Каб пчол вадзіць, трэба сэрцам іх любіць!

Пчалярства на Палессі было ў пашане з даўніх часоў. Нашы продкі актыўна займаліся бортніцтвам пошукамі і здабычай «дзікага» мёду. Бортнікі сачылі за пчалой ад кветкі, з якой яна збірала нектар, да яе жылля ў дупле дрэва. Пасля гэтага заставалася толькі зламаць абарону насякомых і забраць у іх каштоўны прадукт. Аднак бортніцтва паступова сышло ў мінулае.

Сёння пчаляроў не так многа. З адным з іх пазнаёмілася якраз напярэдадні Мядовага Спаса. Уладзімір Сяргеевіч Шумко жыве ў Хадасах. Так склалася жыццё, што ў школе лёс яго звёў з пчоламі. Нарадзіўся ён у Столінскім раёне, там і адбылося яго знаёмства з гэтымі насякомымі. У 15 гадоў, падчас летніх канікулаў, ён працаваў памочнікам пчаляра. Там і набыў веды і навыкі, метадам доўгіх спроб і памылак, пад чулым кіраўніцтвам Свярыда Несцяровіча, аднаго з лепшых пчаляроў Брэстчыны, пчальнік якога налічваў у свой час больш за 300 вулляў. Так дзіцячае хобі стала захапленнем на ўсё жыццё!

Пасля чарнобыльскай аварыі Уладзімір Сяргеевіч разам са сваёй сям’ёй пераехаў у Камянецкі раён, аб чым не пашкадаваў ні разу, і, пачынаючы з 1996 года сур’ёзна заняўся пчалярствам. Першы пчальнік быў з шасці пчоласямей, дзве з якіх яму перадаў стары пчаляр, а астатнія ён купіў. «Выводзіць пчол» ён для душы. Пачынаючы з першых красавіцкіх дзён і да канца позняй восені ўкладвае ў гэты працэс шмат любові і цярпення. Пчолы, як і дзеці, патрабуюць да сябе шмат увагі, і не толькі ў летнія месяцы−медазборнікі. Праца пчаляра − асаблівая, тут не справіцца чалавек абыякавы або ўзлаваны. Трэба ўмець знаходзіць з пчоламі агульную мову, бо яны чуйныя − дрэннага чалавека за вярсту распазнаюць і не падпусцяць да вулля. На злосць і агрэсію рэагуюць імгненна.

Прырода падзяліла пчол, у залежнасці ад іх узросту, па функцыях. Ёсць насякомыя-работнікі, яны збіраюць мёд. Ёсць ахоўнікі, якія не пускаюць у вулей чужакоў, пчолы выхавальнікі, яны абавязкова выкормліваюць лічынак, а таксама − трутні, якія займаюцца выключна працягам роду, і, вядома ж, пчоламаткі. Уладзімір Сяргеевіч займаецца іх развядзеннем.

У двары – каля васьмідзесяці міні−нуклеусаў з пчоламаткамі. Раней іх закуплялі ў Карпатах, а ў апошні час прывозяць з Варшавы. На пчальніку больш за 150 вулляў, асноўныя перасоўныя платформы размяшчаюцца па ўсім раёне, паблізу квітнеючых палёў і ў лесе. Нарыхтоўвае пропаліс і каштоўны пылок. У такой вялікай гаспадарцы не абысціся без дапамогі, якую з вялікай ахвотай аказваюць дзеці і жонка.

Асновай свайго поспеху ў пчалярстве Уладзімір Сяргеевіч лічыць карпатлівую працу метадам спроб і памылак. Спецыяльнай адукацыі ён не атрымліваў ды і літаратуры асабліва не чытаў, кіруецца сваімі напрацоўкамі і методыкамі. Аднак штогод збірае важкі ўраджай мёду. У апошні час стаў наведваць семінары, дзе пчаляры-аматары дзеляцца вопытам.

Пасля доўгага заняпаду пчалярства пачынае адраджацца. Згадаем хоць бы тыя часы, калі ў кожным калгасе былі вялікія пчальнікі, цяпер гэта хутчэй рэдкасць. У сярэднім у Беларусі на 2 квадратныя кіламетры плошчы прыходзіцца 1 пчоласям’я. У Літве − 4, у Венгрыі – 7. Невялікая колькасць пчол дрэнна сказваецца на ўраджайнасці сельгаскультур, а таксама − цане на ласунак; сёлета на кірмашы можна запасіцца “вадкім бурштынам” па цане ад 70 да 120 тысяч  рублёў за кілаграм. У краінах еўрапейскай эканамічнай супольнасці на душу насельніцтва штогод спажываецца ад 1 да 3,5 кілаграма мёду. У Германіі гэты паказчык набліжаецца да 5 кілаграмаў. У нас жа гэтая лічба значна ніжэй.

“Вывесці добрую пчаліную сям’ю досыць цяжка. У народзе існуе меркаванне, што пчол трэба толькі злавіць і засяліць ў вулей. Астатняе яны зробяць самі − і мёд нарыхтуюць, і ў халодную пару перазімуюць. Гэта памылка! Пчолы патрабуюць пастаянна догляду і падтрымкі. Сустракаюцца пчолы і з дрэнным характарам, ад такіх сямей трэба пазбаўляцца, бо ніякай працы з імі не наладзіш, − распавядае Уладзімір Сяргеевіч. – Назіраць за пчоламі можна суткі напралёт, захапляцца іх прыроднай мудрасцю. Напрыклад, рыхтуючыся да зімоўкі, пчолы сілай выцягваюць з вулля трутняў, якія сілкуюцца мёдам. Так яны пазбаўляюцца ад лішніх ратоў. Калі ж трутні застаюцца на зімоўку, то гэта дакладная прымета недабрабыту ў сям’і».

Гледзячы на напрацаваныя рукі пчаляра, слухаючы, з якой любоўю ён распавядае пра сваіх пчол, разумееш, што чалавек знайшоў сваё прызванне ў жыцці, сваё прызначэнне, якое прыносіць яму задавальненне і радасць, а нам − гаючы і вельмі смачны мёд.

Дар’я ДЗЯМЯНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий