Жыллё – арэнднае ці сваё

98707756_3352215_462930108Больш за два гады прайшло з часу падпісання Указа Прэзідэнта №512 «Аб некаторых пытаннях выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду». Менавіта гэты заканадаўчы акт даў старт развіццю такога накірунку ў жыллёвай палітыцы, як арэнднае жыллё. З’яўляецца яно альтэрнатывай прыватнай уласнасці ці формай вырашэння кватэрнага пытання? Больш падрабязна аб гэтым – у гутарцы з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Дзмітрыем АСТАШЭНЕМ.

– Дзмітрый Анатольевіч, што ж такое арэнднае жыллё?

– Найперш трэба сказаць, што дзяржаўны жылы фонд уключае ў сябе жылыя памяшканні, якія знаходзяцца ў гаспадарчым распараджэнні або аператыўным кіраванні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, у тым ліку жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, у інтэрнатах, спецыяльныя жылыя памяшканні і жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання. Менавіта аб фарміраванні фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання і вядзецца гаворка, або фонду так званага арэнднага жылля. Вызначана: да 1 красавіка 2014 года перавесці ў фонд арэнднага жылля ўсе заселеныя службовыя і спецыяльныя жылыя памяшканні. Над чым мы сёння і працуем. У Камянецкай ЖКГ складаюцца спісы службовага заселенага жылля і спісы свабодных (выслабаненых) жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду. А пасля 1 ліпеня 2016 года будуць уключаны ў фонд арэнднага жылля і непрыватызаваныя на названую дату грамадзянамі дзяржаўныя кватэры. Калі не прыватызуюць, значыць, кватэры застануцца дзяржаўнымі і за іх прыйдзецца плаціць як за арэнднае жыллё.

– У раённай газеце ўжо з’яўляліся паведамленні аб прадастаўленні грамадзянам кватэр у часовае ўладанне і карыстанне за адпаведную плату. Хто мае шансы на засяленне? Ці магчыма атрымаць арэнднае жыллё, так сказаць, чалавеку з вуліцы?

– Тыя першыя паведамленні датычыліся кватэр нядобраўпарадкаваных і тых, дзе відам добраўпарадкавання было толькі халоднае водазабеспячэнне. OLYMPUS DIGITAL CAMERAТаму, вядома, сярод грамадзян, хто стаіць у чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прэтэндэнтаў на гэтае свабоднае жыллё не было. Яго аддалі ў арэнду паводле пададзеных заяў, нават грамадзяніну, які прыехаў у райцэнтр на працу.

Але калі ўлічыць, што пададзена некалькі заяў на свабодную арэндную кватэру, дык у першую чаргу яна будзе размяркоўвацца сярод тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і хто напісаў заяву раней. На 1.01.2014 года ў раёне ў чарзе 1615 чалавек, у тым ліку ў Каменцы – 747 і ў Высокім – 322. Заўважу, што інфармацыя аб арэндным жыллі размяшчаецца ў даволі кароткі тэрмін, за ёю трэба пастаянна сачыць, каб быць «у курсе» наконт свабоднага арэнднага жылля.

– Грамадзянін убачыў у раёнцы інфармацыю аб арэнднай кватэры. Што яму трэба рабіць далей?

– Падаць заяву з указаннем кватэры, на якую прэтэндуе, па месцы пастаноўкі ў чаргу маючых патрэбу і прад’явіць дакументы, што пацвярджаюць асобу. Заяву прымуць у 15-дзённы тэрмін, потым яна будзе разгледжана і прынята рашэнне – прадаставіць жыллё ці адмовіць. Пытанне аб прадастаўленні жылля маючым патрэбу разглядаецца ў залежнасці ад даты пастаноўкі на ўлік, гэта значыць, прыярытэтнае права ў тых, хто даўжэй стаіць у чарзе. А калі сярод тых, хто падаў заяву, такіх асоб не будзе, дык усе шансы атрымаць арэнднае жыллё з’явяцца ў іншых.

– На які тэрмін заключаецца дагавор арэнды?

