Добразычлівага чалавека ў сацыяльным работніку Людміле Засімовіч выдаюць шчырая ўсмешка і вочы, поўныя пяшчоты. Умець шкадаваць іншага… Што можа быць прасцей і складаней адначасова? Спытаем у яе.
– Людміла Мікалаеўна, што схіліла вас да такой няпростай прафесіі?
– У лютым 2012 года шукала работу. Выпадкова – што гэта, калі не лёс? – сустрэла знаёмага сацыяльнага работніка Валянціну Газетаву, разгаварыліся. Яна спытала: “Чаму ты такая сумная?” Слова за слова, так і атрымалася, што мяне працаўладкавалі ў Камянецкі ТЦСАН. Мне заўсёды было вельмі шкада адзінокіх людзей, якім так патрэбны добрае слова, цеплыня сэрца і дапамога.
– Колькі людзей сёння ў вас на папячэнні?
– Сямёра. Адзін дзядуля і шэсць бабуль. Усе яны жывуць у Каменцы, але далёка адзін ад аднаго. Наведваць іх па першай просьбе дапамагае веласіпед.
– Чым канкрэтна падтрымліваеце сваіх старэнькіх?
– Набываю прадукты, лекі, усё неабходнае. Акрамя таго, выконваю жаночую работу па доме: гатую, напрыклад.
– Узімку даводзіцца і печку тапіць?
– Ведаеце, мой адзіны дзядуля спраўляецца з гэтым сам, мяне не дапускае. Кажа: пакуль сам магу, буду тапіць.
– Вас, напэўна, сустракаюць заўсёды з радасцю?
– Гэта так. Ім вельмі не хапае простых чалавечых зносін, цеплыні, дабрыні. Адна з маіх бабуль, напрыклад, перш-наперш просіць мяне сесці і пагаварыць. Проста пагаварыць. Усё астатняе – потым. Ніколі не адмаўляю. Другая кожны раз абавязкова сыпле мне ў сумку, пакуль не бачу, жменю цукерак. Прыемна…
– Сярод вашых падапечных ёсць і жанчына, якой больш за 100 гадоў?
– Ёсць. Ёй 103. Вельмі цікавы чалавек з няпростым лёсам. Увогуле, усе людзі незвычайныя.
– Напрыклад?
– Адна з маіх бабуль сабрала адзенне і посуд для мнагадзетнай сям’і з Хадасоў, якая трагічна страціла бацьку. Усё гэта мы разам адвезлі туды. Маці і старэйшы сын плакалі ўсю ноч, не маглі паверыць, што ёсць на свеце такія чулыя да чужой бяды людзі.
– Вы пастаянна на сувязі са сваімі падапечнымі?
– А як жа! Мой нумар ёсць у кожнага з іх. Пасля вялікіх навагодніх выхадных патэлефанавала, пацікавілася, як справы. Параіла на вуліцу не выходзіць без пільнай патрэбы – мароз! А літаральна некалькі хвілін назад атрымала заказ ад адной з бабуль – адвязу ёй усё неабходнае для халадца. Каб вы ведалі, які ён у яе атрымліваецца! Празрысты, як шкло!
– Як думаеце, ці кожны зможа быць сацыяльным работнікам?
– У гэтай прафесіі са злым сэрцам не папрацуеш.
– Што пажадаеце ў пару святаў калегам і падапечным?
– Калегам і кіраўніцтву ТЦСАН, асабліва Юліі Ліцук, – цярпення, сяброўства, узаемапаразумення, шчасця ў сям’ях. Падапечным – моцнага-моцнага здароўя!
– Аб чым вы марыце?
– Каб на зямлі панавала дабрыня.
Распытвала Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Высоковские школьники в областном конкурсе по робототехнике получили Диплом 3-й степени
-
В Высоковском колледже сегодня обучаются более 400 юношей и девушек
-
Иллюминация в Высоком. Своя новогодняя сказка
-
Соломенная композиция из Высокого покорила сердца жюри и гостей областных Дожинок
-
Куда поступила высоковчанка, средний балл аттестата которой «десять»?