Жыллёвы кодэкс і “арыфметыка” для неплацельшчыкаў

З 2 сакавіка 2013 года ўступае ў сілу новы Жыллёвы к0177одэкс Рэспублікі Беларусь. Ён утрымлівае шэраг новаўвядзенняў у пытаннях аплаты жыллёва-камунальных паслуг, пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, высялення з жылых памяшканняў. Для адных дакумент дасць значна больш правоў і магчымасцей, для другіх стане пуцёўкай на пагаршэнне жыллёвых умоў. Асабліва гэта датычыць злосных неплацельшчыкаў за камунальныя паслугі.

А ці ёсць такія ў нашым раёне? Аказваецца, ёсць. На 1 студзеня 2013 года пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва склала 76 млн. рублёў. Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі дзеляць яе на некалькі перыядаў: да 3 месяцаў, звыш 3 месяцаў, звыш 6 месяцаў да 1 года, звыш 1 года да 3 год і звыш 3 год. Як зазначыў начальнік абаненцкага аддзела Камянецкай ЖКГ Мікалай Бондар, найбольш завінаваціліся неплацельшчыкі за час звыш 1 года да трох і звыш трох год – адпаведна 27 і 26 млн. рублёў.

Якія меры ўздзеяння прымаюцца? Мікалай Бондар запэўніў, што праводзіцца цэлы комплекс мерапрыемстваў. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, аплата жыллёва-камунальных паслуг павінна праводзіцца да 25 чысла месяца, які ідзе за разліковым. Пры несвоечасовай аплаце налічваецца пеня ў 0,3% за кожны дзень пратэрміноўкі. Калі ў грамадзяніна запазычанасць складае два і больш разліковыя перыяды і ён не пагасіў яе на працягу 5 дзён пасля ўручэння папярэджання, жыллёва-камунальная гаспадарка прыпыняе прадастаўленне дадзеных паслуг (гарачай і халоднай вады, электрычнасці). Для пагашэння запазычанасці райвыканкам аказвае адрасную дапамогу са сродкаў мясцовага бюджэту шматдзетным сем’ям і маламаёмным грамадзянам, магчыма прыняцце рашэнняў па рэструктурызацыі пратэрмінаванай запазычанасці грамадзян шляхам прадастаўлення растэрміноўкі па яе пагашэнні пры ўмове аплаты бягучых плацяжоў. Таксама спісваецца пеня тым, хто па ўважлівых прычынах мае запазычанасць, але плаціць асноўны доўг (па рашэнні райвыканкама, узгодненым з аблвыканкамам). Калі ж даўгі растуць, а неплацельшчыку ўсё нішто, натарыус афармляе выканаўчыя надпісы з наступнай перадачай у службу судовых выканаўцаў суда Камянецкага раёна.

Такія меры маюць уздзеянне. Але ёсць пэўная катэгорыя грамадзян, якія свядома ігнаруюць выкананне сваіх абавязкаў па аплаце спажытых камунальных паслуг. Што ўзяць з тых злосных неплацельшчыкаў, калі ў іх кішэнях вецер гуляе, афіцыйных даходаў няма. Адным словам, п’янтосы, дармаеды…

Якія ж эфектыўныя меры барацьбы з камунальнымі неплацяжамі прапануе новы Жыллёвы кодэкс?

Што датычыць аплаты жыллёва-камунальных паслуг, яна ўключае ў сябе плату за тэхнічнае абслугоўванне, бягучы і капітальны рамонты, камунальныя паслугі. Гэта абавязковыя плацяжы. Акрамя таго, наймальнікі дзяржаўнага жылля будуць абавязаны ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем.

Вельмі дакладна вызначаны падставы для высялення грамадзян з займаемых імі жылых памяшканняў. У першую чаргу гэта даўжнікі, якія нерэгулярна аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі (норма распаўсюджваецца толькі на тых, хто жыве ў дзяржаўных кватэрах і інтэрнатах). Калі наймальнікі і паўналетнія члены іх сем’яў не пагасілі шасцімесячныя камунальныя даўгі і запазычанасць за карыстанне жылым памяшканнем без уважлівых прычын, яны могуць быць выселены ў судовым парадку з прадастаўленнем другога жылога памяшкання. Пры гэтым “новае” жыллё будзе не толькі меншым за папярэдняе па агульнай плошчы, але і горшым па спажывецкіх вартасцях, можа знаходзіцца ў іншым населеным пункце ў межах раёна.

У адносінах уласнікаў прыватызаванага жылля таксама прадугледжаны магчымасці па ўрэгуляванні ў судовым парадку пытання аплаты камунальных паслуг. Калі уласнік на працягу шасці месяцаў без уважлівых прычын не аплачвае паслугі ЖКГ, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган пісьмова папярэдзіць яго аб гэтым (даецца адзін месяц на пагашэнне запазычанасці). Справа не зрушыцца з месца, бо ва ўласніка не будзе такой маёмасці, каб за кошт яе заплаціць даўгі? Тады мясцовыя органы падаюць у суд іск аб прымушэнні ўласніка прадаць жыллё. На працягу года пасля ўступлення ў сілу рашэння суда неплацельшчык будзе абавязаны пакінуць займаемую жылплошчу. У выпадку прымусовага продажу жылога памяшкання яго былому ўласніку мясцовыя органы абавязаны на працягу двух месяцаў прадаставіць іншае жылое памяшканне, магчыма, меншых памераў па агульнай плошчы і горшай вартасці, нават у іншым населеным пункце. А за кошт выручаных ад продажу кватэры грошай пагашаецца запазычанасць уласніка па жыллёва-камунальных плацяжах, набываецца для яго іншае жыллё, а рэшта выплачваецца яму самому.

Вось такая няхітрая арыфметыка вяртання даўгоў. Магчыма, яна дапаможа камунальнікам расплачвацца з пастаўшчыкамі за паліўна-энергетычныя рэсурсы. А як лічыце вы?

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий