Каб не толькі “адпрацоўка”…

S7301283Гэтымі днямі ў сельгаспрадпрыемствах раёна прычакалі (і яшчэ чакаюць) больш за 30 маладых спецыялістаў, з іх 13 – пасля сярэдніх навучальных устаноў, у асноўным выпускнікі Пінскага аграрна-тэхнічнага каледжа, і 20 – вышэйшых (найбольш – 11 чалавек – выпускнікі БАТУ). Як сустрэнуць у гаспадарках, якія ўмовы быту і працы іх чакаюць, дзе адпачыць у вольны час, – усё важна для маладых людзей, і ўдвая для тых, чый родны дом у іншым раёне, вобласці. І заўсёды ёсць надзея, што і пасля “адпрацоўкі” яны застануцца на Камянеччыне, не з’едуць шукаць “жураўля” ў небе іншага краю.

Першае працоўнае месца Алесі Паўлавец і Міхаіла Буяна (на здымку) – адкрытае акцыянернае таварыства “Усход-Каменец”. Яна – юрыст, ён – аграном па ахове раслін. Асвоіліся ў гаспадарцы, жывуць у добраўпарадкаваным інтэрнаце, пад які адведзены некалькі кватэр. Алеся родам з Лунінецкага раёна, Міхаіл – з Пагранічнай, і ён больш схільны да думкі, што, магчыма, застанецца тут і пасля абавязковых двух гадоў працы. А цяпер ва “Усходзе” чакаюць чацвярых ветурачоў, траіх заатэхнікаў, якіх вельмі не хапае. Ужо прыступіў да работы малады інжынер-энергетык, у дарозе да Навасёлак яшчэ адзін аграном… Хай жа прырастуць душою да гэтай зямлі, справяць з часам тут наваселлі (цяпер ідзе будаўніцтва «прэзідэнцкага» дома сядзібнага тыпу, у планах – рэканструкцыя і новабудоўля).

Галіна Новік.

Фота Галіны КАЧАНОЎСКАЙ.

Добавить комментарий