И опять засияла звезда

318 просмотров, Комментариев нет

26 лістапада споўнілася б 80 год знакамітаму чалавеку нашай краіны Уладзіміру Караткевічу. Вялікую спадчыну пакінуў ён для сваіх нашчадкаў. Яшчэ шмат пакаленняў прыхільнікаў “залатога” пяра пісьменніка будуць зачытвацца “Каласамі пад сярпом тваім”, задумаюцца над сэнсам жыцця пад “Быў. Ёсць. Буду” і проста паплачуць, прачытаўшы “Дарогу, якую прайшоў”…
У СШ №2 г.Каменец 22 лістапада пачаўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны юбілею беларускага песняра. У гэты дзень адбыўся адкрыты ўрок літаратуры ў 8“В” класе, у якім настаўніца прадмета — Алена Мікалаеўна Уласюк. На сустрэчу быў запрошаны пісьменнік-гумарыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Жытко.
Вучні 11“Б” класа Сяргей Шэлягейка і Настасся Крулікоўская расказалі аб жыцці і творчасці Уладзіміра Сямёнавіча. Да гутаркі далучыўся Іван Андрэевіч Жытко. Ён прадэкламаваў любімыя вершы паэта, якія, на яго погляд, з’яўляюцца гімнам роднай зямлі і яе людзям. “Давайце будзем любіць сваю мову і незалежную беларускую дзяржаву так, як любіў яе Уладзімір Караткевіч,” – заклікаў напрыканцы сустрэчы Іван Жытко. Яшчэ нямала вершаваных твораў прагучала з вуснаў вучняў 8 класа: Дзмітрый Пракаповіч чытаў “На Беларусі Бог жыве”, Лілія Курак – “Быў. Ёсць. Буду”, Лізавета Вярэніч – “Беларускую песню”. Алена Мікалаеўна арганізавала выставу, на якой былі прадстаўлены зборнікі паэзіі і прозы Уладзіміра Караткевіча.
“Ён пісаў, як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творца паказаў узор служэння Радзіме, Народу, Мове,” – менавіта так сказаў пра Уладзіміра Караткевіча Рыгор Барадулін. Нельга з гэтым не пагадзіцца. Усе мы ведаем, які каласальны ўклад у скарбонку беларускай літаратуры ўнёс гэты Вялікі чалавек, і колькі б яшчэ мог зрабіць, калі б лёс даў яму шанц пражыць крыху даўжэй…

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара

Добавить комментарий