З навукай у будучае

IMG_795716 лютага на базе гімназіі і СШ №1 г.Каменец прайшла трынаццатая раённая навукова-практычная канферэнцыя вучняў па прадметах “З навукай у будучае”, прысвечаная Году беражлівасці.

У канферэнцыі прынялі ўдзел вучні 3-11 класаў з 26 устаноў адукацыі раёна. Удзельнікі былі падзелены на тры ўзроставыя ступені: 1-я – пачатковае звяно (заяўлена 28 работ), 2-я і 3-я – старэйшыя класы (51 работа). У кожным выступленні маглі прымаць удзел некалькі чалавек. Такім чынам удзельнічалі 94 вучні.

На першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі працавалі тры секцыі: 1-я – выяўленчая дзейнасць, замежная мова, руская мова і літаратура, матэматыка, факультатыўныя заняткі; 2-я – біялогія, экалогія, гісторыя, краязнаўства; 3-я – чалавек і свет, экалогія. На другой і трэцяй ступенях – шэсць секцый: 1-я – прыродазнаўча-навуковыя дысцыпліны (геаграфія, хімія, экалогія, біялогія), 2-я – гісторыка-грамадазнаўчыя (гісторыя, краязнаўства і грамадазнаўства), 3-я – замежная мова, 4-я – руская мова і літаратура, 5-я – беларуская мова і літаратура, 6-я – фізіка-матэматычныя дысцыпліны (фізіка, матэматыка, інфарматыка і інфармацыйныя тэхналогіі).

За тыя гадзіны, падчас якіх разгарнуліся сапраўдныя спаборніцтвы, чаго толькі ні ўбачылі і ні пачулі члены журы, а таксама ўсе прысутныя! Многія ўдзельнікі свае даклады не зачытвалі, а паказвалі на мультымедыйных устаноўках. А паглядзець і паслухаць было што. Усе вучні, здавалася, зрадніліся са сваімі дакладамі і былі адным цэлым…

Запамінальнай і значнай падзеяй канферэнцыя стала ў жыцці маленькіх дакладчыкаў, якія ўдзельнічалі ў такім адказным мерапрыемстве ўпершыню. Гавораць: дзіцячыя IMG_7983вочы ніколі не скажуць няпраўды. Вы б толькі бачылі, колькі зацікаўленасці было ў гэтых вачах! У адной з аўдыторый, дзе спаборнічалі дзеці з пачатковай школы, можна было пачуць, як “муха ляціць”. Малыя з шырока расплюшчанымі вачыма, здавалася, прапускалі праз сябе кожнае слова таго, хто выступаў…

У той жа дзень былі падведзены вынікі канферэнцыі. Дыпломы 1-й, 2-й і 3-й ступеняў атрымалі 58 удзельнікаў. Да вашай увагі – дыпламанты 1-й ступені. Пераможцы ў вопытна-эксперыментальнай дзейнасці: Кацярына Дворнік, Максім Васілюк, Дзмітрый Сацута з Высокаўскай СШ, Ганна Бондар – з Белавежскай, Ігар Туркоў, Аляксандра Кавашэвіч, Віялета Задарожная – з СШ №2 г.Каменец, Паліна Рацэвіч – з Вярховіцкай, Ілья Карнялюк – з Пагранічнай, Яна Крэмез, Ангеліна Панасюк – з СШ №1 г.Каменец. У секцыі прыродазнаўча-навуковых дысцыплін лепшымі сталі Анастасія Коц з Агародніцкай базавай школы, Анастасія Мурашка – з Камянецкай гімназіі, Ілья Пашкевіч – з Турнянскай СШ; гісторыка-грамадазнаўчых: Анастасія Карпук – з Агародніцкай базавай школы, Паліна Гурыновіч і Вікторыя Магуйла – з Белавежскай СШ; замежнай мовы: Святлана Дземідзюк – са Свішчоўскай СШ, Ксенія Катлярэнка – з Пелішчанскай; рускай мовы і літаратуры: Наталля Тарасюк – з Вярховіцкай СШ, Вольга Васілюк – з Высокаўскай; беларускай мовы і літаратуры: Марына Ляшук і Кацярына Дзядзюля – з Пагранічнай СШ, Маргарыта Лойкуц – з Пелішчанскай; фізіка-матэматычных дысцыплін: Аляксандр Вялесік – з Пелішчанскай СШ.

Усе пераможцы, а таксама ўдзельнікі раённай навукова-практычнай канферэнцыі будуць узнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі райвыканкама.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

IMG_7937

Добавить комментарий