Как предотвратить несчастные случаи?

19 чэрвеня прайшоў раённы Дзень аховы працы. Кіраўнікі ўстаноў, арганізацый, сельгаспрадпрыемстваў і спецыялісты па ахове працы сабраліся, каб абмеркаваць стан спраў у галіне, падзяліцца вопытам і вызначыць “болевыя кропкі”. У якасці аб’ектаў агляду былі абраны прадпрыемствы з рознай спецыфікай дзейнасці: ААТ “Агра-Турна” – сельгаспрадпрыемства, ПУП “Заходняе” – перапрацоўчае, ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс” – шматпрофільнае.
Адкрываючы семінар, першым пунктам праграмы якога было наведванне ААТ “Агра-Турна”, старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык зазначыў: “Сёння мы сабраліся не для таго, каб “прыдумаць веласіпед” ці нешта прынцыпова новае, не. Галоўная наша задача – паглядзець, што і як робіцца, абагульніць і ацаніць убачанае, зрабіць пэўныя высновы і вызначыць стратэгію дзейнасці надалей. Трэба разумець, што ад нас залежыць, наколькі бяспечнай будзе праца людзей, што мы ў адказе за іх…” У “Агра-Турне” ўдзельнікі семінара наведалі мехдвор, дзе пазнаёміліся з умовамі працы работнікаў, агледзелі памяшканні для адпачынку і асабістай гігіены, кабінет аховы працы. Старшыня акцыянернага таварыства Сяргей Шальпук паведаміў аб эканамічных паказчыках гаспадаркі, прыярытэтных накірунках дзейнасці і, вядома, аб мерапрыемствах у частцы аховы працы. Там жа, на мехдвары, увазе прысутных быў прадстаўлены аснашчаны ўсімі неабходнымі сродкамі аховы зернеўборачны камбайн. Спецыялісты па ахове працы расказалі аб тым, як трэба рыхтаваць камбайны да жніва, якія патрабаванні да іх павінны выконвацца. Дарэчы, падчас агляду камбайна ўпамянулі цікавы факт: у Гомельскай вобласці камбайны праходзяць тэхагляд загадзя, ужо ў чэрвені. Чаму б і ў нас не выкарыстаць падобную практыку? Ёсць час грунтоўна падрыхтаваць тэхніку, устараніць недахопы, а не рабіць усё ў апошні момант, “вакзал даганяць”.
Наступны пункт семінара – прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Заходняе”. Тут ужо на прахадной усім удзельнікам семінара выдалі спецыяльныя накідкі, што зразумела – харчовая галіна патрабуе асабліва пільнага выканання санітарных нормаў. Кіраўнік прадпрыемства Анатоль Мартысюк сустрэў гасцей ля вытворчага будынку. Ён падрабязна расказаў аб вытворчасці, планах і перспектывах, асобна спыніўся на ахове працы і санітарных нормах. Далей экіпіраваныя ўдзельнікі семінара (да накідак дабавіліся шапачкі і бахілы) агледзелі непасрэдна вытворчасць. Калі браць пад увагу тэму семінара, то сістэма аховы працы на прадпрыемстве наладжана добра. Ёсць і спецвопратка, і дзеля захавання санітарных нормаў таксама створаны ўсе неабходныя ўмовы.
Завяршаў сваю работу семінар у Камянецкім райаграсэрвісе. Прысутныя азнаёміліся з выставай спецвопраткі, нагляднай агітацыяй і метадычнымі распрацоўкамі па ахове працы. Прычым, тут можна было не толькі паглядзець на ўзоры прадукцыі, але і адразу дамовіцца з вытворцамі аб пастаўках неабходнага тавару.
Затым адбылося пленарнае пасяджэнне. Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Антончык зрабіў невялікі агляд эканамічнай сітуацыі, галоўны ж акцэнт, зразумела, быў сканцэнтраваны на стане спраў у галіне аховы працы. Ён адзначыў, што асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў на вытворчасці з’яўляецца грэбаванне працоўнай дысцыплінай і фармальны падыход да выканання патрабаванняў па ахове працы. Між іншым, гэтая думка чырвонай ніткаю праходзіла ва ўсіх выступленнях. У прыватнасці, памочнік пракурора раёна Аляксандр Вярбіцкі зазначыў, што даволі часта на прадпрыемствах не праводзяцца інструктажы па ахове працы. Ёсць запісы ў адпаведных журналах, стаіць подпіс работніка, але на самой справе інструктажу не было. Адзначыў ён і факты неадпаведнага праходжання медыцынскага кантролю вадзіцеляў, калі пуцёўкі падпісваюцца не раніцаю, а апоўдні ці ўвогуле на наступны дзень. Аб уменні правільна сябе паводзіць у няштатных сітуацыях гаварыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Іванюковіч. І зноў жа, амаль слова ў слова, паўтарыў думку Аляксандра Вярбіцкага – на паперы чалавек прайшоў навучанне і інструктаж, а ў рэальнасці – не. Аб неабходнасці захоўваць санітарныя нормы гаварыла галоўны ўрач райЦГЭ Святлана Булах. Звярнула яна ўвагу і на абавязковую атэстацыю рабочых месцаў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Дуднікава прапанавала кіраўнікам прадпрыемстваў перагледзець калектыўныя дагаворы з мэтай удзялення большай увагі пытанням аховы працы і заахвочвання грамадскіх інспектараў па ахове працы.
Вядома, спецвопратка, сродкі аховы, пажарнай бяспекі патрабуюць выдаткаў, і немалых. Але ж, як адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Пісарык, нельга ўсё спісваць толькі на адсутнасць грошай: “Часта для прадухілення няшчасных выпадкаў дастаткова элементарнага парадку, дысцыпліны і адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў!” Гэтыя словы можна па праву лічыць галоўнай высновай семінару.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий