Калі “мая хата” не з краю

OLYMPUS DIGITAL CAMERAВярхі – крынічная мясціна. Тутэйшую славутасць у нізінцы сцеражэ крыж, а дарогу сюды даўно ведаюць не толькі мясцовыя жыхары.

І Ніна Кучук, якая больш за паўвека працавала ў калгасе “Савецкая Беларусь”, у тым ліку не адно дзесяцігоддзе – на ферме, сёння мае важкую адказнасць: сочыць за парадкам ля крыніцы. Я не стала дапытвацца, ці то па просьбе старасты вёскі Уладзіміра Бадаўца яна згадзілася на такую “пасаду”, ці то сцежкі яе нялёгкага дзяцінства самі дасюль штодня вядуць у дарагое сэрцу месца. А хто лепш за тутэйшага чалавека абароніць яго ад непатрэбшчыны. Не застаецца Ніна Іванаўна ў баку ад любых вясковых спраў, і “мая хата з краю” – гэта не пра яе. У ліку надзейных паплечнікаў старасты ў Вярхах яшчэ і Валянціна Барысавец (як сацыяльны работнік яна даглядае і траіх пажылых у вёсцы), Генадзь Салышка (ён ужо брастаўчанін, але сваю радзіму не забывае, на яго рахунку шмат спраў па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля крыніцы). У вёсцы цяпер больш за 80 жыхароў, з іх 23 – да дваццацігадовага ўзросту. Пустуючых хат тут амаль і не бывае, сёння хіба што дзве чакаюць купцоў. Аўталаўка прыязджае тры разы на тыдні, выбар прадуктаў даволі багаты, але, як зазначае Уладзімір Іванавіч, вяскоўцы не заўсёды задаволены якасцю хлеба, і таму ён просіць камянецкіх хлебапёкаў мець гэта на ўвазе. Наведваюцца ў вёскі і работнікі Раснянскага ФАПа, як у сем’і з маленькімі дзецьмі, так і да састарэлых. Але куды больш зручна было б дабірацца медыкам да сялян, калі б былі забяспечаны транспартам…

Пад апекай Уладзіміра Івана­віча і Забалацце ды Чарнёва. Праўда, там ужо толькі з некалькіх комінаў зімою ўецца дым. І тым больш састарэлыя жыхары тых вёсак маюць патрэбу ва ўвазе, асабліва ўзімку, калі любая бытавая “дробязь” – дровы ці брыкет, вада або электрычнасць – нечакана можа стаць праблемай. Тэлефон дапамагае быць на сувязі, а яна зваротная. Стараста і сам не праміне паціка­віцца, ці ёсць паліва для печы. Бы­ло, давялося дапамагаць шматдзетнай сям’і аднавіць падачу электраэнергіі ў хату, а прычынай адключэння яе сталі на той час матэрыяльныя праблемы. Тэлефонныя нумары службаў раёна ён добра ведае, а найлепш, мабыць, – у райпалівазбыт. Але найчасцей з пытаннямі звяртаецца ў сельскі Савет.

Ён рады з’яўленню ў Забалацці аграсядзібы – апусцелая вёска атрымала сваю адметнасць, тут з’явіліся маладыя гаспадары. У іх Уладзімір Іванавіч таксама бачыць сваіх паплечнікаў, бо гэта не “временщики” – гаспадарскую жылку ў чалавеку ён, інжынер- будаўнік па прафесіі, адрознівае адразу. Цяпер мае ўпэўненасць, што Забалацце з карты раёна ўжо не знікне. Чарнёву пакуль у гэтым сэнсе шанцуе менш. Пакуль. Бо з часам “зялёная цішыня” будзе прыметна запатрабавана. А вясковую самабытнасць побач з аграгарадкамі яшчэ захоўваюць прыроджаныя гаспадары накшталт Уладзіміра Бадаўца.

Галіна НОВІК.

Фота Кацярыны СКРОЦКАЙ.

Добавить комментарий