Жыць – годна

ТЦСОН“Абараняючы годнасць інвалідаў, мы абараняем уласны чалавечы твар”. Такімі словамі завяршыла свой аповяд падчас інтэрв’ю напярэдадні Дня інвалідаў дырэктар Камянецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Шаблінская. Мудрае сцверджанне, безумоўна, заслугоўвае таго, каб яго вынеслі ў самы пачатак гэтага тэксту, што і раблю з вялікай ахвотай. Што ж прадпрымаюць на Камянеччыне для таго, каб годнасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі была пад надзейнай абаронай? Паслухаем…

– Колькі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў нашым раёне?

– На Камянеччыне жывуць 1516 інвалідаў першай і другой груп, 187 з іх – людзі працаздольнага ўзросту. Акрамя таго, ёсць 120 маладых інвалідаў ва ўзросце ад 18 да 31 года і 113 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 124 дзіцяці-інваліды.

– Што робяць у раёне для іх камфорту?

– Актыўна рэалізуем Дзяржаўную праграму па стварэнні без­бар’ернага асяроддзя жыцця­дзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011-2015 гады.

– А калі больш канкрэтна?

– Створаны прыстасаванні для свабоднага доступу інвалідаў у будынкі і ўстановы сацыяльнага прызначэння. Напрыклад, Камянецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва абсталяваны поручнямі, «кнопкамі выкліку спецыяліста», а аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў – пандусам.

Для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата і інвалідаў па зроку ў Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы працуе ліфт з гукавым абвяшчэннем паверхаў. Устаноўлены пандус у адміністрацыйным будынку райвыканкама. Стаянкі транспартных сродкаў пры асноўных аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры пазначаны адпаведнымі дарожнымі знакамі для інвалідаў.

У большасці дамоў Каменца, Белавежскага, Высокага, Камянюкаў, дзе пражываюць інваліды па зроку, кантрасна афарбаваныя проступі першай і апошняй прыступкі лесвічнага марша пры ўваходзе і ўнутры дамоў.

Пастаянна абнаўляецца дарожная разметка на пешаходных пераходах у Каменцы і Высокім, для зручнасці інвалідаў-калясачнікаў перасячэнне пешаходных пераходаў з праезнай часткай выконваецца з паніжэннем бартавога каменя.

– Якія яшчэ віды дапамогі аказваюцца грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі?

– Штогод рашэннем райвыканкама браніруюцца месцы для іх працаўладкавання. Гэта дапамагае ў прафесійнай і працоўнай рэабілітацыі. Сёння ў аддзеле занятасці стаяць на ўліку 2 асобы з абмежаванымі магчымасцямі. Пры пастаноўцы на ўлік інваліды знаёмяцца з вакансіямі, што ёсць у раёне, графікам прафесійнага навучання, умовамі атрымання субсідыі для адкрыцця сваёй справы.

На базе раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі функцыянуе клас для дзяцей з цяжкімі шматлікімі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі.

Карысныя звесткі прававога характару інваліды і члены іх сем’яў атрымліваюць у публічных цэнтрах прававой інфармацыі Відамлянскай, Пелішчанскай і Камянюцкай сельскіх бібліятэк, цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ігнатоўскага, Высокаўскай дзіцячай.

Інваліды, якім пастаянна неабходныя сродкі рэабілітацыі, забяспечваюцца імі праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У ТЦСАН працуе пункт пракату такіх сродкаў. Сёння ў карыстанні 29 інвалідных крэслаў-калясак і 34 апорныя каляскі.

Спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі нашага цэнтра дапамагаюць у рэабілітацыі інвалідам па зроку.

За тры кварталы 2015 года са сродкаў Фонду сацабароны насельніцтва матэрыяльная дапамога аказана 71 інваліду і 15 сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі, аднаразовай сацыяльнай дапамогі, сацыяльнай дапамогі на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, падгузнікаў аказана 375 грамадзянам на суму 835 969,9 тысячы рублёў.

Сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома абслугоўваюць 418 чалавек, 95 з іх – інваліды агульнага захворвання.

Сёлета ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў залічаны адзін выпускнік цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У аддзяленні створана матэрыяльна-тэхнічная база і цудоўныя ўмовы для арганізацыі комплекснай адаптацыі і рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У Высокім дзейнічае клуб для бацькоў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. Сёння ў ім – 15 чалавек.

У снежні 2014 года адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, сярод 34 наведвальнікаў якога 6 інвалідаў. Для прадстаўнікоў залатога ўзросту працуюць 7 гурткоў і 2 клубы.

– Якія мерапрыемствы плануецца прымеркаваць да Дня інвалідаў у нашым раёне?

– Спецыялісты цэнтра правядуць сустрэчу-кансультацыю для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і маладых інвалідаў «У праблеме вы не адзінокія» ў Каменцы і Высокім. 26 лістапада ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй.

Плануюцца таксама дабрачынныя акцыі “Мы – разам”, “Міласэрнасць”, “Інваліду – кнігу дадому”, да якіх спрычыняцца цэнтральная раённая бібліятэка, раённыя арганізацыі РГА “Белая Русь” і ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама плануе шэраг мерапрыемстваў у сельскіх і гарадскіх дамах культуры.

Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий