З Ліпны на вайну пайшлі 25 чалавек…

Замулко 3Чатырнаццаць гадоў таму не стала Васіля Іосіфавіча Замулкі, якога старэйшае пакаленне на Камянеччыне ведае як летапісца гісторыі раёна, якую запісваў на фотапаперу. Фотаапаратам дасканала авалодаў яшчэ да вайны, калі бацька – ён загадваў пачатковай школай у Ліпне пры Польшчы – прыдбаў сваім дзецям гэтую надзвычай дарагую па тым часе рэч.

Дзякуючы яму і застаўся на доўгую памяць гэты кранальны здымак, зроблены на фронце, дзе – маладыя людзі з Ліпны ў 1944-м. Былі мабілізаваны ў адзін дзень, у тым ліку і па двое родных братоў з сем’яў Замулкаў і Сабалеўскіх. Некалькі дзён разам вучыліся валодаць зброяй, разам ваявалі. Васіль Замулка, акрамя аўтамата, меў заўсёды з сабою і фотаапарат. Гэта было як абавязак: у франтавых абставінах прымалі воінаў у партыю, камсамол – патрэбны былі фатаграфіі для дакументаў…

Са старой фотакарткі на нас глядзяць маладыя разумныя вочы, у якіх – цікаўнасць і прага да жыцця. Але ніхто неЗамулко 2 ведае, які бой чакае заўтра. У першым радзе (першы справа) – старэйшы брат Васілія Замулкі – Іван. Ваявалі ў складзе 60-й стралковай дывізіі, што ўваходзіла ў 47-ю армію 1-га Беларускага фронта. Дасюль памятаю, з якім незагойным болем, нанова адчуваючы перажытае, расказваў Васіль Іосіфавіч (ён амаль сорак гадоў працаваў фотакорам у раённай газеце), як пасля бою пад Варшавай сярод грудаў забітых шукаў свайго 23-гадовага брата. І не мог знайсці. Нарэшце нехта сказаў, што чырвонаармеец з прозвішчам Замулка значыцца ў спісах загінуўшых і толькі што пахаваны ў брацкай магіле. Гэта было 14 кастрычніка 1944-га. У гэтыя дні дывізія вяла цяжкія баі ў міжрэччы Буг – Нараў – Вісла. Немцы скарысталі выгадны для іх рэльеф, але чырвонаармейцы, якія наступалі на раўніннай мясцовасці, метр за метрам прагрызалі абарону ворага. Замулко 1Толькі 11 – 12 кастрычніка ім давялося адбіць 16 моцных контратак фашыс-таў. Цяжкае становішча арміі ў міжрэччы – яна мела вялікія страты, была крайне стомлена і аслаблена – абмяркоўвалі ў Стаўцы, а неўзабаве быў аддадзены загад: наступленне спыніць і перайсці да жорсткай абароны. Пачыналася падрыхтоўка да кідка праз Віслу. Іменна ў тым кастрычніку загінулі ліпнянцы Сяргей Каберна, Рыгор Лышчык, Міхаіл Пашковіч, Сямён Руцкі… Уладзімір Лышчык пазней загінуў ва Усходняй Прусіі, Іван Шпак – у маі 1944-га, Іван Сабалеўскі – у Германіі ў лютым 1945-га, Васіль Сабалеўскі – у сакавіку 1945-га, Мікалай Рудко і Аляксей Севянюк прапалі без вестак… (У свой час старшыня тутэйшага калгаса Канстанцін Сярмяжка і былы франтавік Васіль Замулка, які вярнуўся дадому без брата, прыклалі нямала намаганняў, каб у Мікалаеве з’явіўся помнік 70-і загінуўшым воінам-землякам).

У тым журботным аповядзе Васіля Іосіфавіча, незадоўга да таго, як ён пайшоў з жыцця, асабліва запомнілася адна акалічнасць: яго брат Іван меў настаўніцкую адукацыю, таму ў яго быў выбар – мог не ісці ваяваць. Але цвёрда сказаў: ”Ідуць равеснікі, землякі, і я пайду…” Без думкі пра тое, што гэта – гераічны ўчынак.

* * *

Помніцца і сустрэча на прыгожай сядзібе ў Ліпне з Васілём Андрэевічам Пархоцікам, якога таксама ўжо няма сярод нас. Яго памяць учэпіста Пархотик 1трымала франтавы шлях 217-га запаснога палка 60-й дывізіі і першы бой пад Варшавай, у прадмесці-крэпасці, якое завецца Прагай. Гітлераўцы не лічыліся са стратамі, кідалі ў бой авіяцыю, танкі і пяхоту. Асабліва жорсткім было іх супраціўленне на вуліцах Прагі, дзе побач змагаліся савецкія і польскія салдаты. У той крывавай мясарубцы Васілю Пархоціку ўдалося выжыць, хоць і быў паранены. Пазней цяжкую кантузію атрымаў ва Усходняй Прусіі, ля горада Шнайдэмюль. Амаль год лячыўся ў палявым шпіталі, нанова вучыўся размаўляць… Дадому вярнуўся толькі ў красавіку 1946-га. Як і яго брат, што трапіў на вайну ў першыя дні яе. Сустрэў вайну пад Ленінградам, дайшоў да Сталінграда, але папаў у палон. Апынуўся ў канцлагеры ў Нарвегіі. Яму Пархотик 2пашчасціла выжыць… Аднак, вярнуліся браты ў спаленую Ліпну. Летам 1944-га пры адступленні фашысты, мабыць, ад злосці падпалілі ў вёсцы кожную хату паасобку, калі сяляне хаваліся ў лесе; ацалела толькі адна, старая гаспадыня якой да апошняга заставалася ў хаце і здолела пагасіць агонь. У гэтай хаце пазней і пяклі хлеб на ўсю вёску. Пакуль зноў будаваліся, жылі ў зямлянках. Сем’ям франтавікоў у першую чаргу вызначалі дзялянкі ў лесе, каб нарыхтоўвалі драўніну на хаты. Наперадзе была цяжкая праца аднаўлення. Маладосць клікала да жыцця.

З той вайны ў Ліпну вярнуліся далёка не ўсе…

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий