Змены ў аплаце надомнага абслугоўвання

699З 1 чэрвеня пастановай Міністэрства працы і сацабароны РБ зацверджана новая Інструкцыя аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацабслугоўвання.

Закупка прадуктаў, прыбіранне ў доме ці кватэры, дастаўка лекаў, афармленне дакументаў, аплата камунальных паслуг – усе гэтыя жыццёвыя клопаты з’яў­ляюцца вялікімі праблемамі для пажылых і інвалідаў. На дапамогу ім прыходзяць сацыяльныя работнікі, якіх у Камянецкім ТЦСАН працуе 99 чалавек. Па стане на чэрвень 2013 года на сацабслугоўванні – 400 чалавек, якія маюць патрэбу ў апецы.

У новай Інструкцыі патлумачаны ўмовы аказання паслуг як платных, так і на бязвыплатнай аснове. Згодна з названым дакументам, на ўмовах частковай аплаты на надомнае абслугоўванне будуць прымацца адзінокія непрацаздольныя грамадзяне (сем’і), сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200% зацверджанага ва ўстаноўленым парадку бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і складае: 60% тарыфу на сацыяльныя паслугі для непрацаздольнага грамадзяніна; 50% тарыфу – для непрацаздольнай сям’і ( на кожнага яе члена). Памер поўнай аплаты для такой сям’і – 80% тарыфу на паслугі для кожнага члена.

Усе адзінокія малазабяспечаныя пажылыя людзі атрымліваюць паслугі дома бясплатна. Больш за 90% пенсіянераў абслугоўваюцца за плату, якая, у залежнасці ад ступені зніжэння рухальнай актыўнасці і ўмоў пражывання, складае ад 30 да 100 тысяч рублёў у месяц. Сярэднедушавы даход непрацаздольнага грамадзяніна разлічваецца індывідуальна для кожнага падапечнага.

Рашэннем Камянецкага райвыканкама №684 ад 29.05.2013 года дазволена прымаць на бясплатнае абслугоўванне адзінокіх інвалідаў I групы незалежна ад памеру атрымліваемай пенсіі; акрамя таго, – і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Заўважу, што сацыяльным абслугоўваннем у раёне ахоплены 134 населеныя пункты, у тым ліку 74 аддаленыя і малыя вёскі, 17 аграгарадкоў, Каменец і Высокае. Дарэчы, у Высокім з 2006 года працуе філіял нашага аддзялення, у якім на абслугоўванні знаходзяцца 167 чалавек.

Вам патрэбна фізічная дапамога або маральная падтрымка? Сацыяльны работнік прыйдзе да Вас. Даведкі па тэлефоне 2-17-21.

Юлія ЛІЦУК,

загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Камянецкага ТЦСАН.

Добавить комментарий