Калонка Настассі НАРЭЙКА «Наросхрыст». Павярніце ключ. Скрыпічны…

P1011207 настаКалі вытрасці ўсе багацці, што змяшчае ў сабе мініяцюрная сумачка маёй сяброўкі-кампазітара, можна знайсці там, сярод безлічы неабходных рэчаў (тэлефон, кашалёк, плэер, блакнот, аловак, насоўка…), даволі важкую звязку ключоў. Ад кватэры сваёй, бацькоў і знаёмага, дзе трэба перыядычна карміць вечна галоднага ката, ад падвала, які надзейна захоўвае “неприкосновенный запас» любімага вішнёвага кампоту, ад бацькавай машыны, ад дачы, што пакінулі ў спадчыну дзядуля з бабуляй, і ад… музыкі. Як так? Я задаю тое ж самае пытанне, праводзячы пальцам па завітках антыкварнага скрыпічнага ключа. Сяброўка ўсміхаецца і працягвае мне навушнік, у якім гучыць Грыг.

З яго класіка для мяне і пачалася, калі ў школе слухалі музыку Эдварда Грыга да драмы Ібсэна “Пер Гюнт”. У мяне склалася тады незвычайнае ўражанне – сонечнае, светлае. Цяпер, дарослым розумам, разумею, што справа была ў Сольвейг, нездарма яе імя ў перакладзе азначае “сонечны шлях”.

Пазней прыйшоў час Вівальдзі. З яго “Порамі года” мы знаёміліся ў класе, трымаючы ў руках алоўкі. Настаўніца сказала: “Слухайце музыку і сябе. А потым намалюйце тое, што падказала вам мелодыя.” Мы малявалі. Адгадвалі, якая пара года гучала некалькі імгненняў таму. Мала хто не памыляўся… Цяпер мне больш за ўсё падабаецца “Лета”. А вам?

Наступным музычным адкрыццём стаў чароўны вальс Яўгена Догі з вядомага кінафільма “Мой ласковый и нежный зверь”. Кіно мне не спадабалася, а вось музыка… Да яе, дарэчы, ёсць словы (выконвае спявачка Зара). Пазней быў непаўторны “Вальс” Хачатурана, не менш, а, магчыма, нават і больш цудоўны. Касету з ім ды іншымі шэдэўрамі класічнай музыкі набыла ў Мінску. Проста аднойчы халодным зімовым вечарам невыказна закарцела паслухаць нешта такое. Я не ведала тады, што нішто ў нашым жыцці не здараецца проста так. Тая касета павінна была стаць маім “ключом” у свет класікі, маёй сцежкай да Вольгі, той самай сяброўкі-кампазітара. Мы не маглі не сустрэцца. Спярша позіркам у метро. Яна была ў навушніках, як заўсёды. Мы выйшлі на адным прыпынку…

Лёгкую размову, нібыта знаёмыя сто гадоў, перарваў тэлефон Вольгі, які  заліўся ледзь не на ўсю вуліцу знакамітым балеро. Яна пачала вытрасаць змесціва сваёй сумкі на лаўку (пералік глядзіце вышэй)… Вось тады ключы і трапілі мне ў рукі, ледзь не саслізнуўшы ў лужыну.

Так пачынаецца сяброўства. “Відаць, музыка нас звязала”, – думалі мы і мелі рацыю. Вольга старанна “выцыганьвала” ў мяне верш, каб пакласці яго на мелодыю, і аднойчы я здалася. Шкада толькі, што напаўдзіцячыя, недасканалыя радкі не адпавядалі яе пранікнёнай музыцы. Усяму свой час…

Ужо тут, у Каменцы, класічная музыка, часова забытая, вярнулася да мяне. У добрай знаёмай, чыё жыццё заўсёды было звязана з ёю, узяла аднойчы на некалькі вечароў дзве тоненькія кніжкі: адна змяшчала вершы, прысвечаныя кампазітарам і іх творам, другая – аповяд аб апошніх гадах жыцця Бетховена. Яго вобраз стаяў перад вачамі, як жывы, відавочна, дзякуючы таму, што партрэт таленавітага музыканта вісеў некалі ў школьным кабінеце нямецкай мовы якраз насупраць мяне.

Жыццё заўсёды гуляе з намі і калі б’е, то ў самае балючае месца, калі адбірае, то самае каштоўнае. Што можа быць горш, чым пісаць музыку і яе не чуць? Не ведаю.

А з той першай кніжкі ў свой сшытак перапісала безліч вершаў. Пра сэрца Шапэна, пахаванае ў сцяне касцёла Святога Крыжа, пра яго ноты, якія не асмельваліся паліць зімой у блакадным Ленінградзе.

Чаму мне нечакана захацелася гаварыць менавіта пра класічную музыку? Ды таму, што зусім нядаўна яна прынесла мне новы падарунак. Працягнула новы ключ, кіўнула на дзверы, перавітыя плюшчом, усміхнулася і знікла.

Так я пазнаёмілася з французскай спявачкай Эмай Шаплін (каларатурнае сапрана). У сваёй творчасці яна аб’яднала італьянскую класічную оперу 19 стагоддзя і сучасныя музычныя стылі. Першай пачула кампазіцыю пад назвай “La Notte Etterna” на старажытна-італьянскай мове і зразумела – знайшла! Вось тое, чаго чакала. Нарэшце! 21 лістапада сёлета Эма Шаплін прыязджае ў Мінск…

У кожным сэрцы свой скрыпічны ключ, што адчыняе дзверы ў чароўны свет класічнай музыкі. Свет чысціні, мудрасці, вечных каштоўнасцей. Павярніце гэты ключ!

Добавить комментарий