Зелёное жниво в «Агро-Ниве»

Зараз работы ў полі ў самым разгары. Не паспелі трактары вярнуцца з масавай сяўбы, як на чарзе ўжо нарыхтоўка сенажу. Каб было што есці рагулям зімой, вясна-лета – гэта тая пара, калі нельга губляць ні хвіліны.
У СВК “Агра-Ніва” зялёнае жніво распачалося 14 мая. За гэты час ужо скошаны травы на 615 га палеткаў, з якіх вывезлі 1610 тон зялёнай масы. Усяго ж плануецца нарыхтаваць 13,5 тысячы тон сенажу з 1400 га.
У дзень з поля МАЗы кааператыву вывозяць каля 400 тон травы. На сённяшні дзень ужо дзве сянажныя ямы падрыхтаваны да зімы. У кожнай з іх можа захоўвацца 800 тон якаснага корму. А каб гэта было менавіта так, то галоўнае ў працэсе не спяшацца і не марудзіць, а знайсці залатую сярэдзіну. І тады рагулі ацэняць добрую працу тых, хто з самай раніцы да позняга вечара шчыруе ў полі.
Ля Падбур’я, дзе на момант майго наведвання ішла нарыхтоўка зялёнага корму, ні на хвіліну не спыняўся “Ягуар” Валерыя Якубіча. Адна за адной да яго пад’язджалі машыны, каб пажыўную масу адвезці ў сянажныя ямы ля Бушмічаў. Гэта непадалёку, таму на маршрут траціцца не так многа часу.
Як зазначыў галоўны аграном СВК “Агра-Ніва” Віталій Гарчук, хоць з-за засушлівага пачатку вясны травы ў некаторых месцах вельмі слабыя, але траціць час нельга, бо з кожным наступным днём губляецца якасць корму, а гэтага дапускаць нельга. Таму тут высокія тэмпы работы. Пра гэта можна сказаць і гледзячы на сянажныя ямы, якія трамбуюць два “Амкадоры”. Тут рух таксама не спыняецца, бо амаль кожныя пяць хвілін падвозіцца новая партыя правяленай зялёнай масы. І ў гэтай справе марудзіць нельга, бо можна сапсаваць увесь корм. Мабыць, па гэтай прычыне на ямах працуюць вельмі асцярожна, абдумваючы кожны наступны рух трактара. Безумоўна, на плячах мужчын, што задзейнічаны на траншэях, ляжыць вялікая адказнасць за справу, якую яны робяць.
У кааператыве не адзін год практыкуюцца не толькі ямы для захоўвання сенажу, але і сянаж у рулонах. Гэта тэхналогія вядома ўжо многім, але хочацца нагадаць, што ў такім высакаякасным корме няма кансервантаў. І таму менавіта ён апошнім часам карыстаецца высокай папулярнасцю не толькі ў гаспадарках, але і фермераў. У “Агра-Ніве” з палёў звезены яшчэ не ўсе гатовыя рулоны, але ля фермы ў Бушмічах сфарміравалася ўжо немаленькая зялёна-белая паляна “коканаў”, якія гатовы вось-вось пайсці на корм рагулям. У адным рулоне знаходзіцца 400 кілаграмаў зялёнай масы. Усяго ўжо сенажу ў рулонах нарыхтавана каля 300 тон. І гэта, як гаворыцца, “не предел”. Пакуль ёсць магчымасць – нельга яе ўпускаць. Менавіта так лічаць у СВК “Агра-Ніва”.
Работы па нарыхтоўцы сенажу хопіць яшчэ не на адзін дзень. Але гэта не можа не радаваць, бо будзе работа – будзе і ежа, не толькі ў рагуль, але і на сялянскім стале. Усё будзе, толькі не падвяло б надвор’е…

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара

Добавить комментарий