З перамогай вас, мужыкі!

IMG_5636У такім убранстве плошча каля Дома культуры была ўпершыню. На зялёным газоне ўстанавілі перакладзіну (турнік), брусы ўкапалі ў зямлю, у цэнтры – штанга на спецыяльным памосце, а крыху далей – гіры, стол для армрэстлінга, усё для тэніса і вакол – мужчынска-юнацкае насельніцтва з Высокага, Брэста, Каменца, Бярозы.

Так 25 жніўня пачалася ў Высокім першая спартыўна-аздараўленчая акцыя “Дзень спорту і здароўя”, якая сабрала аматараў, калі можна так сказаць, экстрэмальна цяжкіх відаў спорту. Гэта – падцягванне на перакладзіне з гірай на поясе, барацьба на руках, падняцце штангі да 120 кг. Дарэчы, абсалютным пераможцам-штангістам стаў Віталій Добыш з Каменца, які падняў 85 кг 50 разоў. Але для ўсіх, ад малых удзельнікаў да дарослых, галоўнай была не перамога, а адчуванне важнасці і неабходнасці таго, чым яны займаюцца. Цікавасць была настолькі моцнай, што нават не ўтрымаліся хлопчыкі, якія самі важылі крыху больш за 24-кілаграмовую гіру. Усе выступленні суправаджаліся дружнымі воклічамі, апладысментамі, музыкай і словамі вядучага Паўла Сухарава.IMG_5698

Мяне, як аднаго з арганізатараў гэтай акцыі, зацікавіла дзейнасць нераўнадушных да такіх відаў спорту людзей. Вось што расказаў галоўны арганізатар Улад Чумічаў:

– Спачатку кожны з нас займаўся экстрымам самастойна. Потым пачалі аб’ядноўвацца, дапамагаць адзін аднаму, выступаць у дзіцячых дамах, школах і ўніверсітэтах. Ствараем тэндэнцыі да самаразвіцця, адмовы ад шкодных звычак, у тым ліку алкаголю і тытуню. І падтрымліваем адзін аднаго як у спартыўных дасягненнях, так і ў паўсядзённым жыцці. Перамога кожнага з нас – перамога ў цэлым!

І сапраўды, усё ў гэты дзень атрымалася. Нават тыя гараджане, хто ішоў з рынку каля Дома культуры, спыняліся і станавіліся паўнапраўнымі гледачамі. Была і судзейская калегія: Сяргей Афонін, Мікалай Байдоўскі, Алена Ігнацюк. І, як належыць, на завяршэнне ўзнагароджанне дыпломамі з медалямі за прызавыя месцы.

Прысутныя звярнуліся з просьбай да арганізатараў акцыі зрабіць яе традыцыйнай.

Алег ГРЫПІЧУК,

дырэктар Высокаўскага ГДК.

Фота Юрыя ШУЯНКОВА.

Добавить комментарий