– Фонд арэнднага жылля ў раёне – гэта другасны рынак, таму дагавор найму першапачаткова заключаецца на 1 год з правам яго далейшага прадаўжэння да 5-і гадоў.

– Колькі каштуе арэнднае жыллё?

– Велічыня арэнднай платы ўстаноўлена ўрадам у памеры 20% базавай велічыні за адзін квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання. Сёння гэта 26 тысяч рублёў. Плюс каэфіцыенты, якія вызначае аблвыканкам у залежнасці ад месцазнаходжання і добраўпарадкавання жылога памяшкання, яны могуць быць паніжаючыя. Не трэба забываць і пра камунальныя паслугі, якія аплачваюцца асобна.

– На якіх падставах могуць выселіць з арэнднага жылля?

– Пасля заканчэння тэрміну дзеяння дагавора найму або за несвоечасовую аплату жыллёва-камунальных паслуг. А пакуль жыльцы арэнднага жылля спраўна аплачваюць камунальныя расходы і арэнду дзяржаве, яны могуць не хвалявацца: з кватэры іх не выселяць.

– Ці можна выкупіць арэнднае жыллё?

– Паводле Указа №512, памяшканні камерцыйнага выкарыстання не належаць прыватызацыі. Іх нельга перадаваць, прадаваць, заключаць дагаворы паднайму. Дагавор найму пры неабходнасці можна перааформіць на паўналетняга члена сям’і. Пры гэтым умовы пражывання застаюцца ранейшымі.

– Значыць, арэнднай кватэрай могуць карыстацца грамадзяне з пакалення ў пакаленне?

– Так, гэта іх права.

Альтэрнатыва ёсць?

Да сказанага ў гутарцы хацела б дадаць, што кожнае новаўвядзенне ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы ўспрымаем неадназначна. Так, з уступленнем у сілу новага Жыллёвага кодэкса нязвыкла  аплачваць жыллё ў службовых памяшканнях. Да гэтага фактычна ўсё дзяржаўнае жыллё з’яўлялася сацыяльным, за яго не плацілі нічога. З увядзеннем арэнднага  панікуем, што не кожная сям’я можа дазволіць сабе несці выдаткі па арэндзе кватэры. Але гэта сёння. І цяжка пакуль прагназаваць будучы вынік. Несумненны плюс арэнды жылля ў дзяржавы маладым сем’ям. Купля кватэры абыдзецца ім у значную суму. Нават крэдыты на льготных умовах будуць забіраць большую частку зарплаты. А дзяржава – не прыватнік. Ды і плата за жыллё ніжэй за сярэднія расцэнкі ў прыватніка, які сёння, напрыклад, у Каменцы, за аднапакаёвую кватэру без мэблі просіць 100 долараў. А з дзяржавай дагавор найму можна перапісаць на дзяцей. Прадугледжаны меры і для неабароненых слаёў насельніцтва. Калі грамадзяне не змогуць або не захочуць па тых або іншых прычынах прыватызаваць свае кватэры, але маюць права на атрыманне сацыяльнага жылля, дык шляхам хадайніцтва гэтыя кватэры могуць быць пераведзены ў разрад сацыяльных, і не трэба будзе плаціць арэндную плату.

Такім чынам, арэнднае жыллё – адна з форм вырашэння жыллёвай праблемы, альтэрнатыва прыватнай арэндзе і будаўніцтву ўласнага жылля. Гэта пакуль новы накірунак у нас, але ён характэрны для многіх краін свету. Так, да слова: доля арэнднага жылля ў Германіі складае 60% (у Берліне толькі кожная дзясятая сям’я жыве ва ўласнай кватэры – гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе), у Швецыі – 57%, Даніі – 44, у Японіі і ЗША – парадку 34%. У той жа час у Беларусі ў прыватнай уласнасці знаходзіцца каля 85% жылля. Але калі супаставіць сённяшнія цэны на арэнднае жыллё з коштам будаўніцтва кватэр нават па льготных крэдытах, атрымаецца, што арэнда больш даступная.

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий