Жніўная мазаіка

1265421009_84897_1У лік дзяржпаставак – збожжа…

На Брэсцкі хлебакамбінат ужо вывезена 6 тыс. тон збажыны (у асноўным пшаніцы), а гэта 37% да задання. Тэрміны выканання дзяржзаказу – да 1 верасня. Найбольш актыўна продаж збожжа дзяржаве вядуць “Відамлянскае”, “Агра-Турна”, “Макарава-Агра”. Дадаткова задзейнічаны і транспарт райаг­расэрвіса паводле заявак гаспадарак.

Піваварнага ячменю на “Белсолад” дастаўлена ўжо 2700 тон (71% да плана); сонца і перыядычныя дажджы спрыялі аптымізацыі ўтрымання бялку ў зерні, адпаведнасці яго тэхналагічным патрабаванням.

…і рапс

Працягваецца продаж насення рапсу, уборку якога завяршылі ўсе гаспадаркі, акрамя «Агра-Зарэчча». На 9 жніўня рапсу вывезена 8630 тон (74% да плана) на перапрацоўку на “Аграпрадукт” (8200 тон) і 430 тон – на Бярозаўскі камбікормавы. Рапс у ліку найбольш рэнтабельных культур – за 1 тону алейнага насення для харчовых мэтаў дзяржава плаціць 3 млн. 500 тыс. рублёў, для тэхнічных – 3 млн. 260 тыс. Сярэдняя ўраджайнасць склала 24,6 ц/га.

Сёння – пра азіміну

Вызваляецца поле ад саломы – пачынаецца падрыхтоўка яго да азімай сяўбы. Пад азіміну запланаваны, як і летась, 4300 га; падрыхтаваны да сяўбы ўжо 1700. Найбольш арганізаваная гэта работа ў “Белавежскім” і “Відамлянскім”. У насенным фондзе гаспадарак ужо 1200 тон зерня азімых сартоў, праверанага ў насеннай інспекцыі. Будзе закуплена 300 тон элітнага насення.

Крупяное поле

Да ўборкі на крупяныя мэты – проса (527 га) і грэчка (382 га). Апошняй найбольш маюць у “Відамлянскім” – 100 га, і ўжо на 70-і з іх грэчка ўбрана. Кожны гектар дае важкі ўраджай – у сярэднім 17,6 ц зерня. Гэта не толькі будучыя грэцкія крупы, але і насенны фонд. Грэчку сёлета не сеялі толькі ў “Каленкавічах”, “Макараве-Агра”, “Усходзе-Каменцы” і “Хадасах”. А прасяны палетак – у кожнай гаспадарцы, і ён пашырыўся ў параўнанні з леташнім на 50 га. Вось-вось пачнецца ўборка проса.

Люцэрнавая выгада

Каралева кармавых культур дае да пяці ўкосаў за лета, забяспечвае жывёлу бялком, а глебу – дармавым азотам. Вядома, калі яе даглядаць. У нашым раёне прыжыліся шэсць селекцыйных сартоў люцэрны. (выведзена іх больш за 200). Дзякуючы ёй у зялёным канвееры падаўжаецца сезон “вялікага малака”. Люцэрнавае поле штогод пашыраецца, у т. л. і сёлета – на 300 га, і займае цяпер 3200 га, кожны з якіх за сезон дае да 400 ц зялёнай масы.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий