З наваселлем!

З мэтай укаранення сучасных тэхналогій у малочнай галіне, забеспячэння вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі ў сельскай гаспадарцы паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №480 ад 14 верасня 2010 года за кошт дзяржаўных сродкаў выдаваліся льготныя крэдыты на будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў. Раёну было выдзелена 24 мільярды рублёў крэдытных сродкаў. Усе грошы асвоены на ўзвядзенні фермаў у “Каленкавічах”, “Александрыі-Агра”, “Хадасах”, “Агра-Турне”.

Будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў Каленкавічах пачалося летам 2010 года, але з-за праблем з крэдытаваннем тэмпы ўзвядзення аб’екта замаруджваліся. Па гэтай прычыне ўвод у эксплуатацыю МТФ пераносілі ўжо некалькі разоў. Але гэта ўсё засталося за спінай. На гэтым тыдні “навасёлы” набылі свой новы дом.

Першыя сто цялушак, расцёл якіх пачнецца ў 1-ым квартале наступнага года, ужо знайшлі сваё месца на новай МТФ. Далей – запаўненне фермы каровамі першай лактацыі. На да­дзены момант у гаспадарцы ёсць магчымасць запоўніць комплекс на 50%. Плануецца зрабіць гэта да канца бягучага года.

Новая малочнатаварная ферма ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Каленкавічы” – комплекс будынкаў: два сучасныя кароўнікі, цэх сухастою з радзільным аддзяленнем і даільна-малочны блок, аснашчаны абсталяваннем нямецкай фірмы “VestFalia”. Гэта – устаноўка-паралель 2х12, якая дазволіць даіць адначасова 24 каровы. Комплекс разлічаны на 720 галоў буйной рагатай жывёлы: 150 – сухастойны статак, 570 – дойны. Акрамя гэтага, усе будынкі злучаны паміж сабой спецыяльнымі пераходнымі калідорамі для большай зручнасці і рагуль, і работнікаў фермы.

Сучасная каленкавіцкая МТФ – гэта яшчэ і лабараторыя, селекцыйны кабінет, аснашчаны камп’ютарам для вядзення поўнага заатэхнічнага кантролю. Ужо заказалі абсталяванне для малочнай лабараторыі, з дапамогай якога будзе праходзіць пільны кантроль за якасцю малака. Не абышлі тут увагай і персанал. Для людзей пабудаваны бытавы пакой з душам і пральнай машынай, а таксама месца, дзе можна адпачыць хвілінку-другую за кубачкам кавы ці гарбаты.

На тэрыторыі фермы знаходзіцца воданапорная вежа, гатова да работы кацельня. Побач з МТФ шэсць сянажных траншэй, тры з іх выкарыстоўвалі ўжо ў мінулым годзе. Акрамя гэтага, на малочнатаварнай ферме ўстаноўлена сучаснае вагавае абсталяванне.

Добраўпарадкаваны тэрыторыі комплексу і вакол яго, устаноўлена бетонная агароджа.

Многае зроблена, але і планаў па новай ферме застаецца яшчэ шмат. Напрыклад, зараз распачата будаўніцтва клетак-домікаў для маладога “пакалення” – усяго 120, прычым робіцца гэта сваімі сіламі. Плануецца запоўніць новую МТФ толькі маладым статкам.

На фермах такога тыпу зведзена да мінімуму ручная праца. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы будуць абслугоўваць 26 чалавек, з іх 6 – асноўныя аператары машыннага даення і 2 – падменныя, жывёлаводы і спецыялісты. Дарэчы, з апошнімі сёння ўзнікаюць праблемы, бо ў гаспадарцы няма работнікаў, якія маглі б працаваць па вузкай спецыялізацыі з камп’ютарамі…

Дарэчы, будаўніцтва новай малочнатаварнай фермы на 400 галоў у Каленкавічах планавалася яшчэ ў 1984 годзе, але з-за грашовых праблем яго прыйшлося адкласці. Вярнуліся да будоўлі ў 90-я гады, але па вядомых з гісторыі прычынах яе зноў прыйшлося прыпыніць. І вось праз дваццаць гадоў усё ж такі ў гаспадарцы вярнуліся да запланаванага і пабудавалі ферму, што магла стаяць ужо амаль трыццаць гадоў…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара

Добавить комментарий