблівасцей рэгіёна, ладу жыцця вяскоўцаў, іх еднасці з прыродай.

Старшы выкладчык універсітэта Віктар Місіюк азнаёміў удзельнікаў семінара з зялёнымі маршрутамі Брэстчыны і прыгранічнага Падляшша. Дырэктар Турнянскай СШ Віктар Вайтовіч дзяліўся вопытам гісторыка-культурнага і эколага-біялагічнага выхавання школьнікаў. Згадаў і такі важкі факт: старшакласнік, аўтар даследчай працы “Палацава-паркавы комплекс Радзівілаў у Турне” Аляксандр Шалонік стаў пераможцам абласнога конкурсу… Прафесар універсітэта Віталій Севяранін азнаёміў прысутных з рацыянальнымі прапановамі для аб’ектаў аграэкатурызму па энергазберагальных устаноўках, у т. л. з выкарыстаннем энергіі ветру і сонца. Каардынатар інфацэнтра Відамлянскага сельсавета Георгій Грыбаў (гаспадар сядзібы “Млынок” у Млынах) нагадаў аб непарыўнай узаемасувязі мясцовага прадпрымальніцтва і эканамічнага развіцця рэгіёна.

Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Васіль Канаховіч выказаў прапанову стварыць на Камянеччыне грамадскі савет па аграэкатурызме пры раённым аграпрамысловым саюзе, які ўзначальвае Віктар Бобр. Пасля актыўнага абмеркавання гэтай прапановы старшынёй грамадскага савета, у які ўвайшлі сем чалавек, абрана Таццяна Ісаева (гаспадыня сядзібы “Польскі маёнтак” у Белай), яе намеснікам – Наталля Раманюк (сядзіба “Тры калодзежы” ў Баранках). Яна, дарэчы, заклікала гаспадароў аграсядзіб аб’ядноўвацца ў суполкі для больш плённага супрацоўніцтва з раздзяленнем абавязкаў у час прыёму турыстаў.

У рабоце семінара браў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Войцык.

Галіна НОВІК.

Фота Наталлі СКАЛКОВІЧ.

Добавить комментарий