Калі ў гімназіі праходзіў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, да нас, старшакласнікаў, завітаў старэйшы карэспандэнт “Навін Камянеччыны” Георгій Парафянюк. Ён расказаў аб гісторыі журналістыкі, якая пачалася некалі з рукапісных бюлетэняў старажытнага Рыма “acta”, пазней ад назвы венецыянскай манеты ўзнікла найменне “gazette”. А кнігадрукаванне пачалося з 42-радковай Бібліі Іагана Гутэнберга ў нямецкім горадзе Майнц. Нагадаў журналіст раёнкі і пра першыя беларускія газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. Цікава было даведацца і пра гісторыю камянецкай раённай газеты, дзе працаваў у свой час Анатоль Вярцінскі, шмат год узначальваў “Ленінец” складальнік “Адкрытай кнігі Камянеччыны”, аўтар раздзела пра Вялікую Айчынную вайну ў раённай кнізе “Памяць” Уладзімір Яфімовіч. І цяпер у раёнцы працуюць адданыя сваёй справе людзі.
З аповяду Георгія Пятровіча гімназісты зразумелі, якая гэта няпростая справа – журналістыка.
– Што ляжыць у аснове газетнай публікацыі? – спыталі ў вопытнага газетчыка.
– Вядома, факты з жыцця, – адказаў наш госць. – Але сам факт, як пісаў Максім Горкі, гэта, як курыца ў пер’і: смачную страву трэба ўмела прыгатаваць. Савецкі журналіст Міхаіл Кальцоў зазначаў: журналіст павінен не толькі добра валодаць мовай, але і па-асабліваму думаць, заўважыць у смецці фактаў залатую гарошынку.
Парада маладым была такой: не баяцца цяжкасцей, пачынаць супрацоўніцтва з раёнкай, што вельмі важна пры паступленні на журфак. Даведаліся гімназісты і пра жанры: інфармацыйныя, аналітычныя, публіцыстычныя. А пачынаць найлепш з заметкі, якая павінна лаканічна адказаць на пытанні: што, хто, дзе, калі? Нязменнае патрабаванне да газетных матэрыялаў – дакладнасць, праўдзівасць, аператыўнасць і моўная дасканаласць.
Цяпер мы ведаем, што аб светлай будучыні клапоцяцца палітыкі, аб цяперашнім дні непакояцца менавіта журналісты. Напрыканцы сустрэчы гімназія атрымала шыкоўны падарунак – факсімільнае выданне знакамітай беларускай газеты “Наша ніва”, за што вялікі дзякуй Георгію Пятровічу.
Вось я і выканаў ягоную параду: даслаў свой допіс у раёнку пра гэтую памятную сустрэчу.
Уладзімір ЖЫГАЛА,
вучань 10 класа гімназіі
г.Каменец.
Это может быть интересно:
1 thought on “З чаго пачынаецца “gazette”?”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Добра, уладзю, добра. Толькі жанр называецца «нататка», не русізмам.