Жыллёвае будаўніцтва – пад увагай парламентарыяў

P5227375 ааЗ 22 па 24 мая адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве на тэму “Практыка прымянення заканадаўства ў сферах жыллёвых адносін і гандлю на прыкладзе арганізацый Брэста і Брэсцкай вобласці і яго ўдасканаленне”. У першы дзень пасяджэння ўдзельнікі мерапрыемства наведалі наш раён. Яны пабывалі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Белавежскі” і Нацыянальным парку “Белавежская пушча”.

2 сакавіка бягучага года ўступіў у сілу Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае прыняцце падзаконных нарматыўных прававых актаў. Апошнія вызначаюць правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, а таксама парадак даследавання стану шматкватэрных, блакіраваных і аднакватэрных жылых дамоў і іх тэрыторый, кватэр у шматкватэрных і блакіраваных дамах і іншае.

Перад парламентарыямі пры наведванні Брэстчыны стаялі задачы: вывучыць практыку прымянення жыллёвага заканадаўства на прыкладзе арганізацый, якія здзяйсняюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама абмеркаваць праблемныя пытанні ў прымяненні прававых палажэнняў новага Жыллёвага кодэкса. Прапановы па ўдасканаленні жыллёвага заканадаўства, разгледжаныя падчас выязнога пасяджэння камісіі, будуць сістэматызаваны, прааналізаваны і ўлічаны пры дапрацоўцы адпаведных праектаў законаў.

22 мая дэлегацыя гасцей на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Белавежскай выбарчай акрузе №8, Старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Уладзімірам Пузырэўскім завітала на Камянеччыну. У выязным пасяджэнні прынялі ўдзел яго намеснікі і вядучыя спецыялісты. На Камянецкай зямлі дэлегацыю сустракалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Пісарык і генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі” Юрый Мароз. Юрый Дзмітрыевіч падзяліўся з гасцямі вопытам будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці і забеспячэння работнікаў жылымі памяшканнямі, пасля чаго правёў экскурсію па пасёлку, каб дэлегаты на свае вочы змаглі ўбачыць, як жывуць працаўнікі “Белавежскага”.

На пытанні сродкаў масавай інфармацыі, што датычаць жыллёвай палітыкі, адказаў Уладзімір Пузырэўскі, які адзначыў, што “ўсюды прысутнічае чалавечы фактар. З прыходам Юрыя Мароза за апошнія гады паднялася эканоміка “Белавежскага”. З’явіліся грошы… Пабудавана каля 90 дамоў для працаўнікоў гаспадаркі. У асноўным засяляюцца туды маладыя спецыялісты. Усё жыллё, якое здаецца ў эксплуатацыю, з усімі выгодамі, сучаснай планіроўкай… Калі гаварыць у цэлым аб сельскім будаўніцтве ў Брэсцкай вобласці, то для прыкладу можна прывесці не толькі ўнікальны вопыт гэтай гаспадаркі. Побач знаходзіцца “Відамлянскае”, дзе яшчэ больш пабудавана жылля за апошні час– 120 кватэр, “Астрамечава”…

На пытанні журналістаў адказалі таксама намеснік Старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Аляксандр Ярашэвіч, Андрэй Пісарык і Юрый Мароз.

Пасля “Белавежскага” дэлегаты накіраваліся ў “Белавежскую пушчу”, дзе сустрэліся з кіраўніцтвам Нацыянальнага парка і абмеркавалі пытанні развіцця гандлю і грамадскага харчавання на тэрыторыі пушчы, разгледзелі прапановы па іх рашэнні на заканадаўчым узроўні.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий