«Другой профессии для себя не представляла…»

Ганна Валер’еўна Грушэўская – настаўніца Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў, рэгент царкоўнага хору, кіраўнік вакальнай групы “Гармонія”. На яе рахунку шмат розных узнагарод, яе калектывы займаюць першыя месцы на музычных фестывалях. У чым жа сакрэт яе прафесійнага поспеху? Аб гэтым сённяшняя гутарка…
– Ганна Валер’еўна, раскажыце, калі ласка, з чым звязаны Ваш выбар прафесіі? Чаму Вы вырашылі прысвяціць свае жыццё музыцы?
– Пачну з таго, што пачатковую музычную адукацыю атрымала ў 21-й школе Брэста, там у мяне быў вельмі добры настаўнік Анатолій Антонавіч Шэлест, ён зараз працуе дырэктарам гэтай школы. Тады ён быў кіраўніком цудоўнага канцэртнага хору, у якім я спявала. У складзе гэтага калектыву налічвалася больш за пяцьдзясят чалавек. Мы часта канцэрціравалі. Дзе толькі ні былі! І на Кубані, і ў Польшчы… Гледзячы на такі моцны прыклад у асобе Анатолія Антонавіча, я зразумела, што буду харавіком, кіраўніком хору. Іншай прафесіі для сябе не бачыла.
– Вашы калектывы з’яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх конкурсаў, за што і атрымліваюць розныя граматы, дыпломы, каштоўныя ўзнагароды. Усё гэта набываецца нялёгка. Скажыце, наколькі Вам цікавая конкурсная дзейнасць?
– Вельмі цікавая, таму што на конкурсах магчыма паказаць усё, над чым мы працавалі ўвесь час. Калі калектыў існуе, але не канцэрціруе і нікуды не выязджае – гэта дарэмная справа. Дзеці вучацца, і ім трэба свае веды камусьці паказаць, атрымаць адабрэнне. Таму мы і ездзім на розныя конкурсы і фестывалі, каб паказаць сабе.
– З чым звязана цяжкасць працы настаўніка, на Ваш погляд? Некалькі слоў пра асаблівасці яе спецыфікі…
– Па-першае, цяжкасць гэтай працы ў тым, што прыходзіцца працаваць з рознымі дзецьмі. Па-другое, у агульнаадукацыйныя школы дзеці ходзяць у любым выпадку, а мы павінны ўтрымаць вучня, зацікавіць яго. Калі яму не спадабалася, ён пакідае школу мастацтваў. Спецыфіка ж нашай працы такая, што мы павінны прывіць любоў і матывацыю да навучання. Трэба, каб дзеці хацелі ісці да нас не як на гурток, а ўсё ж такі як у сур’ёзную навучальную ўстанову. А мы імкнемся ствараць усе ўмовы для іх камфортнага навучання.
– Назавіце якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны настаўнік. Чаго не хапае пачынаючым педагогам?
– Сапраўдны педагог павінен валодаць мудрасцю і цярплівасцю. Ён павінен паважаць дзяцей, бачыць у іх людзей. Педагогу трэба знайсці падыход да кожнага дзіцяці. З цягам часу ўсё гэта прыйдзе і да маладых спецыялістаў. Каб разумець дзіцячую псіхалогію, патрэбен вопыт, які прыйдзе пасля. Яшчэ адносіны да дзяцей змяняюца тады, калі сама становішся мамай.
– Вы з’яўляецеся рэгентам і часта прымаеце ўдзел у розных царкоўных фэстывалях, за што неаднаразова атрымлівалі дыпломы. З чым звязаны выбар такой дзейнасці?
– Яшчэ калі вучылася ў Брэсцкім музычным вучылішчы (цяпер гэта Брэсцкі музычны каледж), мяне запрасілі ў царкоўны хор. Пасля заканчэння вучылішча тры гады працавала рэгентам – кіраўніком царкоўнага хору – у Брэсцкім кафедральным саборы. Мне, як харавіку, гэты пласт мастацтва быў цікавы. Таму я аддаю перавагу і гэтаму віду дзейнасці таксама.
– Ганна Валер’еўна, Вы – заняты чалавек, і прафесія патрабуе большую частку часу. Чым Вы займаецеся у вольны час, ці ёсць у Вас хобі?
– С панядзелка па суботу я працую ў школе. У нядзелю я знаходжуся ў храме, кірую царкоўнымі хорамі. Шкада, але ў мяне няма вольнага часу, мае хобі непасрэдна звязаны з маёй прафесіяй.
– Ваша жыццё непарыўнае з музычнай дзейнасцю. Якім напрамкам музыкі Вы аддаеце перавагу? Што слухаеце ў вольны час?
– Увогуле нічога не слухаю. За дзень у мяне накопліваецца празмернасць музыкі, таму ў вольны час я ад яе адпачываю.
– Вы – маці дачкі і сына. Кім бачыце іх у будучыні, ці збіраецца хто-небудзь з іх пайсці па Вашай сцежцы?
– Будучыню сваіх дзяцей яшчэ не ведаю, ім мала гадоў, каб ужо сур’ёзна задумацца аб тым, кім яны стануць. У любым выпадку дзеці самі выберуць тое, што ім больш падабаецца. Я не буду навязваць, але буду імкнуцца паўплываць на іх выбар.
– Дзякуй Вам, Ганна Валер’еўна, за размову. Усяго Вам самага добрага, творчых дасягненняў у Вашай працы.

Гутарыла студэнтка
2-га курса Інстытута журналістыкі БДУ
Дар’я Гізун
Фота аўтара

Добавить комментарий